Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

(З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016)
6:00 2 студзеня 2017
9
Памер шрыфта

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння, калі мы адзначаем таямніцу Уцелаўлення Сына Божага!

У нашым жыцці мы заўсёды чагосьці жадаем і да чагосьці імкнёмся. Найчасцей хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Гэта натуральна, бо чалавек імкнецца да лепшага жыцця і хоча ўдасканальвацца. Аднак мы добра ведаем, што спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

Таму нашым самым запаветным жаданнем павінна быць імкненне дасягнуць таго, што будзе працягвацца вечна. У гэтым мы адрозніваемся ад іншых стварэнняў. Каб быць сапраўды шчаслівым, чалавек павінен жадаць вечнага Бога. Не супакоіцца маё сэрца, пакуль не спачне ў табе, Божа, кажа Св. Аўгусцін.

Нярэдка можна пачуць, што Божы закон абмяжоўвае свабоду чалавека. Аднак ніхто не кажа, што дарожныя знакі абмяжоўваюць свабоду вадзіцеля. Яны патрэбны для таго, каб бяспечна весці аўтамабіль і даехаць да мэты нашага падарожжа. Падобна і Божы закон дадзены не для абмяжоўвання свабоды чалавека, але для яго дабра, каб ён мог бяспечна дайсці да мэты свайго зямнога падарожжа ў шчаслівую вечнасць.

Адным з найбольш хвалюючых з’яўляецца крызіс сям’і як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Разводы становяцца нормай, якая вядзе не толькі да асабістай трагедыі мужчыны і жанчыны, але і дзяцей, якія застаюцца сіротамі пры жывых бацьках.

Змяняецца само паняцце сям’і як Богам устаноўленага адзінага і непарушнага саюза мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і дапамогі адно аднаму, нараджэння патомства і яго выхавання. Замест гэтага заканадаўства паловы краін Еўрасаюза ўжо легалізавала гомасексуальныя сужэнствы і пры гэтым з правам усынаўлення. Дзіцяці патрэбны бацька і маці. Хто ў такім выпадку іх заменіць? Хто ахіне ўсыноўленых дзяцей матчынай ласкай? Хто ў іх выхаванні заменіць патрабуючую любоў бацькі?

Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, дэвальвуецца. Яно становіцца таварам, які можна набыць і прадаць. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Распаўсюджваецца практыка абортаў, што з’яўляецца забіццём ненароджанага жыцця. Аборт вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі з яго наступствамі, у тым ліку да міграцыйнага працэсу, які ў Заходняй Еўропе перарадзіўся ў вялікі крызіс. З аднаго боку, міграцыя выклікана сітуацыяй у Сірыі, на Блізкім Усходе і ў некаторых краінах Азіі. Але з іншага – Еўропа патрабуе гэтай міграцыі. Гэта наступства дэмаграфічнага крызісу: Стары кантынент старэе і патрабуе новых рук для працы. Еўропа, паводле слоў Папы Францішка, стала няплоднай бабуляй з усімі выцякаючымі з гэтага наступствамі.

Стары кантынент перажывае працэс дэмаграфічнага самагубства, выйсця з якога не гарантуюць ні палітычныя, ні эканамічныя рашэнні, бо гэта праблема сэрца, праблема духоўнага стану грамадства.

Касцёл цвёрда стаіць на прынцыпах абароны жыцця і таму ў сваім вучэнні выказваецца за забарону смяротнага пакарання. Жыццё – гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог даў, і ніхто не мае права яго адабраць. Вядома, што кожнае злачынства, асабліва забойства, – гэта зло, бо ніхто не верне жыцця. Аднак у наш час існуе дастаткова метадаў абясшкодзіць злачынца так, каб ён нікому не мог прычыніць зла і адбываў пажыццёвае зняволенне. Устрыманне ад смяротнай кары адпавядае годнасці чалавечай асобы, умовам агульнага дабра і з’яўляецца выражэннем павагі да права кожнага чалавека на жыццё.

Мэтай адмены смяротнага пакарання з’яўляецца абарона чалавечай годнасці, на якую мае права таксама і забойца, як вучыць Св. Ян Павел II. Трэба памятаць і пра тое, што існуе магчымасць судовай памылкі, якую пасля выканання смяротнага пакарання немагчыма выправіць.

Паводле меркавання Папы Францішка, смяротнае пакаранне абсалютна не прымальна. Яно зневажае непарушнасць жыцця і годнасці чалавечай асобы, супярэчыць Божаму плану адносна канкрэтных людзей і Ягонай міласэрнасці.

…Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць з намі Божае Нараджэнне! Са словамі сардэчнага прывітання і найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць Адвент. Віншую ўсіх людзей добрай волі! Каляды належаць усяму свету, бо Сын Божы стаўся чалавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.

http://catholic.by

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.