Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20:55 25 мая 2017
3
Памер шрыфта

У 60 кіламетрах ад АЭС

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік быў створаны ў 1988 годзе на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Яго дырэктар Пётр Кудан родам з гэтых мясцін. Аб трагедыі і яе наступствах ведае не па чутках.

За два тыдні да аварыі я стаў кіраўніком гаспадаркі ў Брагінскім раёне, распавядае Пётр Міхайлавіч. – На маіх вачах праводзіліся мерапрыемствы па ліквідацыі наступстваў трагедыі, перасяленні людзей з забруджаных тэрыторый. Сітуацыю ведаю не па кнігах – гэта маё жыццё.

У запаведнік мы, журналісты прэс-тура, арганізаванага Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, трапляем праз кантрольна-прапускны пункт «Бабчын». Гэта назва вёскі, у якой на момант выбуху пражывала 728 чалавек. Актыўнае адсяленне мясцовых жыхароў, паводле слоў дырэктара запаведніка, пачалося 4 мая 1986 года.

Шчыльнасць забруджвання стронцыем менавіта на гэтай тэрыторыі дасягае да 10 кюры на квадратны кіламетр, – тлумачыць Пётр Кудан. – А паводле нашага заканадаўства 3 кюры – ужо зона адчужэння. Нягледзячы на ​​тое, што адсюль да атамнай станцыі 60 кіламетраў, нават ускраіна запаведніка ўяўляе пэўную пагрозу для жыхароў і персаналу.

Перад тым як заехаць углыб 30-кіламетровай зоны адчужэння, пераапранаемся ў пункце ўніверсальнай санітарнай апрацоўкі. У гэтым месцы персанал, перш чым пакінуць межы запаведніка, праходзіць дазіметрычны кантроль і санітарную апрацоўку. Гэта робіцца для таго, каб радыяцыйныя элементы не трапілі за тэрыторыю на вопратцы або аўтамабілях супрацоўнікаў.

Каля 50–60 працэнтаў тэрыторыі запаведніка  некалькі тысяч гадоў будуць непрыдатныя для жыцця людзей, распавядае дырэктар экалагічнага аб’екта. Займацца актыўнай гаспадарчай дзейнасцю тут таксама нельга.

На землях, дзе да красавіка 1986 года ішло звычайнае жыццё, цяпер мноства закінутых і забітых дамоў. На гэтай тэрыторыі староннім асобам знаходзіцца забаронена.

Навукоўцы запаведніка займаюцца не толькі даследаваннямі, звязанымі з уплывам радыеактыўных элементаў на жывыя арганізмы.

– Нашы супрацоўнікі займаюцца таксама праблемамі тэхналагічнага характару, – кажа Пётр Кудан. – Эксперыменты скіраваны на тое, каб даць адказы на пытанне, якая вытворчасць можа быть наладжана насельніцтвам, што тут пражывае, на набліжаных да зоны тэрыторыях.  Вывучаем магчымасці атрымання  таварнага мёду, вырошчвання садовых культур, а таксама рэдкіх паўднёвых – персікаў і абрыкосаў.

На гэтых землях адпрацоўваліся розныя тэхналогіі. Нельга сказаць, што ўсе яны далі станоўчы вынік, але, напрыклад, персік, які, дарэчы, у іншых рэгіёнах Беларусі амаль не вырошчваюць, мае мінімальнае ўтрыманне радыенуклідаў.

Паводле слоў спецыяліста, адсутнасць людзей спрыяльна паўплывала на жывёльны свет у гэтых месцах. Але пазбегнуць назапашвання радыенуклідаў ім, вядома, не ўдалося.

– Асабліва высокія ўзроўні радыяцыі ў драпежнікаў, – тлумачыць Пётр Кудан. – Усё залежыць ад харчавання: калі дзік пастаянна рыецца ў зямлі, заглынае з рэшткамі ежы мікрачасціцы глебы, то ў яго будзе анамальна высокі ўзровень забруджвання.

Гаспадарчая дзейнасць у запаведніку

Сёння на тэрыторыі, не прыдатнай для жыцця, знаходзіцца 92 былыя населеныя пункты. Да аварыі тут працавалі 25 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і пражывалі 22 тысячы чалавек, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы.

– Асобныя вёскі з анамальнымі ўзроўнямі выпадзення на іх радыяцыйных элементаў былі пахаваны яшчэ ў першыя гады пасля аварыі, – распавядае Пётр Кудан. – Ніякай перспектывы для далейшага жыцця ўжо не было. Насельніцтва выязджала з надзеяй вярнуцца праз некаторы час. Але гэтага не адбылося.

Пасля ўдакладнення абстаноўкі ў 1993 годзе, калі інфармацыя пайшла ўжо не ад вайскоўцаў, а цывільных спецыялістаў, да запаведніка далучылі яшчэ 85 тысяч гектараў забруджаных земляў. Сёння агульная плошча складае 216 тысяч гектараў.

Тэрыторыя экалагічнага аб’екта падзелена на дзве зоны: абсалютна запаведная з анамальна высокім узроўнем забруджвання і эксперыментальна- гаспадарчая. Апошняя – гэта тая зямля, на якой, паводле разлікаў навукоўцаў, магчыма нейкая дзейнасць. У запаведніку, дарэчы, нарыхтоўваюць драўніну, вырабляюць мёд, вырошчваюць племянных коней.

– У цэлым на тэрыторыі запаведніка выпала каля 30 працэнтаў цэзію і 70 працэнтаў стронцыю ад усёй колькасці па Беларусі, – тлумачыць Пётр Міхайлавіч. – Але найбольш небяспечны элемент – плутоній-241, які пасля перыяду паўраспаду (14,4 года) ператвараецца ў амерыцый-241. Паводле разлікаў навукоўцаў, да 2056 года радыяцыйнае становішча на гэтай тэрыторыі будзе пагаршацца з-за актыўнага ўтварэння амерыцыю-241.

На тэрыторыі запаведніка таксама знаходзіцца навукова-эксперыментальная станцыя «Масаны». Гэта ўжо не існуючы населены пункт недалёка ад украінскай тэрыторыі. З 35-метровай вышкі бачна Чарнобыльская АЭС.

Менавіта тут навукоўцы гадуюць 15 коней, на якіх адсочваюць уплыў радыяцыі.

Галоўнай задачай дзейнасці запаведніка з’яўляецца прадухіленне пераносу радыенуклідаў за яго тэрыторыю. Супрацоўнікі абавязаны сачыць і ліквідаваць магчымыя пажары, папярэджваць несанкцыянаваны вываз маёмасці і гэтак далей.

– Зараз патруляваць вялікую тэрыторыю стала лягчэй: дапамагаюць відэакамеры, – кажа Пётр Кудан. – Займаемся таксама маніторынгам уздзеяння радыяцыі на жывёльны і раслінны свет.

Пытанне, якое не маглі не задаць журналісты: наколькі бяспечна займацца гандлёва-гаспадарчай дзейнасцю на закрытых тэрыторыях?

– Плошча запаведніка 216 тысяч гектараў, з іх 68 тысяч адведзены для эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці, – сказаў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Ціток. – Гэта тая тэрыторыя, на якой можна атрымліваць нарматыўна чыстую прадукцыю. На запаведных землях мы нічога не робім.

Паводле слоў чыноўніка, ні адзін куб або кілаграм прадукцыі не пакідае межы запаведніка без праверкі. Як тлумачаць прадстаўнікі Палескага запаведніка, існуюць рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні на асобныя віды прадуктаў харчавання, якія патрабуюць абавязковага кантролю ўзроўню ўтрымання стронцыю.

– У першую чаргу гэта малако, – тлумачыць Пётр Кудан. – У запаведніку вытворчасцю гэтага прадукту мы не займаліся і не займаемся. Гэты накірунак не для запаведніка. Але даследаванні спецыялістаў паказалі, што можна займацца племянной конегадоўляй. На пазабюджэтнай дзейнасці ў мінулым годзе запаведнік зарабіў 4 мільярды недэнамінаваных рублёў.

Закрытая тэрыторыя

Сёння ў Палескім запаведніку крыху больш за 700 супрацоўнікаў. За працу ў шкодных умовах калектыў мае некаторыя льготы.

– За працу ў абсалютна забруджанай зоне ідзе надбаўка да заробку (каэфіцыент 1,7), – сказаў Пётр Кудан. – Адпачынак складае 44 дні. Пасля напрацоўкі пэўнага стажу (менавіта ў зоне адчужэння) прадугледжаны выхад на пенсію раней. Штогадовае бясплатнае і абавязковае медыцынскае абслугоўванне.

На сённяшні дзень нямала праблем для супрацоўнікаў запаведніка ствараюць людзі, якія спрабуюць пранікнуць на закрытую тэрыторыю без дазволу. Некаторыя адпраўляюцца ў пошуках вострых адчуванняў. Хтосьці імкнецца падзарабіць, хоць, здаецца, узяць з гэтых закінутых дамоў ужо няма чаго.

– Моладзь лезе сюды, каб адчуць экстрым, – расказваюць супрацоўнікі запаведніка. – Іншыя збіраюць чыгункі, старыя прасы на металалом. Калі ведаюць, што была кабельная лінія, то шукаюць медны кабель, і гэтак далей. Людзі лезуць, але нават не разумеюць, што такое радыяцыя.

За несанкцыянаванае знаходжанне ў зоне адчужэння прадугледжаны буйныя штрафы. Легальна прыехаць на гэтую тэрыторыю могуць, напрыклад, жыхары іншых раёнаў, чые сваякі пахаваны на вясковых могілках былых населеных пунктаў.

– Прыезд для пахаванняў ніхто не абмяжоўвае, – тлумачыць Пётр Кудан. – Каб прыехаць на Радаўніцу, трэба толькі запісацца. За большай часткай могілак сочыць запаведнік.

У дні масавых наведванняў могілак супрацоўнікі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Адзін кінуты недакурак можа справакаваць сур’ёзнае ўзгаранне з пагрозай забруджвання радыяцыяй іншых раёнаў.

– Гэта запаведная тэрыторыя, на якой ніхто не адменіць Чарнобыль, – сказаў «Народнай Волі» начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі Дзмітрый Паўлаў. – Усё тут так і застанецца на сотні гадоў. Але трэба жыць далей і разумець, што за межамі гэтай тэрыторыі таксама ёсць людзі, якія хочуць жыць нармальна. Для гэтага ім трэба забяспечыць усе ўмовы. Адна з умоў: абарона радыяцыйнай бяспекі. Абарона ад пажараў, браканьерскай прадукцыі, якая забруджана і не павінна  выйсці за межы запаведніка. Трэба разумець, што знаходзіцца тут небяспечна…

 

Аўтар: Раман ВАСЮКОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.