Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

10:41 26 снежня 2016
13
Памер шрыфта

Наступны, 2017-ы, год – наскрозь юбілейны. 500 гадоў Бібліі Скарыны, 500 гадоў Рэфармацыі, вялікія даты выбітных гістарычных дзеячаў…

Але адзін юбілей стаіць асабняком. Гаворка пра 100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – партыі, якая ў міжваенны час ХХ стагоддзя падняла сцяг незалежнасці Беларусі, аплаціла ідэю вольнай краіны на біблейскіх прынцыпах жыццямі дзясяткаў сваіх сябраў і была выкраслена з падручнікаў па гісторыі. Імёны Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, Фабіяна Абрантовіча і Язэпа Германовіча, Кастуся Стаповіча і Адама Дасюкевіча, Вячаслава Багдановіча і Адольфа Клімовіча, Паўла Карузы і Браніслава Туронка ў савецкія часы замоўчваліся, БХД кляймілася як “буржуазная клерыкальна-нацыяналістычная сіла”,  а яе газета “Крыніца”, супастаўная  паводле ўплыву на беларускае грамадства ў 1920–1930-х гадах  з “Нашай Нівай” пачатку стагоддзя, была асуджана на спецхраны.

Між тым БХД 1917–1939 гадоў проста аднаўляла ідэю народаўладдзя на  аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў – ідэю, якой на працягу тысячы гадоў беларускай гісторыі былі адданы Еўфрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч…

З мэтай запоўніць белыя плямы драматычнай і бліскучай гісторыі цэлай плеяды беларускіх незалежнікаў да 100-годдзя БХД я хачу прапанаваць чытачам “Народнай Волі” серыю артыкулаў пра хрысціянскую дэмакратыю.

 

Хрысціянская дэмакратыя як палітычная ідэалогія

Вытокі хрысціянскай дэмакратыі, як мы бачым з самой яе назвы, бяруць свой пачатак з Асобы Богачалавека Ісуса Хрыста.

Часам можна пачуць меркаванне: Хрыстос і палітыка несумяшчальныя. Гэта не так.

Ісус як Госпад, а значыць, і Валадар, пачынае ажыццяўляць сваю ўладу Царства нябеснага над сэрцамі людзей ужо тут, на зямлі.

Ісус падчас свайго зямнога шляху адкрыта ўсталёўваў палітычныя прынцыпы і дактрыны: ад лідарства як служэння, адказнасці и самакіравання  ажно да ўплаты падаткаў.

Ісус не імкнуўся да палітычнага першынства як самамэты, але ператвараў дзяржавы і грамадствы мацней, чым любы палітык за ўсю гісторыю чалавецтва.

Нарэшце, Ісус быў асуджаны на смерць паводле выключна палітычнага абвінавачання –  “замах на ўладу кесара”.

З хрысціянскага гледзішча, усё наша сённяшняе жыццё – чаканне і падрыхтоўка да ўсталявання Валадарства Уваскрослага Хрыста.

У якасці доказу палітычнага патэнцыялу вучэння Ісуса Хрыста прывядзём прынамсі 10 цытат з Евангелля, якія відавочна змянілі тэорыю і практыку цэлых пакаленняў грамадстваў і дзяржаў на працягу апошніх 2000 гадоў чалавечай гісторыі.

10 выслоўяў Ісуса Хрыста, якія зрабілі велізарны ўплыў на сусветную палітыку

1.“Аддавайце кесару кесарава, а Богу – Божае” (Мацвея 22:21). Юрысдыкцыя дзяржавы, падаткі.

2.“Ад кожнага, каму шмат дадзена, шмат і патрабуецца, і каму шмат даверана, з таго болей і зышчуць” (Лукі 12:48). Адказнасць.

3.“Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць” (Мацвея 5:17). Строгае выкананне закона.

4.“Хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою” (Мацвея 20:26). Кіраванне як служэнне.

5.“Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсць” (Лукі 17:21). Хрысціянская палітыка пачынаецца з сэрца.

6.“І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабіце з імі” (Лукі 6:31). Прынцып агульнага дабра.

7.“Што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на святле, і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў” (Лукі 12:3). Свабода слова.

8.“Найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам” (Лукі 12:31). Хрысціянскія прынцыпы як аснова.

9.“Хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?” (Лукі 12:14). Самакіраванне, субсідыярнасць.

10.“Калі застанецеся ў слове Маім, дык вы сапраўды Мае вучні. І спазнаеце праўду, і  праўда зробіць вас свабоднымі” (Яна 8:31-32). Свабода – у Хрысце.

Такім чынам, тыя беларусы, якія  падымаюць бел-чырвона-белы сцяг, маюць поўнае права лічыць белую палатніну з крывёй укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста сімвалам як веры, так і дабраславёнага Богам народаўладдзя.

Айцы Царквы, хрысціянскія мысліцелі Сярэднявечча і Новага часу

На тэалагічнае і філасофскае абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі найбольшы ўплыў аказалі вядучыя хрысціянскія мысліцелі нашай эры:  айцец Царквы Святы Аўрэлій Аўгусцін (354–430 гг.), вядучы каталіцкі багаслоў Тамаш Аквінскі (1225–1274 гг.) і адзін з заснавальнікаў евангельскага (пратэстанцкага) руху Жан Кальвін (1509–1564). Ідэі Аўгусціна, выказаныя ў фундаментальнай працы “Пра Горад Божы”, вучэнне Аквінскага, прынятае як інтэлектуальная платформа каталіцкім Касцёлам, і “пратэстанцкая этыка”, распрацаваная і ўвасобленая ў жыццё Жанам Кальвінам, сталі падмуркам для ідэолагаў  хрысціянскай дэмакратыі Новага часу – такіх як Абрахам Кёйпер (1837–1920), Жак Марытэн (1882–1973), Эмануэль Мунье (1905–1950) і іншых.

Многія еўрапейскія дзяржавы і грамадствы IV–XVIII стст. нясуць у сваёй палітычнай архітэктуры яўныя прыкметы практычнай хрысціянскай дэмакратыі. Дамінаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і шырокі сацыяльны ўплыў цэркваў арганічна дапаўняліся гарадскім самакіраваннем, цэхавымі супольнасцямі, моцнымі сямейнымі традыцыямі, развіццём таварна-грашовых рынкавых адносін адначасова з сістэмай дабрачыннасці і сацыяльнага абавязку.

Перспектыўнай хрысціянска-дэмакратычнай мадэллю было, да прыкладу, Вялікае Княства Літоўскае XV–XVI стагоддзяў. Падставовая дэмакратычнасць (вечавыя традыцыі, падзел галін улады, выбары вялікага князя, Магдэбургскае права, магутнасць пласта “люду паспалітага”, соймы і соймікі, Паны-рада) гарманічна спалучаліся тут з хрысціянскай этыкай як грамадскай і сацыяльнай нормай. Каталіцкія ордэны, праваслаўныя брацтвы і пратэстанцкія зборы адыгрывалі ролю своеасаблівых палітычных партый, у магістратах буйных гарадоў кіраванне адбывалася паводле міжканфесійнай ратацыі, квітнелі, як бы зараз сказалі, плюралізм ды персаналізм, а найважнейшыя пытанні вырашаліся шляхам галасавання. Больш падрабязна хрысціянска-дэмакратычны феномен цывілізацыі ВКЛ мы разгледзім у наступным раздзеле кнігі.

(Працяг у наступных выпусках тэматычнай паласы “Пошта”.)

Павел СЕВЯРЫНЕЦ.

 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Бюджет 2018: кому добавят, кого ужмут

Депутат А.Канопацкая опубликовала «заранее» доходы и расходы республиканского бюджета, запланированные на следующий 2018 год.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» выступіць з незвычайнай праграмай

Ужо хутка, 9 снежня, на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» - стыльныя, багемныя, ашаламляльныя Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў.

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.