Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Хвіліны роздуму.
6:00 20 верасня 2016
16
Памер шрыфта

Ледзянее душа…

У мяне не было страху, калі распадаўся Савецкі Саюз, бо ведаў сітуацыю, якая склалася на той час, непазбежнасць працэсу. Не сталі навіной многія цяжкія нацыянальныя, у тым ліку і моўныя, праблемы розных народаў.

Думалася пра тое, што нарэшце ў нас будзе Айчына. Не нейкае аморфнае ідэалагічнае стварэнне, а краіна – блізкая, родная да апошняй непрыкметнай сцежачкі ў лузе, да кожнага гуку ў лесе…

На жаль, многім маім землякам Беларусь не патрэбна ў якасці Айчыны. Для большасці – гэта сталоўка і спальнае месца. Не больш таго. Такі спажывецкі падыход да самага святога, што маем, выяўляецца перш за ўсё на выбарах, рэферэндумах, ды і не толькі там. З гэтай прычыны часта ледзянее душа. Наперадзе – пуста…

Баяцца ракет “рускага мядзведзя”

Зямны клімат мяняецца, і не так, як думалася вучоным. Планета ўступіла ў перыяд пагоднай турбулентнасці. Усюды анамаліі – зацяжныя адлігі зімой, паводкі ў снежні або завірухі ў паўднёвых краінах. У нас таксама то раптам адліга, то мароз. Дзьме моцны вецер, на галовы прахожых падаюць гіганцкія ледзяшы. Абяцаюць і надалей холад.

Надвор’е і палітыка перагукваюцца. Гэта бачна на прыкладзе рэакцыі міжнароднай супольнасці на падзеі ў Беларусі. Заўсёды, як толькі трэба падтрымаць дэмакратычны рух, паводле слоў чыноўнікаў, у Еўропы і ЗША знаходзяцца нейкія іншыя клопаты, больш пільныя і важныя. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Беларусь была аддадзена ў сферу інтарэсаў Расіі, а цяпер яе хочуць бачыць у Еўропе. Якраз з тагачаснага папусціцельства і выраслі аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы на постсавецкай прасторы.

Гаворка пра Расію асобная. Пасля зацяжной “халоднай вайны” Захад так і застаўся ў стане вялікага страху, баіцца саржавелых ракет “рускага мядзведзя”. А цяпер у Расіі з’явілася шмат новай зброі, і яе агрэсіўны апетыт надзвычай павялічыўся.

Абыходзімся без Сталіна

З юнацтва паэзія і журналістыка не абаранялі мяне, а толькі давалі новыя нагрузкі і выпрабаванні. Даводзілася ўступаць у палеміку з цемрашаламі, адстойваць свае паэтычныя радкі і герояў публікацый ад нападкаў. Асабліва актыўнічалі сталіністы. Яны не могуць супакоіцца яшчэ і сёння…

А што мы маем? 60 гадоў савецкія людзі і новыя пакаленні, якія нарадзіліся ў незалежных краінах, абыходзяцца без Сталіна. Малым чуў у сакавіку 1953 года істэрычныя рыданні жанчын-настаўніц: “Бацька памёр. Як жа мы будзем без яго жыць?”

Прайшоў час. Аказалася, што ўсё-ткі можна спакойна жыць, працаваць і без “отца всех народов”.

Без подкупу

Аглядаючы позіркам варункі свайго жыцця, надзвычай шчаслівы, што ўсе літаратурныя і іншыя адзнакі прыйшлі да мяне натуральна, без “подкупу” і падтасоўкі галасоў, хоць я ведаю прыклады “нацяжак”. На жаль, такое бывае не толькі ў палітычным, але і ў літаратурным жыцці.

Неадукаванасць

Жахае неадукаванасць на тэлебачанні. Некалі я ўвёў у абыходжанне тэрмін “непісьменныя пісьменнікі”. Але тэлевізійнікі ва ўсім, і асабліва ў рэкламе, пераўзышлі бяздарных літаратараў у каверканні мовы. Прытым перападае на арэхі абедзвюм: беларускай і рускай. Быццам бы адукаваны, дасведчаны інтэлектуал А.Мухін, які вядзе перадачу “Что? Где? Когда?”, у слове “средства” ставіць націск на апошнім складзе. А што тады казаць пра многіх тутэйшых чыноўнікаў, якія любяць піярыцца?

Народ “царом” не згуртуеш

Аўтарытарны час – гэта не аб’яднанне нацыі, а яе раз’яднанне. Наш народ, які гістарычна еўрапейскі, а не азіяцкі, нейкім “царом” не згуртуеш. Я ўжо не кажу пра тое, што ў нас абсалютна няма спайкі некалькіх пакаленняў. А разрыў паміж асобнымі людзьмі адбываецца не толькі з прычыны розніцы ў якасці сямейнага выхавання, ва ўзроўні адукацыі і культуры, у выкананні маральных нормаў, але і на глебе маёмаснага стану, прыбліжанасці да аўтарытарнай улады.

…І малпы падаюць з дрэў

Не ведаю, каму ён належыць, але выраз выдатны: “Штаны праціраюцца нават на троне”. Тут жа да месца і японская прымаўка: “І малпы падаюць з дрэў”.

А свет перавярнуўся

Глядзеў дакументальны фільм пра нашага земляка, вядомага дыпламата А.А.Грамыку. Яму давялося перагарнуць апошнюю старонку савецкай гісторыі. Разам з ім ажно 70 членаў ЦК КПСС пайшлі на пенсію. Андрэй Андрэевіч казаў: “Если бы я написал все, что знал, – мир бы перевернулся”. Але не напісаў ён такой кнігі. А свет усё роўна перавярнуўся, ды яшчэ як!

За трыбунай балбатнёй

Барацьба з карупцыяй. Гэты выраз абрыдзеў, як мне здаецца, мільёнам людзей. Якая барацьба? На хвалі выдуманага кампрамату і папулізму пра навядзенне парадку многія адыёзныя асобы прыйшлі да ўлады. А цяпер што? У эшалонах улады сотні і сотні крымінальнікаў! Нікога гэта ўжо не здзіўляе і не хвалюе. Усё прыхавана трыбуннай балбатнёй, псеўдапатрыятычнай траскатнёй…

Палітычная загартоўка

У старасці ёсць важная перавага перад іншымі перыядамі жыцця. Можна пераскочыць у маленства, юнацтва або сталасць, а затым вярнуцца назад. Гэта дапамагае лепш асэнсоўваць як мінулае, так і сённяшняе. Трэба толькі глядзець на жыццё крытычна, нават скептычна, а не ў рот яму.

Я таксама, як многія жыхары Беларусі, “зроблены ў СССР”, але з юнацтва меў палітычную загартоўку, бо родны дзядзька, паэт Сяргей Ракіта (Сяргей Васільевіч Законнікаў), быў у 1936 годзе арыштаваны, двойчы беспадстаўна асуджаны і загінуў у час сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ школьнікам удзельнічаў у высвятленні абставін зняволення і смерці дзядзькі, у пошуках яго сына Валерыя, які згубіўся пры фашысцкай бамбёжцы Мінска ў чэрвені 1941 года, ды так і не знайшоўся. Тады я пазнаёміўся і меў добрыя стасункі да канца іх жыцця з пісьменнікамі Алесем Звонакам, Янам Скрыганам, Станіславам Шушкевічам, Сяргеем Грахоўскім, Паўлам Пруднікавым.

У мяне, калі ішлі прыватныя расследаванні, не было ніякага страху прад любымі начальнікамі. Яны такія ж людзі – са сваімі дадатнымі якасцямі, з недахопамі і грахамі. Гэта дапамагала мне потым на любым працоўным месцы, асабліва ў ЦК КПБ.

І сніцца мне Быкаў

Прысніўся Васіль Быкаў. Мы ідзём па ўскраіне Мінска, дзе будуецца метро. Дарога гразкая, справа – хмызняк, а злева – балота. Неўзабаве выходзім на такі ж брудны асфальт. Увесь час гаворым пра “Знак бяды”, які давялося адстойваць ад маскоўскіх цэнзараў. Васіль Уладзіміравіч у светлым плашчы, у берэціку, ідзе шпарка. А я нясу нейкую паклажу ў дзвюх руках і таму паступова ад яго адстаю. Адлегласць паміж намі расце. І вось постаць Быкава мільганула за складзенымі будаўнічымі матэрыяламі і знікла, ён як бы спусціўся ў станцыю метро, якая яшчэ не пабудавана…

Быкаў сніцца часта. Мабыць, таму, што я аддана любіў гэтага абсалютна ўнікальнага для нашага краю чалавека, які перад усім светам сваімі жыццём і творчасцю адстаяў беларускую годнасць. А Васіль Уладзіміравіч не проста сардэчна, а нават пяшчотна ставіўся да мяне і нашай сям’і, да маіх бацькоў. Думаю, уплывае і тое, што ў стрэсавых сітуацыях, звязаных з публікацыяй яго выдатных твораў, мы былі разам.

Стук у дзверы

Стук або званок у дзверы… Пра гэта шмат напісана, асабліва ў дачыненні да сталінскага часу. Дадам маленькі штрых… Жыў я тады яшчэ на вуліцы Усходняй. Аднойчы раніцай званок у дзверы. Пытаюся: “Хто?” Адказваюць строга, афіцыйна: “Нам нужен Сергей Иванович Законников!” Адчыняю, на парозе стаяць тры маладыя чалавекі яўна не славянскага выгляду ў вайсковай форме, фуражкі ў іх сіняга колеру, па ўсім відаць, гэта кадэбісты. Пасля пакутлівай эпапеі з рэпрэсіраваным дзядзькам адразу падумалася: “Прыйшлі за мной”. Глянуў на жонку, а тая стаіць спалатнелая, гатовая да самага горшага. Паўза зацягнулася, мы запытальна глядзім на хлопцаў, яны – на нас. Нарэшце адзін кажа: “Нас прислали ваши киргизские друзья Курбаналы Сабыров и Акбар Рыскулов. Возьмите, пожалуйста, гостинцы, которые они просили вам передать”. На душы адразу палёгка, кажу: “Праходзьце”. Але хлопцы, якія толькі сышлі з цягніка, павінны былі паспець на заняткі ў Вышэйшую школу КДБ. Яны паабяцалі, што зойдуць у госці крыху пазней. У нядзелю мы сардэчна прынялі іх і выслухалі аповед пра маіх сяброў, пра Кіргізію.

А перадгісторыя трагікамічнага выпадку такая. У 1976 годзе я ўдзельнічаў у фестывалі маладой савецкай паэзіі, які праходзіў у Душанбэ. На ім былі і два кіргізскія паэты, спакойныя, сарамлівыя хлопцы. Кіраўніцтва і журы фестывалю паводле яго вынікаў пасылала ацэнку творчасці кожнага з паэтаў у нацыянальныя саюзы пісьменнікаў. Уяўляеце, як непрыемна, калі ўслед за табой на радзіму раптам прыходзіць негатыўнае рэзюме. Асаблівая крыўда наносіцца такім чынам усходняму чалавеку…

На фестывалі была вялікая група паэтаў з Масквы. Сталічная багема, якая заўсёды паводзіла сябе бесцырымонна і нахабна, у першы ж дзень свайго гасцявання выжлукціла з гасцінічных аптэчак усе лекі з утрыманнем спірту і нават вынюхала эфір. На нацыяналаў яна глядзела звысоку, бо, акрамя сябе, нічога вартага не бачыла. Пад абстрэл масквічоў трапілі кіргізы са сваімі вершамі. Трэба праўдзіва сказаць, што па падрадкоўніках на рускай мове, якія прачыталі Курбаналы і Акбар на фестывалі, нельга было заўважыць нейкія цікавыя знаходкі. Яны былі зроблены халтурна, дзеля адчэпкі.

Словам, і ўдзельнікі фестывалю, і яго кіраўніцтва не ўспрынялі паэзію кіргізаў станоўча, а таму іх унеслі ў “чорны спіс”. Хлопцы пакрыўдзіліся, ледзьве не плакалі. А мне за дэкларатыўнасцю падрадкоўнікаў пачулася, што там ёсць нешта вартае, што прабіваецца на волю сапраўдная паэзія.

Я адвёў Курбаналы і Акбара ўбок і сказаў: “Забірайце свае вершы. Пайшлі ў нумар. Вы падрабязна растлумачыце, проста разжуяце кожную метафару, кожнае параўнанне, кожнае слова. Выварочвайце мне да канца ўсё, што вы тут панапісалі”. Аказалася, што хлопцы надзвычай таленавітыя паэты, проста аўтары падрадкоўнікаў паленаваліся, не захацелі з імі папрацаваць. Да позняй начы мы шчыравалі над новымі падрадкоўнікамі. І недарэмна.

Назаўтра раніцай я папрасіў кіраўніцтва фестывалю вярнуцца да творчасці кіргізаў і выслухаць іх. Курбаналы і Акбар пабылі на трыбуне. “Ну это же совсем другое дело!” – задаволена прамовіў старшыня журы, і прозвішчы кіргізаў з папкі з мінусам пераплылі ў папку з плюсам. Іх рэпутацыя была выратавана.

Увечары ў мой нумар пастукалі. На парозе стаялі Курбаналы і Акбар з вялікім падносам, на якім былі пляшкі каньяку і віна, агромністыя чырвоныя яблыкі, вэнджанае мяса, рыба, зеляніна. “Ты назаўсёды наш лепшы сябра”, – дружна прамовілі хлопцы.

Яны сталі знанымі паэтамі. Але, на вялікі жаль, Курбаналы ў цяжкую для сябе пару звёў рахункі з жыццём. Акбар Рыскулаў сёння ў Кыргызстане – адзін з самых вядомых літаратараў і грамадскіх дзеячаў.

Радасць з касмічнай прасторай

Цікава, што перапад ціску, які найбольш залежыць ад метэаўмоў, сведчыць пра маю сувязь з белым светам, з космасам больш даставерна, дакладна, чым нейкія глабальныя веды. Я адчуваю роднасць з касмічнай прасторай, як апёк, як подых ледзянога холаду.

З-за павагі?

У школьнай кладоўцы знайшлі шмат чорна-белых партрэтаў савецкіх правадыроў, якія былі заседжаныя мухамі, зжаўцелыя, запыленыя. Іх даўно ўжо не носяць на дэманстрацыях, але ўсё ж захоўваюць. Відаць, з-за павагі да начальства.

…Мог бы і ў морду даць

Аўтарытарны рэжым прысабечвае вядомых нежывых пісьменнікаў, робіць іх нібыта прыхільнікамі сённяшняга ладу, бо яны ўжо нічога не могуць сказаць супраць. За такое нахабства і цынізм гарачы вальналюб Уладзімір Караткевіч, з якім я шмат гадоў сябраваў, мог бы і ў морду даць.

Агідна!

“Святая Варвара – апякунка расійскіх ракетных войскаў”. Ну і ну! Увогуле, асвячэнне зброі праваслаўнымі святарамі выклікае агіду і жах.

Металічны зубы і “жалезны парадак”

Металічныя зубы… Такія былі ў маёй мамы, у бацькі, ва ўсіх нашых родзічаў. Савецкіх людзей пазнавалі па “жалезных” зубах. Заслона паміж СССР і астатнім светам таксама была “жалезнай”. А цяпер у Беларусі ўсіх заклікаюць да “жалезнага парадку”.

Паралель

Гляджу на тутэйшых дэпутатаў і думаю, што на кнопкі націскаць маглі б і чацвераногія пацыенты акадэміка І.Паўлава.

Валяліся галёшы

Страшны, пачварны гіпноз адыёзнай асобы Сталіна. Яго смерць абывацелі ўспрынялі як канец свету. На пахаванні ў Маскве ў неймавернай даўцы тысячы людзей былі задушаны. Целы вывезлі, а на плошчы валяліся чорна-чырвоныя галёшы. Гэтая дэталь у аповедзе сведкі мяне вельмі ўразіла.

“Рускі мядзведзь” у чужым доме

Крамлёўскія правіцелі заяўляюць, што яны нармалізуюць абстаноўку ў Крыме, на поўдні Украіны. Скажу так: даўно вядома, што як толькі “старэйшы брат”, “рускі мядзведзь”, увальваецца ў нейчы дом, спакою там не чакай. На братнюю зямлю прыйшла вялікая бяда, і гэта – надоўга.

Злавеснае вызначэнне

Цяперашні правіцель любіць паўтараць: “Белорусы – это те же русские, только со знаком качества”. Можа, некаму і падабаецца такое абсурднае вызначэнне, можа, нехта спіць і бачыць сябе рускім, а нашу краіну ў складзе Расійскай імперыі. А ў мяне была і ёсць свая любімая Айчына. Вызначэнне нас рускімі на фоне ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны выглядае надта злавесным, вар’яцкім, бо гучыць з вуснаў “гаранта беларускай незалежнасці”.

Навучаныя горкім вопытам

Пасля атрымання незалежнасці змены ў параўнанні з савецкім часам у Беларусі адбыліся. Але гэта тычыцца толькі знешняга выгляду гарадоў і вёсак.

У гарадах прыўладныя бізнесоўцы набудавалі шмат новага жылля, гасцініц, офісаў. Праўда, ёсць будынкі, якія кідаюцца ў вочы тым, што псуюць выгляд гістарычных цэнтраў, разбураюць архітэктурны стыль гарадоў. У дадатак – многія з іх стаяць паўпустымі, нават пустымі.

Вёска перажыла больш глыбокія ўзрушэнні і змены. Глыбінка вымірае фізічна і маральна. Стаяць пустыя, сцвілыя хаты з пабітымі вокнамі, а ў тых, якія яшчэ жывыя, агорваюць свой век старыя людзі. Гэта пераважна жанчыны, бо мужчыны ад п’янства паміраюць раней. Хоць трэба заўважыць, што цяпер у спажыванні спіртнога цудоўны пол часта не адстае ад моцнага.

Вясковае жыццё наладжваецца цяжка ўсюды – у традыцыйных паселішчах і ў аграгарадках, таму што няма сапраўднай свабоды для прадпрымальных, ініцыятыўных людзей. Акрамя таго, упушчаны час. Пасля распаду СССР у Беларусі яшчэ можна было заахвоціць маладыя пакаленні вяскоўцаў узяць зямлю, каб эфектыўна гаспадарыць на ёй. А цяпер людзі навучаны горкім вопытам. Бачачы сённяшнія пакуты фермераў, ахвотнікаў аддаць сваё жыццё вёсцы становіцца ўсё менш і менш.

Наша сутнасць

Страх і жаданне дагадзіць начальству любым спосабам – гэта сутнасць паводзінаў сучаснага сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі.

У чым яе місія?

Стойкасць інтэлігенцыі. Сёння гэтай важнай якасці масава няма. Ёсць толькі асобныя постаці. А місія інтэлігенцыі якраз у тым, каб з годнасцю сустракаць любыя, нават самыя цяжкія часы, быць цвёрдай і немітуслівай у адстойванні праўды і справядлівасці, увогуле разумнага сэнсу жыцця.

Іншага не дадзена

Жыць – гэта азначае рызыкаваць штодзённа. Іншага нам не дадзена.

Гартаючы “Полымя”

Пагартаў у бібліятэцы (“Пушкінцы”) дванаццаты нумар часопіса “Полымя” за 2015 год. Адчуванне такое, нібыта выданне вярнулася ў савецкі час, у 50–70-я гады ХХ стагоддзя. Не стала разнастайнасці тэкстаў, высокай мастацкай якасці, свабоды выказвання, патрэбнай дынамічнасці ў падачы матэрыялаў. А я, працуючы галоўным рэдактарам, з вялікай цяжкасцю пераадольваючы таталітарную ментальнасць, ідэалагічныя бар’еры, гэтага некалі з калектывам рэдакцыі дамогся і быў шчаслівы. Ды і тыраж часопіса падвысіўся менавіта якасцю. Мы радаваліся значнай пошце, станоўчым водгукам чытачоў.

І вось усё знікла, быццам бы ў Беларусі амаль 16 гадоў не выходзіў цікавы, патрэбны людзям часопіс.

Як для армян гара Арарат

Родная мова для нас павінна стаць галоўным яднаючым пачаткам, як, напрыклад, для армян гара Арарат. Мы мусім круціцца вакол свайго слова, нібы электроны вакол ядра.

Нязручная поза

Я заўсёды любіў спаць на правым баку, вызваляючы хворае сэрца ад лішняй нагрузкі. І яно было ўдзячным, няблага патрымала мяне на зямлі, у дзівосным белым свеце.

А давядзецца ляжаць на спіне. Поза нібыта прыгожая, парадная, але нязручная, не мая. Тут яшчэ і нос з пакрыўленай перагародкай пасля ўдару ў даўняй сутычцы з падонкамі. Відаць, там, у вечным сне, буду пахрапваць. Кепска гэта, неэстэтычна… 

Аўтар: Сяргей ЗАКОННІКАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.