Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

10:59 21 снежня 2016
16
Памер шрыфта

Сваё 50-годдзе адзначае Міхась Скобла. Большасці чытачоў “Народнай Волі” гэты таленавіты чалавек вядомы як паэт са сваім адметным светабачаннем, надзвычай чуйны да беларускага слова. З нагоды юбілею нялішне было б згадаць пра яго асветніцкую і арганізатарскую дзейнасць: напрыклад, у значнай ступені дзякуючы менавіта яму мы сёння нашмат глыбей, чым раней, ведаем пра жыццё і творчасць вялікай пакутніцы за наш народ і выдатнай паэткі Ларысы Геніюш ці можам наведаць нядаўна створаную пры старажытнай гродзенскай Каложы бібліятэку яе ж імя…

Сёння ж я хацеў бы звярнуць увагу на толькі што выдадзеную прыватным выдавецтвам “Кнігазбор” з дапамогай Саюза беларускіх пісьменнікаў кнігу выбранай эсэістыкі Міхася Скоблы пад назвай “Саркафагі страху” з арыгінальным падзагалоўкам “Прознае”.

У гэтым салідным, амаль на 400 старонак, томе мы знойдзем напісаныя ў розныя гады творы, якія, як трапна заўважана ў выдавецкай анатацыі, уяўляюць сабой “сплаў асабістых успамінаў і ўдумлівых разваг на літаратурныя і гістарычныя тэмы”. Сапраўды, у кнізе ў чыстым выглядзе чытач не знойдзе ані ўспамінаў як такіх, ані разваг, не “падсвечаных” гэтымі самымі ўспамінамі. Так напісаны найлепшыя, на мой погляд, тэксты гэтай кнігі: “Украінскі фронт Быкава”, “Дудар, якога слухала неба” (пра барда Зміцера Сідаровіча), “Мацак ад Дамашэвіча, альбо Нацыяналіст у кубе”, “І адна ў полі воін” (пра расійскую дысідэнтку Валерыю Навадворскую), “Бараніць вуллі свае” (пра дзяячку нашаніўскага Адраджэння, пісьменніцу і асветніцу Зоську Верас), “Ёй дадзена было перамагчы” (пра згаданую вышэй Ларысу Геніюш)… Уласныя ўражанні аўтара ад чытання твораў Анатоля Вярцінскага і асабістых з ім сустрэч пакладзены ў аснову эсэ “Знакі неспакою”.

Іншая іпастась Міхася Скоблы – палемічна-крытычныя нататкі. Гэты жанр у нашым пісьменстве мае даўнюю традыцыю, якая сфарміравалася амаль паўтысячы гадоў таму, дзякуючы Сымону Буднаму, Хрыстафору Філалету, Іпацію Пацею, Мялету Сматрыцкаму, ананімнаму аўтару “Прамовы Мялешкі”, Цыпрыяну Камуняку… Міхась Скобла паказвае сябе цікавым сучасным палемістам. Можна, вядома, не ва ўсім пагаджацца з некаторымі Скоблавымі ацэнкамі асоб ці твораў, але, па-першае, гэтыя ацэнкі – вынік шчырых перажыванняў аўтара за лёс нашай мовы, культуры, за перспектывы нашай дзяржаўнасці, а па-другое, аўтар у сваіх палемічных артыкулах і нататках дэманструе адметную, вартую захаплення дасціпнасць. Прывяду толькі некаторыя з яго выказванняў і фармулёвак: “Майго дзеда-хутаранца бізунамі… заганялі ў калгас, праўда, прапаноўвалі і альтэрнатыву – Калыму” (“Купала Янка і лаянка”), “На якой казе выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” пад’ехала на вядомы адрас Маркса, 38, я не ведаю” (“Адкуль паходзіць народецъ”), “Што ж, суддзі ў сучаснай Беларусі насамрэч больш запатрабаваныя, чым энцыклапедысты” (“Пра энцыклапедыю “Максім Багдановіч”), “І закруцілася машына, якая ў нашай краіне стаіць заўсёды напагатове – механізм змазаны, экіпаж ніколі не спіць” (“У чым крамола “Гродназнаўства”?”)…

Афарыстычнасць мыслення Міхася Скоблы відавочная і ў іншых творах са зборніка “Саркафагі страху”: “Язэпа Драздовіча можна назваць першым беларускім касманаўтам” (“Першы касманаўт, альбо Vivat Albarussia liberta”), “Могілкі Росы – адзінае месца ў свеце, дзе беларусы вышэй за ўсіх” (“Бараніць вуллі свае”), “Беларуская паэзія падае нам вярба-льны знак” (“З рабра беларускай вярбы”)…

Сто гадоў таму Вацлаў Ластоўскі напісаў простую і даходлівую брашуру пад назвай “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”. Міхась Скобла ў сваёй кніжцы таксама адказвае на пытанне свайго папярэдніка, але ў большай ступені ён распавядае нам пра тое, што кожны беларус павінен адчуваць, за што павінен перажываць. У гэтым, на мой погляд, палягае каштоўнасць кнігі “Саркафагі страху”, якую можна набыць у кнігарнях “Белкнігі” і ў незалежных кнігараспаўсюджвальніку.

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".