Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Каму з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду ўдасца сабраць 100 тысяч подпісаў? І ці ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзідэнты ў 2010 годзе рэальна сабралі неабходную колькасць подпісаў?..
6:00 13 лiпеня 2015
8
Памер шрыфта

Днямі былы кандыдат у прэзідэнты і экс-кіраўнік кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір НЯКЛЯЕЎ заявіў: “Калі апазіцыя не вылучыць адзінага кандыдата, яна непазбежна стане на шлях фальсіфікацый, свядома пой-дзе на падман выбаршчыкаў… Апазіцыя ўжо мела такі “вопыт” у 2010 годзе, што прывяло яе практычна да разгрому”.

Магчыма, пад словам “фальсіфікацыі” Някляеў меў на ўвазе збор подпісаў у 2010 годзе? Бо ўжо выказваліся меркаванні, што тады на самай справе рэальна 100 тысяч подпісаў сабралі толькі ініцыятыўныя групы Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава, хоць зарэгістравалі аж дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў. 

– Неабходныя подпісы ў 2010 годзе сабралі толькі за аднаго кандыдата, – загадкава кажа Уладзімір Някляеў, але не збіраецца нічога канкрэтызаваць. Аднак дадае: – Сабраць 100 тысяч подпісаў у сённяшніх варунках – вельмі складаная справа. Пасля 2010 года каля 2500 чалавек, якія бралі больш-менш актыўны ўдзел у палітыцы, а значыцца, і ў зборы подпісаў, з’ехалі за мяжу. Гэта цэлая ініцыятыўная група. Акрамя таго, зараз зусім іншая палітычная сітуацыя ў краіне. Напярэдадні мінулых выбараў быў відавочны ціск Масквы на беларускую ўладу, а тут амаль за чатыры месяцы Расія праз свайго пасла ўжо падтрымала кіраўніка Беларусі. Акрамя таго, у 2010 годзе мы адчувалі досыць вялікую падтрымку Еўрасаюза і ЗША, але сёння з-за падзей ва Украіне гэтай падтрымкі практычна няма. У тым ліку не будзе яе і падчас выбараў. І да ўсяго гэтага дадаюцца рознагалоссі ўнутры апазіцыі.

У такіх умовах ніводны альтэрнатыўны кандыдат зараз рэальна не зможа сабраць 100 тысяч подпісаў, – робіць выснову палітык. – Іншая справа, што, як і пяць гадоў таму, зарэгіструюць столькі кандыдатаў, колькі патрэбна ўладзе.

Уладзімір КОБЕЦ, які ў 2010 годзе ўзначальваў перадвыбарны штаб кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, распавядае, што пяць гадоў таму “дакладна сабралі 100 тысяч подпісаў ініцыятыўныя групы толькі двух кандыдатаў – Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева”.

– Каб сабраць такую колькасць подпісаў, неабходна не толькі добрая каманда, але і імя кандыдата, – адзначае наш суразмоўца. – Людзі ахвотна падпісваліся за Саннікава і Някляева, бо добра ведалі іх. У нас была вельмі жорсткая юрыдычная група, якая адкідвала ўбок усе тыя падпісныя лісты, якія нам здаваліся сумніўнымі. Таму сабралі каля 200 тысяч подпісаў, здалі 150 тысяч. На жаль, мы ведаем, што многія прэтэндэнты займаліся не зусім, мякка кажучы, даравальнымі рэчамі. А тое, што ўсіх зарэгістравалі, дык гэта, на мой погляд, было зроблена для таго, каб кандыдатаў стала як мага больш. Каб людзям складаней было зрабіць свой выбар.

– Як можна здаць на рэгістрацыю 100 тысяч подпісаў, не сабраўшы іх?

– Калі народ ведае, што та-
кое ксеракс, то ён мяне зразумее. Людзі, на жаль, займаліся капіраваннем падпісных лістоў і здавалі за свае. Я не хачу ўдавацца ў дэталі, пра гэта ў свой час ужо распавядалася. Але вельмі сумняваюся, што сёння нейкая з ініцыятыўных груп тых прэтэндэнтаў, што заявілі аб сваіх амбіцыях на выбарах, нешта збярэ.

Тым часам кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Дзмітрый УСС лічыць, што “за грошы могуць сабраць і мільён подпісаў”.

– Чым больш грошай, тым больш збяруць, – кажа ён. – У 2010 годзе мая ініцыятыўная група назбірала каля 110 тысяч подпісаў, сапраўднымі прызналі каля 104 тысяч. Ці рэальная лічба? Правяралі ж участковыя камісіі, там былі людзі з “вертыкалі”. Але ў ініцыятыўнай групе было каля 1300 чалавек, таму, магчыма, нехта і займаўся махлярствам. Ведаю, што за аднаго збіралі, а другому подпісы аддавалі. У нас, напрыклад, у Жодзіне ніводны подпіс не быў прызнаны сапраўдным. Але ж паўтаруся – тысячу чалавек не пракантралюеш.

Паводле слоў Дзмітрыя Усса, на збор подпісаў выдаткоўваліся пэўныя фінансавыя сродкі, але кошт аднаго подпісу называць адмовіўся.

– Гэта асабістае пытанне, – адзначае суразмоўца. – Але, напрыклад, некаторым валанцёрам наогул нічога не плаціў. Па-рознаму… Матывацыя ў людзей павінна быць, бо, калі чалавек працуе, то ён нешта павінен і атрымліваць. Ведаю, што Някляеў і Саннікаў таксама плацілі за збор подпісаў, і Казулін у 2006 годзе плаціў. Таму, калі кажуць, што людзі працуюць за ідэю, смяяцца хочацца. А ўвогуле, мне гэтыя выбары не цікавыя. Як можна разважаць пра тое, чаго, па сутнасці, няма?

Алесь СІВЫ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).