Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20 год «Народнай Волі». Для газеты – гэта гісторыя. Для мяне – біяграфія.
1:55 20 лiпеня 2015
10
Памер шрыфта

У маім журналісцкім жыцці гэта першая газета (не лічачы шматтыражак, у якіх давялося пачынаць у прафесіі яшчэ ў студэнцкія гады). І адзіная.

Я добра памятаю, як прыйшла ўладкоўвацца ў «Народную Волю» без асаблівай надзеі атрымаць работу. «НВ» падавалася нездзяйсняльнай марай. Што ў мяне было, акрамя дыплома журфака БДУ? А перада мной сядзеў сам Іосіф Сярэдзіч! Рэдактар, які рабіў у тыя гады самую лепшую, самую масавую, самую крутую “Народную газету”. У ёй друкавалася такое!.. У ёй працавалі самыя лепшыя журналісты, залатыя пёры краіны. Паводле якіх крытэрыяў ён адбірае журналістаў у сваю новую газету? Я гэтага не ведала, таму, натуральна, моцна хвалявалася.

А сумоўе было – карацей не прыдумаеш.

– Вы журналіст?

– Журналіст.

– Прыходзьце заўтра з тэкстам.

І ўсё. Ніякіх выпрабавальных тэрмінаў. Ніякіх уводзін у прафесію.

Калі скажу, што працаваць было (і ёсць) гэтак жа лёгка, як уладкавацца на работу, схітрую. Былі і слёзы, і незадаволенасць сабой (яна і да гэтага часу не знікла). Працаваць з журналістамі Іосіф Паўлавіч даручаў тады свайму намесніку – знакамітаму публіцысту Анатолю Казловічу (светлая памяць аб гэтым незвычайным чалавеку, упэўнена, захавалася ў сэрцы кожнага, хто з ім быў знаёмы). Я назвала б яго рэдактарскі стыль бязлітасным: патрабавальны да кожнага слова, ён прымушаў перапісваць цэлыя абзацы, бесцырымонна выкрэсліваючы палову тэксту: “Вадзічка”. Не ўсе вытрымлівалі гэту школу. Я яе ў думках называла “мордай аб стол”. А сёння так удзячна лёсу, што гэта здарылася ў маім жыцці, у маёй прафесійнай біяграфіі.

Анатоль Мікалаевіч вучыў стылю. Іосіф Паўлавіч навучаў журналісцкаму нюху: усімі органамі пачуццяў, усёй паверхняй скуры адчуваць падзею. Колькі разоў за гэтыя гады мы чулі: «Не сядзіце ў рэдакцыі – шукайце сенсацыю!” Калі прыходзілі да яго са спрэчнай тэмай, прасілі парады, ці брацца за яе, ён ніколі не забараняў. Толькі павучаў: «Вы – назіральнікі. Узнімайцеся па-над схваткай. Дайце слова ў газеце ўсім бакам. Праўда, як правіла, недзе пасярэдзіне…” І з’яўляліся тэксты, якія дапамагалі людзям адолець цяжкія жыццёвыя сітуацыі. Камусьці вярталі адабраную кватэру, камусьці прапаноўвалі будаваць жыллё пад ільготны крэдыт, “размарожваліся” будаўніцтвы, і нават мянялася заканадаўства. Былі, канешне, і паразы, калі можна так сказаць. Мне да гэтага часу балюча, што газета не змагла адстаяць настаўніцу гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталлю Ільініч, калі яе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года выгналі са школы. Якімі б “правільнымі” фармулёўкамі, быццам узятымі з закона, ні завуаліравалі гэтае звальненне, усім было зразумела: Наталля пазбавілася працы з-за сваіх палітычных поглядаў. Я з юнацкай палкасцю кінулася бараніць яе: ну не можа так стацца, каб нашай школе не былі патрэбны сапраўдныя прафесіяналы! Я глядзела ў вочы дырэктару школы, якая не працягнула з Наталляй кантракт, раённым чыноўніцам, раённаму суддзі. Мы пісалі, пісалі, пісалі… Не дапамагло. Журналісцкае слова не змагло зламіць цынічную сістэму па выцісканні з нармальнага жыцця не ўгодных уладзе людзей. Наталлі і сёння няма месца ў школе, а ў мяне на сэрцы застаўся цяжар…

Усе 20 год працы ў «Народнай Волі» мы не спазналі, што такое рэдактарская цэнзура, табу на нейкія тэмы. У нашай прафесіі 12 месяцаў у годзе галалёд. Цяжка ісці і ні разу не паслізнуцца. Цяжка працаваць ва ўмовах, калі кожнае тваё слова разглядаецца праз лупу. Не хапае часу, каб перавесці дух, расслабіцца, заняцца нейкім сваім паўсядзённым жыццём. Кожнае лета, адыходзячы ў адпачынак, я чую ад Іосіфа Паўлавіча адны і тыя ж словы: “Як можна пражыць без газеты амаль месяц?!” Мне падаецца, ён шчыра гэтага не ўяўляе.

Быць журналістам «Народнай Волі» – гэта і пачэсна, і адказна, і неймаверна складана. Хочацца адпавядаць калегам, чапляць сваімі тэкстамі чытачоў. Некалькі год таму галоўны рэдактар вызначыў мне “падвальчык” на першай паласе – адгукацца на актуальныя падзеі ў сацыяльнай сферы. Я супраціўлялася. Ён настойваў. А сёння я яму ўдзячна. Таму што мець сваю нішу ў нашай газеце – дарагога варта!

20 год для незалежнага выдання ў нашых рэаліях – гэта фантастыка! Мы, нягледзячы на вымушаную “эміграцыю”, заўсёдны прэсінг, судовыя разбіральніцтвы і да таго падобнае, вытрывалі. Жадаю нам жыць і далей і не зніжаць планкі! Гэта важна…

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: КГБ пресек получение крупнейшей в истории Беларуси взятки в размере $5 млн.

В последние годы общими усилиями компетентных служб коррупцию удалось обуздать, однако о ликвидации негативных явлений еще говорить не приходится. Об этом Александр Лукашенко заявил 15 декабря на торж

Меркель и Макрон намерены реформировать еврозону

Германия и Франция намерены в 2018 году существенно продвинуться на пути реформирования еврозоны.

Анатоль Лябедзька аштрафаваны за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны, сведка-міліцыянер прыгразіў яшчэ адным судом

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 15 снежня аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова, якую супра