Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:20 14 верасня 2016
15
Памер шрыфта

У чарговым выпуску тэлеперадачы “Клуб рэдактараў” з пастаянным вядучым старшынёй Дзяржаўнай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам бралі ўдзел штатныя суразмоўцы: Павел Якубовіч (“Советская Белоруссия”) і Алесь Карлюкевіч (“Звязда”), а таксама маскоўскі беларус, намеснік старшыні Савета федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, пісьменнік Валерый Казакоў. Прысутнасць апошняга ў тэлеэфіры была, хутчэй за ўсё, абумоўлена тым, што перадача выходзіла напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства ў Рагачове.

Магчыма, мы і не звярнулі б увагі на гэтую шараговую перадачу з патугамі паразмаўляць аб нечым і адначасова ні аб чым, з жаданнем вызначыць нейкае кола пытанняў і патапіць іх у пустапарожняй балбатні. Але на гэты раз суразмоўцы аж цэлыя 13 хвілін з 40 адведзеных (разам з рэкламай) удзялілі “Народнай Волі”, а дакладней – артыкулу пісьменніка і калегі-журналіста Анатоля Зэкава “Хаўтуры па літаратуры – і не толькі па ёй”, апублікаваным на старонках газеты 30 жніўня. Нагадаем чытачам, што ў ім аўтар пракаментаваў адказы міністэрстваў інфармацыі, культуры і адукацыі, а таксама тэлерадыёкампаніі на свой папярэдні артыкул пад такой жа назвай, змешчаны яшчэ 26 красавіка, які “Клуб рэдактараў” чамусьці не заўважыў. А на гэты раз, відаць, дапякло, асабліва сп.Давыдзьку з яго далёка не беларускім тэлебачаннем. Ці, можа, думалася, што чыноўнікі дружна адрапартуюць рэдакцыі пра свае вялікія поспехі па прапагандзе беларускай літаратуры і тым самым заткнуць ёй рот. Аж не выйшла.

Тады вырашылі скарыстаць эфір. І абазначылі гэтую тэму даволі гучна: “Пісьменнік і дзяржава: хто каму вінен?”. Безумоўна ж, дзяржава, паводле слоў суразмоўцаў, робіць усё для пісьменнікаў, ледзь не на руках іх носіць, а вось некаторыя з іх, няўдзячных, яшчэ і незадаволеныя. А, скажыце, чаму радавацца? Таму, што кнігі расійскіх выдавецтваў ды і рускамоўныя выданні нашых запаланілі беларускі кніжны рынак? Што ў большасці раёнаў краіны няма гандлёвых кропак “Белкнігі”, а ў Магілёўскай вобласці яны зусім адсутнічаюць? Што выкладанне амаль усіх прадметаў у нашых навучальных установах вядзецца па-руску? Што многія школьныя і публічныя бібліятэкі гадамі не набываюць беларускую кнігу ў нашых жа беларускіх выдавецтваў, з-за чаго склады апошніх завалены кніжнай прадукцыяй пад завязку? А яшчэ таму, што пісьменнікі атрымліваюць мізэрныя ганарары, якія ім, да таго ж, часта прапануюць забраць уласнымі кнігамі, бо выплаціць грашыма выдавецтвы не маюць фінансавых магчымасцяў?

Гэта якраз тыя пытанні, якія Анатоль Зэкаў закрануў у сваіх артыкулах “Хаўтуры па літаратуры…”. А вось шаноўныя ўдзельнікі перадачы іх закранаць не захацелі. Быццам і праблем падобных не існуе – напрыклад, у тым жа выдавецкім доме “Звязда”, які ўзначальвае А.Карлюкевіч і дзе штогод выходзяць дзясяткі кніг. У ім што – кнігі нарасхват і аўтары задаволена паціраюць рукі ад атрыманых ганарараў? Называючы ўзнятыя А.Зэкавым праблемы “лухтой поўнай”, ці не распісваецца сп.Карлюкевіч у сваёй прафесійнай бездапаможнасці, калі нават пры вялікай падтрымцы пісьменнікаў і выдавецтваў дзяржавай (гэта яго сцвярджэнне) не развозяць у кожны куток Беларусі новенькія, яшчэ з пахам друкарскай фарбы кнігі яго холдынга? Ці, можа, не тое выдае, калі такога не надараецца?

Ды, у рэшце рэшт, спадар Карлюкевіч павінен сказаць “дзякуй” спадару Зэкаву за ўзнятыя ў артыкуле праблемы, вырашэнне якіх перш за ўсё павінна спрыяць нашым выдавецтвам у рэалізацыі кніжнай прадукцыі, а не абвінавачваць яго ў “лухце поўнай” і называць гэтыя праблемы пытаннямі “прыватнага тэхналагічнага характару”. Тым больш што Алесь Карлюкевіч добра ведае аўтара артыкула, надрукаванага ў “Народнай Волі”, як і тое, што апошні не з «пакрыўджаных”, бо яго кнігі ў апошнія гады даволі часта выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах. Значыць, не пра сябе любімага думае і клапоціцца А.Зэкаў. Ён адкрыта выказваецца, не баючыся, што пасля такіх выступленняў у друку яго могуць перастаць выдаваць. Вось гэта і ёсць дзяржаўны падыход да справы, што адрознівае Анатоля Зэкава ад яго тэлевізійных апанентаў, якія гуртам кінуліся абараняць дзяржаву – ад каго толькі, няўжо ад пісьменнікаў? А тое, што аўтар узняў важныя праблемы, у сваім адказе прызнала нават Міністэрства інфармацыі, хоць далей за прызнанне, праўда, справа не пайшла.

Не можам абысці ўвагай і тэзіс наконт таго, што пісьменнік павінен пісаць на той мове, у асяродку якой ён вырас. Такім чынам, амаль усім трэба пераходзіць на рускую, бо дзе ён у нас, беларускі асяродак? Якраз пісьменнікі і ствараюць гэты асяродак, калі ўжо пра яго не вельмі клапоціцца дзяржава: у школе, універсітэце, на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у чыноўных кабінетах. А не абмяжоўваюцца толькі тыднямі мовы ў школах ды адным Днём беларускага пісьменства ў год у адным асобна ўзятым горадзе.

Зрэшты, а хіба гэта не пытанне: чаму тыя ж урачыстасці ў Рагачове прайшлі без удзелу Саюза беларускіх пісьменнікаў, як, між іншым, праходзілі і папярэднія – у Глыбокім, Быхаве, Заслаўі, Шчучыне і іншых гарадах? Няўжо Іван Юркін – на сёння самая яркая зорка беларускай літаратуры, бо менавіта песні ў выкананні А.Ярмоленкі і А.Елісеенкава на яго рускамоўныя словы, што проста недарэчна для такога свята, занялі палову часу, адведзенага на выступленні пісьменнікаў на галоўнай сцэне? Дзякуй, што хоць далі прачытаць па вершы С.Давідовічу, К.Цыбульскаму, П.Сямінскаму, Л.Кебіч, якая прадставіла траіх малавядомых паэтаў з Гродзеншчыны, ды траім гасцям з Расіі. А вось перад запланаваным выхадам на сцэну таленавітага барда і паэта Ганны Чумаковай, якую, каб выступіла перад землякамі, спецыяльна запрасілі з Мінска, імпрэзу ўвогуле абарвалі, бо час, адведзены на яе, перабралі Юркін і Кº. Ды і многія запрошаныя на свята пісьменнікі былі на ім ніяк не задзейнічаны.

А хіба нармальна, што Нацыянальная літаратурная прэмія, якая ўручаецца ўжо ў другі раз, “прышпілена” толькі да Саюза пісьменнікаў Беларусі? А ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў хіба няма вартых? Ці ў ім працуюць не на нацыянальную літаратуру?

Калі ж вярнуцца да “Клуба рэдактараў”, то мы не маглі не звярнуць увагі на словы Г.Давыдзькі, быццам на перадачу запрашалі і далей будуць запрашаць аўтара артыкула “Хаўтуры па літаратуры…”.

Ці так гэта, пацікавіліся мы ў А.Зэкава, які, з’яўляючыся ганаровым грамадзянінам Буда-Кашалёўскага раёна, у гэтыя дні знаходзіцца на радзіме і праводзіць творчыя сустрэчы са сваімі землякамі.

“Лухта поўная, – адказаў ён словамі А.Карлюкевіча. – Такога не было ніколі. Я, праўда, разам з Навумам Гальпяровічам на працягу года вёў на тэлеканале “Беларусь 3” тэлепраграму “Дыяблог P.S.”, але гэта быў зусім не дыскусійны, а літаратурны праект. Потым без тлумачэнняў прычын праграму знялі з эфіру. Але я заўсёды гатовы падзяліцца сваімі развагамі ў любой аўдыторыі. Толькі вось ці зацікавяць яны “Советскую Белоруссию” і “Звязду” так, як зацікавілі “Народную Волю”?»

Дык ці не ўзнікае пытанне: хто ж болей нясе “лухту поўную” – аўтар артыкула ў “Народнай Волі” ці ўдзельнікі “Клуба рэдактараў”? Зрэшты, апошнім да гэтага не прывыкаць і на старонках рэдагуемых імі газет, і ў тэлеэфіры.

Рэдакцыя газеты “Народная Воля”.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

В центре Нью-Йорка произошел взрыв

Полиция Нью-Йорка проверяет информацию о взрыве на Манхэттене недалеко от Таймс-сквер.

Беременную могут лишить пособия за плановое УЗИ не в государственном, а в частном медцентре

Беременную минчанку могут лишить пособия для женщин, ставших на учет до 12-й недели беременности, из-за того, что она сделала УЗИ в частном медцентре. Как такое возможно?

Не отдала пенсию: в Щучинском районе сын убил мать

Мужчина, находясь в состоянии алкогольного опьянения, избил мать, а скорую вызывать не стал. Женщина скончалась.