Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

28 жніўня магло б споўніцца 80 гадоў выбітнаму беларускаму паэту, грамадскаму дзеячу Генадзю Бураўкіну. Напярэдадні гэтай даты ў выдавецкай серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў выйшла кніга ўспамінаў пра Генадзя Мікалаевіча.
6:00 4 верасня 2016
23
Памер шрыфта

– У кнізе, якую падрыхтаваў журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран, сабраны эсе і інтэрв’ю з Генадзем Мікалаевічам, – распавяла “Народнай Волі” ўдава пісьменніка Юлія Якаўлеўна Бураўкіна. – Выданне атрымалася грунтоўным – 554 старонкі. Першая прэзентацыя кніжкі адбудзецца ў Віцебску, 6 верасня ў бібліятэцы імя Леніна. Пакуль што там дах не цячэ і электраэнергію не адключаюць.

У Мінску таксама будзе прэзентацыя, але крыху пазней.

Што робіць дзяржава для ўшанавання памяці Бураўкіна? Ды нічога. Ні тэлебачанне, ні радыё, хоць ён нямала гадоў аддаў ім.

– Юлія Якаўлеўна, а Генадзь Мікалаевіч любіў святкаваць дні народзінаў?

– Так! Мы запрашалі сяброў, любілі застоллі, спявалі народныя песні. Прычым так спявалі, што людзі пад вокнамі стаялі! Ніл Сымонавіч Гілевіч звычайна першым пачынаў – гэта наогул быў цуд! І Генадзь таксама спяваў. Адным словам, было!

І прайшло…

Два з паловай гады ўжо мінула, як яго няма. Час ляціць!..

Але я адчуваю, што ён побач. Вось сяджу за камп’ютарам і проста чую ягоную прысутнаць, ну хоць што хочаш рабі! Павярну галаву – няма нікога. А за спінай быццам стаіць.

– Навучыліся ўжо жыць без яго?

– Першы год – гэта была страшэнная дэпрэсія, якая выклікала ў мяне толькі град слёз. Я ўвесь час плакала, не магла нічога гаварыць. Калі што пра яго пыталіся – у мяне адразу слёзы. Я і зараз блізкая да гэтага, але тады было зусім. Цяпер ужо нават і смяюся, і жартую. Але… Крыху не так.

Дый застолляў такіх ужо не ладзім. Без яго не тое. А ён любіў іх і ўмеў рабіць цікавымі для людзей.

На 80-годдзе таксама сталы накрываць не будзем. Звычайна дзень народзінаў пасля смерці не робіцца. Але абавязкова пойдзем на могілкі.

– Калі Генадзь Мікалаевіч хварэў, вы абмяркоўвалі, як будзеце жыць, калі раптам што здарыцца?

– Не, не абмяркоўвалі. Адзінае, што ён сказаў: усё пакінь дзецям, толькі падзялі пароўну. Ну а што дзяліць? У нас толькі лецішча і кватэра, больш нічога няма. Ні віл, ні самалётаў. Гэта ён сказаў, калі яму ўжо вельмі кепска было.

– А быт на кім у вашай сям’і трымаўся? Рэдкі паэт, здаецца, схільны да гаспадаркі…

– У сям’і галавой заўсёды была я. Побытавыя пытані вырашала таксама я – з ягонай падтрымкай ці без яе.

Я ведаю яго розным, не толькі белым і пушыстым. Ён ніколі ў жыццё не брыдкасловіў, з дзецьмі быў вельмі карэктны і ўважлівы. Я вельмі цаню яго і як грамадскага дзеяча. Але… Рознае было. Як і ў кожнай сям’і. Здараліся выпадкі, калі так ужо расстроюся з-за нечага, а пасля пачытаю ягоны верш і – усё яму прабачу…

– Вы вельмі прыгожая. Думаю, Бураўкін вас не раз раўнаваў…

– Канешне, і такое было. Але ўсё адыходзіла на другій план, бо былі дзеці, сям’я. Але, трэба сказаць, што заўсёды на першым плане ў яго была нават не сям’я, а Беларусь і беларушчына.

– Вы з гэтым змірыліся?

– Канешне! Я гэта зразумела рана, калі ў нас нарадзіўся сын.

– Шчыра кажучы, я думала, што гэта ўжо ў сталым узросце Генадзь Мікалаевіч стаў такім барацьбітом.

– Не, ён такім быў заўжды. Але ў наш час не было прынята так хутка развадзіцца, як зараз. Таму так і засталася з ім.

– І столькі ўсяго ў гэты ваш апошні сказ закладзена! І болю, і кахання, і слёз, і радасці…

– Мы 55 гадоў разам пражылі, разумееце?

Помнік трэба ставіць!

Асабліва апошнія гады ў нас былі цяжкімі. Спачатку трэба было яго неяк падтрымліваць. А потым пайшлі хваробы – адна за адной. З імі трэба было змагацца. Карацей кажучы, хапіла…

Узлёт Генадзя быў высокі, імклівы. Калі жылі ў Амерыцы, мы сустракаліся з рознымі, у тым ліку вельмі разумнымі і ўплывовымі людзьмі. І Генадзь быў з імі на адным ўзроўні! Я нават падумаць не магла, што на радзіме ён акажацца нікому непатрэбным. Таму я падтрымлівала яго, казала, што наш час мінуў (хаця самой не верылася!), што трэба змірыцца з тым, што ёсць, каб супакоілася яго сэрца, каб рэчаіснасць не была для яго такой трагічнай.

– Нездарма ж кажуць, што за кожным паспяховым мужчынам стаіць разумная жанчына.

– Беларусь трымаецца на плячах жанчын! Гэта вядома.

Бачыце, праз некалькі дзён Генадзю было б 80. Я думала, што ён дажыве. Маці ягоная да 100 гадоў дажыла. Думала, і ён не менш, але…

– Юлія Якаўлеўна, а ў чым зараз сэнс вашага жыцця? Раней вы былі побач з мужам, падтрымлівалі яго. А цяпер сабой займаецеся, лецішчам, грамадскім жыццём альбо ўнукамі?

– Думаю, дзеці і ўнукі ўсё ж такі на першым плане. Лецішча мне не трэба – я ім не займаюся, гэта цяжка для мяне. Яно было любімым дзецішчам Генадзя. Яму там пісалася лёгка, ніхто не перашкаджаў. А я ўжо так: нейкія кветкі там пасаджу і ўсё.

Дзеці, унукі і іх лёс – вось што мяне цікавіць і турбуе.

– У вас з Генадзем Мікалаевічам было шчаслівае жыццё? Ніколі не шкадавалі, што звязалі з ім лёс?

– Такое складанае пытанне…

Магу сказаць так: частка майго жыцця з ім была вельмі шчаслівая!

А апошнія гады – гэта быў складаны перыяд…

На здымку: Генадзь і Юлія Бураўкіны.

 

Дасье

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».

З’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978–1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадастаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.

У 1990 г. атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, моцна паспрыяў збліжэнню беларускай эміграцыі і метраполіі.

У 1993 г. звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994–1995 гадах, быў намеснікам міністра культуры і друку.

Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газеце ў 1952 годзе. Генадзь Мікалаевіч – аўтар многіх кніг паэзіі, песні на словы ягоных вершаў сталі хітамі, іх выконваюць многія беларускія артысты, а з «Калыханкай» Бураўкіна вырасла не адно пакаленне беларусаў.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

В центре Нью-Йорка произошел взрыв

Полиция Нью-Йорка проверяет информацию о взрыве на Манхэттене недалеко от Таймс-сквер.

Беременную могут лишить пособия за плановое УЗИ не в государственном, а в частном медцентре

Беременную минчанку могут лишить пособия для женщин, ставших на учет до 12-й недели беременности, из-за того, что она сделала УЗИ в частном медцентре. Как такое возможно?

Не отдала пенсию: в Щучинском районе сын убил мать

Мужчина, находясь в состоянии алкогольного опьянения, избил мать, а скорую вызывать не стал. Женщина скончалась.