Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
26
Памер шрыфта

Хто не вораг, той можа стаць саюзнікам

У глухія савецкія часы нас, студэнтаў-майстроўцаў, уразіла чутка, што ў Акадэміі навук фізік (!) Юрый Хадыка чытае лекцыі пра хрысціянскую культуру Еўропы і пра старабеларускае мастацтва. Гэта былі незабыўныя глыткі свежага паветра – калі сапраўдныя, а не дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сцвярджаліся дакладнай аргументацыяй.

І ў палітыцы Юрый Віктаравіч прапаноўваў рашэнне з уласцівай фізіку дакладнасцю, добрасумленна выслухоўваючы доказы апанентаў і добразычліва аргументуючы. Ягоным усёчасным прынцыпам было “хто не вораг, той можа стаць саюзнікам”, ён быў маторам кааліцыйных паразуменняў дэмакратычных сіл, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.

Пры гэтым Юрый Віктаравіч меў цвёрдую і маральную беларускую пазіцыю і гатовы быў за яе ахвяраваць сабою, як гэта было падчас галадоўкі 1996 года, калі яго, арганізатара акцыі пратэсту супраць знішчэння незалежнасці Беларусі, кінулі ў вязніцу. Некалі на будынку Інстытута фізікі Акадэміі навук, дзе быў кабінет Хадыкі, ператвораны з канца 1980-х у фронтаўскае выдавецтва і ў сядзібу БНФ, з’явіцца памятны знак. Спачуваю сынам. Светлая памяць аднаму з тытанаў новага Беларускага Адраджэння.

Вінцук ВЯЧОРКА, экс-старшыня Партыі БНФ.

 

Першачарговым крытэрыем было сумленне

Юрый Хадыка – гэта ўнікальная асоба. Паводле адукацыі фізік, прычым не абы-які, а лаўрэат прэміі Савета міністраў СССР. Адначасна захапіўся глыбокімі традыцыямі беларускай культуры, гісторыі, паказаўшы сябе абсалютна дасведчаным мастацтвазнаўцам, культуролагам. Гэта з аднаго боку.

З іншага – як толькі павеялі вятры перабудовы, ён актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць, быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. А галоўнае – быў чалавекам, у якога першачарговым крытэрыем было сумленне. Ён мог у нечым памыляцца, мог нешта не так трактаваць, але разумеў гэта паводле свайго ўласнага сумлення.

Ягоная гераічная галадоўка 20 гадоў таму, у красавіку-траўні 1996-га, шмат што памяняла ў мазгах людзей, прадэманстраваўшы прыклад таго, як трэба змагацца. Таму гэта вельмі вялікая страта, нам усім Юрыя Хадыкі будзе моцна не хапаць…

Лявон БАРШЧЭЎСКІ, грамадскі дзеяч, старшыня Партыі БНФ (2007–2009 гг.).

 

Гэта надзвычай вялікая для нас страта

Па-першае, выказваю глыбокае спачуванне родным, блізкім, сябрам Юрыя Хадыкі. Ён варты таго, каб пра яго ўспомнілі добрым словам…

Магу сказаць, што мы заўсёды нядрэнна адзін аднаго разумелі. Асабіста для мяне яго разуменне таго ці іншага пытання, яго думка былі вельмі важкія. Мяне вельмі здзіўляла, як ён глыбока ўнікаў у беларускую гісторыю, у рэлігійныя справы. Відаць, у гэтым сэнсе проста апярэджваў іншых, бо, шчыра кажучы, не кожны фізік – прычым добры фізік-тэарэтык – настолькі добра разбіраецца ў пытаннях, як кажуць, сівой даўніны. То бок чалавек тэхнічнага розуму арганічна перабудаваўся на іншую сферу.

На жаль, апошнія гады ён вымушаны быў жыць у замежжы, тут ягоныя навуковыя заслугі ўжо не патрабаваліся.

Шмат гадоў Юрый Хадыка нязменна выступаў як арганізатар “Чарнобыльскага Шляху”. Як фізік ён разумеў наступствы той катастрофы, па-другое, як палітык ведаў, чаму ўлады хаваюць праўду пра Чарнобыль. У абодвух выпадках ягоная думка была важкай, аўтарытэтнай, яго выслухоўвалі з увагай і павагай.

Адпаведна, супраць яго і бунтавалі. Са сваёй пазіцыяй ён вельмі перашкаджаў камунякам, і ўрэшце яны загналі яго ў турму. Ну няхай цяпер цешацца, што іх апанент адышоў з жыцця. Але я смуткую, ягоныя сябры смуткуюць….

Гэта надзвычай вялікая для нас страта, мы яго заўсёды будзем памятаць. А Беларусь мусіць быць яму ўдзячная.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Адзін з натхняльнікаў нацыянальнага руху

У біяграфіі Юрыя Хадыкі часам пішуць, што ён быў намеснікам старшыні Сойму БНФ з 1988 года. На самай справе Юрый Віктаравіч не быў у Аргкамітэце, утвораным на гістарычным пасяджэнні ў Чырвоным касцёле 19 кастрычніка 1988 года. Ён далучыўся да дэмакратычнага руху – публічна – падчас тэлеперадачы вясной 1989-га, і ўжо праз некалькі месяцаў на ўстаноўчым з’ездзе быў абраны намеснікам старшыні Сойму БНФ. У Зянона Пазьняка яшчэ адным намеснікам быў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў.

Хадыка належаў да навукоўцаў, звязаных з даследаваннямі ў сферы абароннага комплексу, – забяспечанай савецкай эліты. І вельмі паказальна, што ён уступіў у Фронт ужо тады, калі было абсалютна зразумела, чаго гэта можа яму каштаваць. То бок далучыўся да людзей, на якіх прапагандысцкая машына абрынулася з усім яе шматгадовым досведам палітычнага і маральнага цкавання. Гэта быў Выбар.

Цяпер кажуць, што лідарам БНФ у тыя гады было лягчэй: маўляў, грамадства актыўна ўздымалася, сотні і тысячы далучаліся да нацыянальнага дэмакратычнага руху. Але трэба памятаць, што гэтая энергетыка, гэтая актыўнасць не з’явіліся самі па сабе, – у іх былі натхняльнікі і арганізатары. Пераважна прадстаўнікі культурніцкай і навуковай інтэлігенцыі – такія, як Юрый Хадыка.

У краінах Усходняй Еўропы менавіта яны (а не “крепкие хозяйственники” і афіцэры спецслужбаў) сталі на чале дзяржаў і вывелі народы з камуністычнага стойла ў цывілізаваны свет. У Беларусі склалася інакш, лёсам Хадыкі пасля здушэння апошняй хвалі Адраджэння было змаганне, турма, галадоўка, ізноў змаганне, цяжкая хвароба і фактычна эміграцыя. І ўсё гэта вартае вялікай павагі і памяці. Вечная памяць!

Сяргей НАВУМЧЫК, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання.

Прыйдзе час – і ў Мінску з’явіцца вуліца яго імя

У першую чаргу мае шчырыя спачуванні сынам Юрыя Хадыкі – Аляксею і Кастусю, усім яго родным і блізкім. Шчырае спачуванне Беларусі, бо больш няма побач з намі чалавека, які адыграў надзвычай важную ролю ў найноўшай гісторыі краіны.

Гэта адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту, адзін з яго кіраўнікоў. Адзін з тых, хто рэальна супрацьстаяў усталяванню дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. І абсалютна не віна Юрыя Віктаравіча, што гэтая дыктатура прыйшла ў Беларусь на такі доўгі час.

Юрый Хадыка вельмі шмат зрабіў і па сваёй асноўнай спецыяльнасці – ён вельмі вядомы фізік у Беларусі. І, канечне ж, ён застанецца ў памяці як выбітны дзеяч Беларускага нацыянальнага адраджэння. Асабліва хацеў бы падкрэсліць, што Беларусь для яго – гэта сапраўды было святое. І ўсё, што магчыма, ён рабіў для беларускай справы пры любых уладах. Пачынаў гэта яшчэ за савецкім часам, пры камуністах, а потым і падчас перабудовы, калі ўзніклі нефармальныя арганізацыі, а ўрэшце і Беларускі Народны Фронт.

Натуральна, прыйдзе час, калі ў Мінску, родным горадзе Юрыя Хадыкі, з’явіцца вуліца ягонага імя…

Вячаслаў СІЎЧЫК, былы сакратар Управы БНФ.

 

Ён лічыў, што размаўляць трэба з усімі

Гэта была сапраўды асоба – побач з Пазьняком і пры гэтым не такая, як Пазьняк. Калі Зянон быў адкрыты змагар, то Юрась – больш спакойны, інтэлігентны. У той час як Пазьняк ішоў у змаганні толькі наперад (па сутнасці, і я такі ж самы), то Хадыка намагаўся перацягнуць на наш бок як мага больш людзей.

Па сутнасці, гэта адзіны чалавек, які мог пайсці на кантакт з кампартыяй, з нашымі адкрытымі сапернікамі. Напрыклад, мы з Зянонам не маглі нават руку падаць тым, хто нас абражаў, а ён лічыў, што размаўляць трэба з усімі. Таму гэта была прыцягальная фігура ў Фронце для іншай часткі людзей – больш спакойных, памяркоўных.

Апроч таго, гэта быў адкрыта веруючы чалавек, уніят. Дарэчы, з айцом Аляксандрам Надсанам я пазнаёміўся менавіта дома ў Юрыя Віктаравіча: калі Надсан першы раз прыязджаў у Беларусь, мы сустракаліся, гаварылі пра перспектывы.

Вельмі шкада, што яго ўжо няма, бо гэта быў і сябра, і паплечнік. Цяжка ўспрымаць тое, што людзі адыходзяць. Здавалася, не такія ўжо ўсе і старыя, можам змагацца, шмат чаго яшчэ зрабіць для Беларусі. Але вось паціху знакавыя асобы выпадаюць з абоймы. Цяжка…

Валянцін ГОЛУБЕЎ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, доктар гістарычных навук.

 

Заўсёды сыходзіў з інтарэсаў краіны

Я, як прыехаў са сваёй вёскі ў Мінск, ад таго часу мы з Юрам Хадыкам побач, нават вучыліся на адным курсе. Потым разам былі на цаліне. Ён там так стараўся, так працаваў, што я за ім і блізка ўгнацца не мог, быў слабы і недакормлены. Таму, канечне, усё жыццё кантактавалі, падтрымлівалі сувязь. Ну што цяпер скажаш? Паболей бы такіх хлопцаў, якім быў Юра! Вельмі добры чалавек…

Безумоўна, калі-нікалі нашы пункты гледжання не супадалі, але мы з-за гэтага ніколі не станавіліся ў пазіцыю антаганістаў. Гэта былі нармальныя адносіны людзей са сваім уласным меркаваннем.

Юра Хадыка – годны сын Беларусі, які сумленна сябе паводзіў усё жыццё. Калі дзе і памыляўся, то прызнаваў памылкі, але заўсёды сыходзіў з інтарэсаў краіны, а як яшчэ вучыліся – факультэта, ВНУ. Кіраваўся толькі высакароднымі мэтамі. Ніколі не выстаўляў наперад асабістае, гэта пазіцыя была прынцыповая. Вельмі перажываю, што яго не стала…

Аляксандр ВАЙТОВІЧ, экс-старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У палітыцы і ў жыцці ішоў шляхам самым прамым і самым цяжкім

Юрый Хадыка быў беларускім Атосам. Сёння, калі ён памёр, многія прыгадалі яго знакамітую прамову на стадыёне “Дынама” ў 1989 годзе, дзе ён параўнаў змаганне з камунізмам з атакай рыцарскай кавалерыі праз пасткі “ваўчыных ям”. Атака мела плён толькі тады, калі тыя ямы напаўняліся целамі рыцараў і іх коней.

Ну а навошта ж у лоб было атакаваць, хіба не было шляхоў абыходу? Можа, і былі. Але сам Юрый Хадыка іх у жыцці і ў палітыцы не шукаў, ішоў шляхам самым прамым і самым цяжкім. Так было і са створаным ім у глухія савецкія часы музеем старабеларускай культуры, і з яго галадоўкай у турме пасля “Чарнобыльскага Шляху” 1996 года, і ў многіх-многіх іншых сітуацыях. Стыль – гэта чалавек.

Яго высакароднасць была не дэманстратыўнай, не пыхлівай, а арганічнай, ён проста не хацеў і не мог інакш. Я не раз быў сведкам таго, як менавіта Хадыка скараў людзей іншых і нават супрацьлеглых поглядаў маштабам і чароўнасцю асобы. Па-над палітычнымі поглядамі людзі гэта адчувалі.

Такім ён быў і ў перамогах, і ў паразах. Так, была і вялікая перамога, тая рыцарская конніца, сярод правадыроў якой быў і Хадыка, прынамсі раз прарвалася праз “ваўчыныя ямы” і нанесла магутнаму ворагу сакрушальную паразу. Але ён быў з тых людзей, чыё значэнне не вымяраецца адно паразамі і перамогамі.

Атос – надзвычай рэдкі тып у любыя часы. Вось і наш вельмі небагаты на іх век збяднеў яшчэ на аднаго…

Юрый ДРАКАХРУСТ, аналітык, палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

АД РЭДАКЦЫІ “НАРОДНАЙ ВОЛІ”

Цяжка развітвацца з такім цудоўным чалавекам, як Юрый Хадыка. Тым больш што на працягу многіх гадоў ён быў актыўным прыхільнікам і аўтарам нашай газеты. Колькі разоў ён выказваў калектыву рэдакцыі сваю шчырую падтрымку падчас рэпрэсій з боку ўлад!

Наша глыбокае спачуванне родным Юрыя Віктаравіча ХАДЫКІ!

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер Арсений Рогинский

В Израиле 18 декабря умер Арсений Рогинский – российский историк, правозащитник, общественный деятель, председатель правления правозащитного и благотворительного общества "Мемориал".

В бюджете-2018 президентский фонд вырос в 2,7 раза. Депутаты не знают, зачем

18 декабря Палата представителей в первом чтении принимает бюджет Беларуси на 2018 год.

Министр труда рассказала, кто все-таки получит в 2018 «по пятьсот»

В 2018 году средняя зарплата белорусов составит от 921 до 941 рублей. Об этом заявила в Палате представителей министр труда и социальной защиты Ирина Костевич во время обсуждения законопроектов по бюд