Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

14:49 16 верасня 2016
32
Памер шрыфта

Чаму жыхары Жыткавіцкага раёна не баяцца ДАІ?

Дзе можна бавіць вольны час у раённым цэнтры?

Чаму жыхары Турава паважаюць банкіра Сяргея Румаса?

На гэтыя і іншыя пытанні шукаў адказы карэспандэнт “Народнай Волі”, які ездзіў на Палессе.

 

Як палешукі з радарам змагаліся

З Віктарам я пазнаёміўся нечакана. Для падрыхтоўкі матэрыялу збіраўся ў Тураў. Купіў патрэбны квіток, удакладніў у кіроўцы, ці не пераблытаў я аўтобусы. А праз паўгадзіны высветліў, што еду ў супрацьлеглым накірунку: не на поўдзень, у бок Турава, а на поўнач. Папрасіў кіроўцу спыніцца, выйшаў на дарогу і накіраваўся пешшу ў зваротны бок.

Першыя тры машыны, на якіх я спадзяваўся пад’ехаць, не спыніліся. Дзед-паляшук, які праязджаў на ровары міма, з’едліва пракаментаваў: “Ты спадніцу апрані, адразу дапаможа”. Гаспадар чацвёртай машыны падкінуў на некалькі кіламетраў. Але потым яму трэба было збочваць, а мне – прама. Праўда, ён, вырашыўшы нядрэнна падзарабіць, прапанаваў “таксануць” да Турава за 20 рублёў. Дарагавата. Аўтобус каштуе 1 рубель 30 капеек, маршрутка – 3 рублі. А вось пяты кіроўца, Віктар, якраз ехаў у горад на Прыпяці і пагадзіўся мяне падкінуць.

Як і ў кожнага мужчыны, у Віктара свой погляд на ўсе грамадскія падзеі. Праўда, часта яго думкі супярэчаць адна адной. “Вось усе кажуць, што ў нас крызіс, Лукашэнка дрэнны, – разважае мужчына. – Дык раней у нашай вёсцы было больш за сотню кароў і тры машыны. А цяпер кароў засталося тры, а машын – за сотню”. На яго думку, трэба не лайдачыць, і тады зарабіць добрыя грошы цалкам рэальна.

Віктар не надта ахвотна расказвае пра свой занятак. Наколькі я зразумеў, ён працуе на адным з мясцовых прадпрыемстваў ахоўнікам “суткі праз двое”. Атрымлівае каля 250 рублёў у месяц, але не скардзіцца, бо мае шэраг дадатковых заробкаў. Напрыклад, летам збірае ягады. Так, за адзін месяц ён разам з жонкай зарабіў больш за 2 тысячы рублёў на чарніцах. Цікава, што Віктар супраць таго, каб яго жонка працавала. Нядаўна ёй прапанавалі стаць поварам у адной са школ раёна з зарплатай 140 рублёў. Мужчына быў супраць: праверак безліч, а грошы невялікія.

У бок Турава мы ляцім з хуткасцю больш за 100 кіламетраў. У нейкі момант я пытаюся, ці не баіцца ён ДАІ. “Дык мы ведаем, дзе яны стаяць”, – адказвае мой суразмоўца. “А радары?” – удакладняю я. Высвятляецца, што  на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна нібыта маецца ўсяго адзін радар. Але нават ён прыйшоўся мясцовым жыхарам не даспадобы. Хтосьці набыў балончык з фарбай і замазаў камеру.

“Вайна” гарадоў

Супрацьстаянне паміж Жыткавічамі і Туравам – асобная тэма. Як вядома, у Беларусі 118 раёнаў і 113 гарадоў. Часцей за ўсё ў раёне адзін горад, які і з’яўляецца раённым цэнтрам. Але ёсць выключэнні, калі на тэрыторыі раёна знаходзяцца адразу два гарады. Адзін з такіх раёнаў – Жыткавіцкі.

Цікава, што некаторыя жыхары раённага цэнтра ўсур’ёз зайздросцяць тураўчанам. Адна з прычын – знешні выгляд населеных пунктаў. Парадокс, але цэнтр у Тураве выглядае больш дагледжаным, чым у Жыткавічах. Платы ўздоўж усёй цэнтральнай вуліцы новыя, пафарбаваныя ў аднолькавы – сіні – колер. Дарога роўная, нібы едзеш па адной са сталічных магістраляў. Праўда, такая прыгажосць не ўсім даспадобы. “Вы не ўяўляеце, як злаваліся жыткаўчане, калі рамантавалі тураўскія дарогі”, – са смехам расказвае мне кіроўца маршруткі. Відаць, з такой жа лёгкай пагардай жыхары Кіева ставяцца да ўраджэнцаў Жытоміра, а масквічы – да жыхароў Калугі. Як бачна, супрацьстаянне “сталіца–правінцыя” існуе нават на раённым узроўні.

Хутчэй за ўсё, Тураў атрымаў статус горада за тысячагадовую гісторыю (як вядома, Тураў упершыню згадваецца яшчэ ў 980 годзе). Бо, каб населены пункт стаў горадам, яго насельніцтва павінна складаць не менш за 6 тысяч чалавек. У Тураве цяпер жыве каля 2,8 тысячы. Але жыхары Жыткавічаў шукаюць іншыя, канспіралагічныя, прычыны. “Вы што, не ведаеце, што Сяргей Румас вучыўся ў Тураве ў першым класе, а толькі потым бацькі перавезлі яго ў Мінск? – запытвае ў мяне жыхар Жыткавічаў Яўген. – Вось ён горад свайго дзяцінства і падымае”. Дзеля аб’ектыўнасці трэба сказаць: інфармацыі пра тое, што вядомы банкір вучыўся ў Тураве, няма. Сяргей Румас нарадзіўся ў Гомелі, а неўзабаве сям’я пераехала ў Мінск. Але Тураў – радзіма яго бацькі, Мікалая Румаса, які шмат гадоў з’яўляўся намеснікам міністра фінансаў. Магчыма, некалькі гадоў ён жыў у дзеда з бабуляй. Хоць Тураў займеў статус горада, зразумела, з-за свайго гістарычнага значэння.

Як бавіць вольны час у Жыткавічах?

Праблема многіх раённых цэнтраў – небагаты выбар у сферы адпачынку. Па дарозе з Жыткавічаў разгаварыўся з суседам па маршрутцы. Андрэй закончыў першы курс БНТУ, едзе ў госці да бацькоў. Запытваю яго, дзе адпачывае ў Жыткавічах ён сам і яго сябры. “Ды нідзе асабліва, – адказвае. – Некаторыя хлопцы тусуюцца ля кінатэатра, але мне не надта цікава. Я больш праводжу час з бацькамі”. Пазіцыю Андрэя я зразумеў вельмі хутка.

Мясцовы кінатэатр “Узыход” размешчаны ў самым цэнтры горада, побач з гасцініцай “Чвэрць стагоддзя” і райвыканкамам. Паказы ладзяцца некалькі разоў на дзень. Раніцай і днём можна паглядзець дзіцячыя фільмы (“Адважнае сэрца”, “Кунг-фу Панда”, “Міньёны”, “Іван-Царэвіч і Шэры Воўк-3”, “Губка Боб”), вечарам – камедыі (“Вялікі бос”, “Узорны самец-2”, “Нерэальнае каханне”). Кошты невысокія: самы дарагі квіток – 2 рублі. Але гледачоў няшмат. Чаму? Можна наракаць на лета (я быў там у другой палове жніўня), а таксама на адсутнасць моды на кіно. Нават у Мінск такое захапленне прыйшло, можа, дзесяцігоддзе таму, а ў 1990-я кінатэатры стаялі пустыя. Але для таго, каб зацікавіць гледачоў, патрабуецца паказваць свежыя прэм’еры. Напрыклад, таго ж “Івана-Царэвіча” паказвалі ў Мінску колькі месяцаў таму. Цяпер фільм можна бясплатна паглядзець з любога хатняга камп’ютара праз відэахостынг youtube.

Акрамя кіно, у той дзень я знайшоў толькі адзін варыянт адпачынку. Сціплая афіша запрашала мясцовых жыхароў на выступленне народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Спасаўка” з клуба-бібліятэкі вёскі Чэрнічы (у 26 кіламетрах на поўдзень ад Жыткавічаў). У пазначаны час у гарадскім парку культуры назіраўся аншлаг. Усе месцы перад сцэнай былі заняты. Песні ў выкананні ансамбля былі прысвечаны жыццю ў вёсцы. Напрыклад, прыпеў адной з песень гучаў так: “Кабанчыкі пасуцца (…) тут курачкі нясуцца”.

 

З wi-fi, але без мыла

З даўніх часоў сталічныя жыхары прызвычаіліся ставіцца да сэрвісу, які прапануюць у рэгіёнах, паблажліва. Маўляў, жыццё заканчваецца за МКАД, далей – суцэльны “савок”. Але ўсё змяняецца, і цяпер глыбінка знаходзіцца на раздарожжы паміж “ненавязлівым сэрвісам” часоў Савецкага Саюза і заходнім камфортам. Спачатку – пра пазітыў.

Гасцініца “Чвэрць стагоддзя”, дзе я спыніўся, знаходзіцца ў цэнтры Жыткавічаў, ля самага райвыканкама. Мясцовыя жыхары тлумачаць яе назву арыгінальна: маўляў, менавіта столькі часу цягнулася будаўніцтва аб’екта. У гасцініцы зроблены добры рамонт. У нумары чыста, з вокнаў не дзьме, маецца гарачая вада і wi-fi. Для Мінска гэта натуральная з’ява, але, на жаль, такое сустрэнеш не ў кожнай раённай гасцініцы. Адзіны мінус – няма чайніка (таму даводзіцца карыстацца ім па чарзе з адміністратарам). Карацей, замежныя турысты шоку ад пражывання ў такім нумары не адчуюць. Праўда, у параўнанні з іншымі раённымі гасцініцамі дарагавата. Аднамесны нумар пацягне крыху больш за 30 рублёў за суткі.

А вось кошты ў мясцовых аб’ектах харчавання не надта высокія. Напрыклад, абед у цэнтральным жыткавіцкім рэстаране “Белая Русь”, што знаходзіцца побач з гасцініцай і райвыканкамам, пацягне ад 3 рублёў 50 капеек да 5 рублёў. Цікава, што ў сярэдзіне буднага дня там назіраўся аншлаг: на абед прыходзяць нават мясцовыя чыноўнікі. А ў выхадныя я быў адзіным наведвальнікам. Каб знайсці афіцыянтку, давялося зайсці ў службовае памяшканне.

Але найвялікшае расчараванне я адчуў у Тураве ў кавярні “Прыпяць”, размешчанай на цэнтральнай плошчы. Прыбіральня там маецца, праўда, замкнёная. Спачатку я падумаў, што яна на рамонце. Высветлілася, што дзверы проста зачынены на ключ, які выдаюць наведвальніку па яго просьбе. Але ў прыбіральні мяне чакала непрыемная неспадзяванка: не было ні туалетнай паперы (чаго можна было чакаць), ні нават мыла. Калі б мяне абслугоўвала мажная хамаватая цётка з пергідрольным начосам, якая нібыта прыляцела з мінулага на машыне часу, было б не так крыўдна. Усё можно было б спісаць на савецкі сэрвіс. Але не, работнікі кавярні былі ветлівыя і тактоўныя. Атрымліваецца, адсутнасць мыла іх не бянтэжыць?

Асабіста для мяне гэта сітуацыя пралівае святло на шмат якія мясцовыя праблемы. У рэгіёнах сапраўды адбываюцца змены да лепшага. Але шмат у чым такія ператварэнні толькі знешнія. А вось пытанне, як змяніць свядомасць людзей, пакуль застаецца без адказу.

Аўтар: Дзяніс МАРЦІНОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Анна Канопацкая: «Меня пытаются очернить…»

В последнее время председатель Объединенной гражданской партии Анатолий Лебедько не раз публично высказывал свои претензии к депутату Палаты представителей Анне Канопацкой.

Родня погибшего делила имущество с вдовой. Что случилось в Жодино, где пенсионер застрелил знакомого

В четверг утром в милицию Жодино обратился мужчина, который рассказал, что убил знакомого.

Госпредприятия пошлют на четыре буквы

Белорусские власти прислушались к МВФ и выполняют рекомендации фонда.