Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:20 16 студзеня 2017
19
Памер шрыфта

Адрас шчасліўчыкаў, якія разам пражылі ў згодзе 50 гадоў, выхавалі дваіх сыноў і далі пуцёўку ў жыццё сотням маладых беларусаў, — вёска Глівінскія Навасёлкі Барысаўскага раёна.

7 студзеня Анатоль Андрэевіч і Валянціна Аляксандраўна Васіленкі збяруць за святочным сталом сваіх родных, блізкіх сяброў і, як 50 гадоў таму, пачуюць “Горка!”.

…Першае знаёмства з юбілярамі і маімі самымі блізкімі суседзямі, а потым і сябрамі адбылося завочна. Незнарок узгадаліся першыя старонкі рамана Івана Шамякіна “Крыніцы”. Памятаеце, як маладому настаўніку, будучаму дырэктару школы, часовыя спадарожнікі распавядаюць толькі добрае, станоўчае пра цудоўнага педагога, былога дырэктара Данілу Платонавіча і перадаюць яму прывітанні? Вось і мне, калі я, выпускніца педінстытута, ехала на месца свайго працаўладкавання ў Глівінскія Навасёлкі, людзі рознага ўзросту і прафесій перадавалі прывітанне сваім настаўнікам – Анатолю Андрэевічу і Валянціне Аляксандраўне Васіленкам. За кароткі час дарогі суразмоўцы паспелі распавесці пра маіх будучых калег па працы толькі самае добрае, так можна ахарактарызаваць сапраўды народных настаўнікаў: сумленныя, працавітыя, шчырыя, патрабавальна-строгія, але з бацькоўскай любоўю да сваіх выхаванцаў. (Шкада, што ганаровае званне “Народны настаўнік” у нас аднавілі толькі нядаўна…)

Мінулі многія дзесяцігоддзі. І вось у гэтыя дні Анатоль і Валянціна Васіленкі адзначаюць залатое вяселле!

Анатоль Андрэевіч – настаўнік геаграфіі. Яго ўрокі заўсёды былі цікавымі падарожжамі ва ўсе куткі свету. Ён захапляў вучняў глыбокімі ведамі пра іншыя краіны, традыцыі розных народаў, прыроду… Без жартаў тыпу “дрэва баабаб суседнічае з дрэвам баадзед” не праходзіў ніводзін урок… Ну сапраўдны другі Янка Маўр!

Валянціна Аляксандраўна прыехала працаваць у Глівінскія Навасёлкі крыху раней за Анатоля Андрэевіча, а дакладней – 6 лютага 1962 года. “Матэматыка – каралева ўсіх навук”, – любімы афарызм, якім яна заўсёды падкрэслівала значнасць урокаў па алгебры і геаметрыі. Валянціна Аляксандраўна з гордасцю ўспамінае, што адзін з вучняў – будучы матэматык – зваў яе Соф’яй Кавалеўскай. І таму, што матэматыку яна ведала і выкладала бліскуча, і таму, што дзявочае прозвішча мела не менш гучнае – Кавалёва. Хаця Кавалёвай яна заставалася нядоўга, да таго часу, пакуль у Навасёлках у 1965 годзе не з’явіўся малады настаўнік геаграфіі, якога накіравалі сюды дырэктарам, – Анатоль Васіленка.

Пазнаёміліся ў жніўні 1965 года, а праз год – у снежні 1966-га – ажаніліся. У шчаслівым шлюбе нарадзіліся два сыночкі – Гена і Андрэйка. Маладым тады, дарэчы, пашанцавала: на Кастрычніцкія святы (7 лістапада 1967 года) усяліліся ў кватэру ў доме №8а па вуліцы Цэнтральнай, дзе пражываюць і сёння.

Апантаныя працай – з раніцы да вечара, а пасля 19.00 яшчэ і ў вячэрняй школе, – бацькі не забываліся на сваіх дзяцей. Вучылі ўсяму, што ўмелі самі: іграць на музычных інструментах, разбірацца ў шахматнай гульні, наладжвалі дваровыя турніры, гулялі ў футбол, хакей, хадзілі ў паходы, на рыбалку, проста на бераг рэчкі. А пра тагачасныя сумесныя працоўныя дэсанты зараз нагадвае яблынева-вішнёвы сад, закладзены больш за 30 гадоў таму. Прыязджаюць сыны са сваімі дзецьмі, унукамі Анатоля і Валянціны, і бягуць паглядзець, як жыве вішаннік, як яблынька – зацвіла ў гэтым годзе ці не, ці далі плады парэчкі? А вечарамі збіраюцца ў альтанцы, зробленай сваімі рукамі пад “непасрэдным кіраўніцтвам” бацькі-дзеда, вячэраюць. Лепшых булак і перапечак, чым тыя, якія пячэ баба Валя, ні нявесткі Наташа і Рая, ні дзеці, ні ўнукі нідзе і ніколі не каштавалі.

Унукі Васіленкаў не менш таленавітыя, чым бабуля і дзядуля. Старэйшая Аляксандра іграе на цымбалах, Валянціна – на фартэпіяна, Глеб – на баяне, Валерыя прыгожа спявае. У сувязі з гэтым яны не без смеху прыгадваюць, як на святкаванні 70-годдзя Анатоля Андрэевіча тады 12-гадовыя дзяўчынкі Аляксандра і Валерыя вырашылі зрабіць сюрпрыз і падрыхтавалі музычны падарунак любімаму дзеду, праспяваўшы песню – хутчэй дазволеную для 18+. А мне з таго іхняга сямейнага свята запомнілася, як выпускнікі апрача падарункаў і кветак уручылі Анатолю Андрэевічу медаль, падкрэсліўшы, што ўклалі ў яго сваю ўдзячнасць за прыязнасць, дабрыню, шчырасць, цеплыню сэрца свайго дарагога настаўніка, яго шматгадовую плённую працу на ніве адукацыі.

…Падышоўшы да 50-годдзя сумеснага жыцця, Васіленкі даказалі, што сям’я – адзін з самых прыгожых шэдэўраў прыроды. Але не трэба абмяжоўвацца лічбамі, якія прамаўляюцца ў тостах, бо яшчэ ёсць і 60, і 70 гадоў сумеснага жыцця. А карануе сямейнасць “Кароннае вяселле” – з лічбай 75. Чаму б не рыхтавацца і да яго?

Аўтар: Вера БУЛАНДА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

О Моцарте, о званиях, о славе…

Талантливый дирижер совершенно не заботится о своем реноме, о своей популярности, рискуя остаться незнаменитым. «Народная Воля» попыталась исправить это положение.

Анна БАХТИНА: «Я хочу, чтобы в суде был допрошен Николай Старовойтов…»

Вчера в суде Московского района Минска состоялось рассмотрение жалобы известного адвоката Анны Бахтиной, которую недавно Минюст на основании решения квалификационной комиссии лишил лицензии.

“Але як толькі Украіна здасца, імперыя паўстане зноў…»

Няма ўкраінца, які не ведаў бы песні “Два колеры”. Яна гучыць і на афіцыйных канцэртах у выкананні тытулаваных спевакоў, і ў любым застоллі, дзе спяваюць хто голасам, а хто душой. Аднойчы я пабачыў “Д