Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:22 30 студзеня 2017
13
Памер шрыфта

Учора на Камсамольскім возеры для работнікаў выратавальнай станцыі была гарачая пара.

19 студзеня, на Вадохрышча, тут традыцыйна рыхтуюць палонкі для тых, хто жадае акунуцца ў ледзяную ваду. Зрэшты, зрабіць гэта можна было і днём раней, але ж асноўны паток – менавіта ў дзень свята.

З самага ранку на выратавальнай станцыі не сказаць каб шматлюдна, аднак палонка карыстаецца папулярнасцю. Да вады нават невялікая чарга. Побач – выратавальнікі, якія сочаць за тымі, хто дае нырца ў ледзяную ваду, і дапамагаюць парадамі.

– Як толькі зайшлі ў ваду па пояс, пастойце 2–3 секунды, – павучае адзін з іх. – І галоўнае – калі вырашыце акунуцца з галавой пад ваду, абавязкова пасля выдыхніце паветра. Але можаце і не даваць нырца, гэта ж не абавязкова.

Многія распранаюцца і рыхтуюцца да воднай працэдуры, дзяўчаты з гэтай нагоды баязліва вішчаць. Анжэла і Алеся – студэнткі БДУ – нават збеглі з заняткаў, каб акунуцца на Вадохрышча.

– У нас жа ўважлівая прычына, Бог даруе! – жартаўліва кажуць яны.

63-гадовы Валянцін Сцяпанавіч Пліско ў гэты дзень прыходзіць акунуцца ўжо трэці год запар.

– Я, шчыра кажучы, не надта веруючы чалавек, але апошнім часам вырашыў заняцца загартоўваннем, – распавядае ён, пакуль расцірае цела ручніком. – На Вадохрышча – цудоўная магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, праверыць моц свайго духу. Увогуле, на свята нейкая своеасаблівая атмасфера. І вы ж паглядзіце, колькі людзей! 10 гадзін раніцы, а да палонкі – чарга. І старыя, і маладыя…

Тым часам, выратавальнікі тактычна адганяюць ад вады асабліва надакучлівых фотакарэспандэнтаў.

– Зараз вас з вашымі камерамі прыйдзецца выцягваць з вады, – папярэджваюць яны. – А лепш распранайцеся і на сабе паспрабуйце, што гэта такое.

Пасля купання многія адразу ж грэліся гарачай гарбатай альбо кавай, якую загадзя прынеслі з сабой.

– А мяне жонка абяцала дома сагрэць, – смяецца 43-гадовы Андрэй. – Я наогул прайграў ёй адну спрэчку, а таму і давялося залезці ў ледзяную ваду. Але, як кажуць, усё акупіцца.

Старшыня клуба загартоўвання і зімовага плавання “Камсамольскае возера” Уладзімір ШУЛЬГАН усцешаны, што з кожным годам на Вадохрышча акунаецца ў ледзяных палонках усё больш беларусаў. Толькі ў Мінску такіх – каля 30 тысяч.

– Вадохрышча для мяне асаблівы дзень, і пачаўся ён яшчэ вечарам 18 студзеня, – распавядае Уладзімір Васільевіч. – Людзі ішлі акунуцца з 6 вечара і амаль да 2 гадзін ночы. Каля тысячы людзей за гэты час прайшло. У гэтым годзе народ куды больш актыўны ў гэтым плане. А я і 18 студзеня акунаўся ў палонцы, і на наступны дзень у 7 гадзін раніцы тэлевізіёншчыкі папрасілі мяне залезці ў ваду. Увогуле, лічу, што гэта нармальнае стаўленне людзей да свята і да свайго здароўя. Дарэчы, большая частка з іх прыйшла не ў першы раз – не трэба было ім распавядаць, як сябе неабходна паводзіць.

– Колькі вы ўжо займаецеся загартоўваннем?

– Больш за 15 гадоў. І за гэты час, адзначу, ні разу не хварэў. Нейкія прышчэпкі ад грыпу для мяне абсалютна неактуальныя. Калі ж загартаваны чалавек нечым і захварэе, то выздараўлівае ў два-тры разы хутчэй. Я, да слова, раней проста рабіў зарадку на Камсамольскім возеры, але аднойчы ўбачыў маржоў у палонцы, паспрабаваў сам, і з таго часу маё жыццё змянілася. Думаю, кожны, калі няма нейкіх вялікіх медыцынскіх супрацьпаказанняў, можа загартоўвацца ў ледзяной вадзе. Для гэтага трэба не так шмат – сіла волі і рэгулярныя заняткі.

– Бачу, што сёння шмат моладзі прыходзіла…

– Ведаеце, раней сярэдні ўзрост сябраў нашага клуба быў у межах 50 гадоў. Зараз – 30–40 гадоў іменш. І гэта нармальна, калі ў моладзі з’яўляецца інтарэс да здаровага ладу жыцця, а ў сталых – да свайго здароўя. Акрамя таго, чаму б чалавеку і не паспрабаваць свае магчымасці? Можа быць, ён для сябе адкрые нейкія схаваныя рэзервы арганізма.

– Пачынаць загартоўвацца можна ў любым узросце?

– Вы ж дзяцей купаеце ў ванне з таго часу, як яны нарадзіліся. Дык чаму б адразу не пачаць іх загартоўваць? Толькі да гэтага трэба сур’ёзна паставіцца. Спачатку трэба заняцца халодным абціраннем дзіцяці, затым прывучыце яго да кантрастнага душа, потым – прагулкі басанож. Адказна вам кажу: ваша дзіця не зведае, што такое таблеткі.

Зрэшты, займацца загартоўваннем можна ў любым узросце. Ніколі не позна. У нас у мінулым годзе афіцыйна з’явіўся новы від спорту – спартыўнае зімовае плаванне. У гэтым плане мы першыя ў свеце! Спаборніцтвы праходзяць па 13 узроставых катэгорыях. Ёсць і такая – 80 гадоў і старэйшыя. Так што ніякіх абмежаванняў.

– А кажуць, што людзі ў нас сталі больш хваравітыя…

– Я ўсім параіў бы адно: задумайцеся пра сваё здароўе і лад жыцця! Мне пастаянна задаюць адно і тое ж пытанне: “А якія ёсць супрацьпаказанні і могуць быць наступствы ад таго, што чалавек акунаецца ў палонку?” Дарагія мае, у нас людзі на чэмпіянаце па зімовым плаванні першы раз плылі ў ледзяной вадзе 100 метраў, і нічога – усе жывыя і здаровыя. Проста знайдзіце ў сабе сілы паверыць у сябе. Вы ж паглядзіце на твары тых, хто на Вадохрышча акунуўся ў палонку. Яны – шчаслівыя!..

Фота аўтара.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белорусский экипаж впервые победил на этапе «Дакара»

Белорусский экипаж "МАЗ-СПОРТавто" занял первое место по результатам 11-го этапа марафона "Дакар-2018". Команда Сергея Вязовича финишировала с результатом 5 часов 14 минут 10 секунд.

Диета для «жирных котов». Нацбанк утвердил требования к вознаграждениям в банках

Нацбанк постановлением правления № 544 от 29 декабря 2017 г. установил требования к организации системы вознаграждений и компенсаций в банках, сообщила пресс-служба регулятора.

В Минске изменили нормативы потребления тепла

Мингорисполком своим решением №24 от 4 января, которое опубликовано 18 января на Национальном правовом интернет-портале, установил нормативы фактического расхода тепловой энергии в жилых домах, не обо