Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

(Працяг. Пачатак у №97.)
6:00 27 снежня 2016
16
Памер шрыфта

Фарміраванне палітычнай ідэалогіі хрысціянскай дэмакратыі: ХІХ стагоддзе

У якасці самастойнай сфармуляванай ідэалогіі хрысціянская дэмакратыя ўзнікла як рэакцыя на Вялікую французскую рэвалюцыю канца XVIII ст., сусветнае руйнаванне феадалізму ды імклівае распаўсюджванне лібералізму і сацыялізму.

Тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” ўжо ўжываўся падчас бурлівых падзей 1789–1794 гг. у Францыі – і як альтэрнатыва спарахнеламу “старому ладу”, і адначасова як супрацьпастаўленне рэвалюцыйнаму хаосу.

Абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі як шляху развіцця чалавецтва ў эпоху Новага часу – заслуга рэлігійнага філосафа, абата, аднаго з родапачынальнікаў хрысціянскага сацыялізму Фелісьена Рабера дэ Ламене. У 1830 г. выйшла яго кніга «Будучыня», у якой была прадпрынята спроба спалучыць у новых гістарычных умовах хрысціянства і дэмакратыю.

Разам са “старым парадкам” рэвалюцыйная стыхія разбурала царкву, сям’ю, грамадскія інстытуты і наогул адмаўляла каштоўнасць чалавечага жыцця. Урэшце, каб адказаць на прамы выклік хрысціянскаму светапарадку, Ватыкан пачаў заахвочваць стварэнне так званых каталіцкіх груп дзеяння ў Італіі, Францыі і нямецкамоўных дзяржавах; святары і вернікі гуртаваліся на дэмакратычных прынцыпах і сталі адваёўваць палітычныя пазіцыі праз канкурэнтную барацьбу з ліберальнымі, сацыялістычнымі і камуністычнымі сіламі.

Разгортванне хрысціянскай дэмакратыі ў паўнавартасную палітычную ідэалогію звязваюць з эпохай рэвалюцыі 1848 года. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду прымушалі Царкву шукаць саюзу з народам, састыкоўваць дактрыны каталіцызму і дэмакратыі, фарміраваць палітыку супрацоўніцтва, а не знішчальнай барацьбы паміж працай і капіталам. Хрысціянска-дэмакратычныя перакананні паўсталі як плён напружанага пошуку грамадскай згоды.

Разам з тым адносіны паміж новастворанымі хрысціянска-дэмакратычнымі аб’яднаннямі і цэрквамі складваліся няпроста. Царква, досыць кансерватыўная паводле сваёй прыроды, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, працягвала вызнаваць дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай і змагалася за вяртанне згубленых пазіцый. З пачатку ХІХ амаль да пачатку ХХ стагоддзя афіцыйная царква супрацьпастаўляла буржуазна-дэмакратычным і ліберальным ідэям свой саюз з манархіямі – абсалютнымі і канстытуцыйнымі.

Але ўжо ў другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў рабочы рух, свет апанавалі ідэі сацыяльнай роўнасці і класавай барацьбы. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў сацыял-дэмакратыя і камунізм, адстойваючы сацыяльную справядлівасць праз нянавісць да эксплуататараў, літаральна спустошвалі цэрквы, бо клір часцей за ўсё заставаўся абаронцам улады і капіталу. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем небяспечных сацыяльных з’яў у грамадстве ў Касцёле сталі з’яўляцца плыні, якія выступалі за змену царкоўнай пазіцыі і за фармуляванне “трэцяга шляху”. 

Касцёл падтрымлівае хрысціянскую дэмакратыю

З царкоўных іерархаў першым зразумеў гэтую патрэбу і рашыўся на прынцыповы прарыў Папа Рымскі Леў XIII, які заняў папскі пасад у 1878 годзе, – у энцыкліцы Rerum novarum (1891). У 1901-м ён жа апублікаваў энцыкліку Graves de Communi Re, у якой дактрына атрымала назву «хрысціянская дэмакратыя».

Такім чынам, ідэалагічную платформу для новага этапу хрысціянскай дэмакратыі сфарміравалі энцыклікі Льва ХІІІ. Царква і свецкі рух за грамадскую справядлівасць на хрысціянскіх асновах зразумелі і прынялі адно аднаго – пачаўся бурлівы рост масавых хрысціянска-дэмакратычных партый, найперш у каталіцкіх краінах Еўропы.

Сярод хрысціянска-дэмакратычных аб’яднанняў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. найбольшы ўплыў займелі нямецкая каталіцкая “Партыя Цэнтра” і італьянская “Народная партыя” Луіджы Стурца.

Якраз гэты перыяд першага ўздыму спарадзіў вядучага тэарэтыка сусветнай хрысціянскай дэмакратыі Жака Марытэна (1882–1973).

Марытэн бачыў выйсце з крызісу эпохі Новага часу ў сцвярджэнні “тэацэнтрычнага гуманізму”, “персаналістычнай дэмакратыі”, у хрысціянізацыі ўсіх сфер культуры і экуменістычным збліжэнні рэлігій. У адсутнасці Бога, піша Марытэн, чалавек губляе сваю душу, што вядзе да з’яўлення тэорый адчаю і абсурду. Паводле думкі Марытэна, у праекце “інтэгральнага гуманізму”, які разглядае чалавека як адзінства Боскага і чалавечага пачаткаў, крыніцай суверэнітэту дзяржавы будзе Бог, і хрысціянскія ідэалы стануць для сацыяльнай палітыкі дзяржавы канонам. У такім грамадстве, на погляд Марытэна, здольнасці асобы змогуць раскрыцца найбольш поўна. 

Сусветны поспех хрысціянскай дэмакратыі

Яшчэ да Другой сусветнай вайны хрысціянскія дэмакраты сфарміравалі масавыя і папулярныя партыі ў Францыі, Аўстрыі, Баварыі, Нідэрландах, Польшчы, Літве, Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах.

Пасля паразы нацызму і фашызму ў 1945 годзе менавіта хрысціянская дэмакратыя на хвалі пакаяння і вяртання да маральных каштоўнасцяў прывяла да трыумфальнага аднаўлення і яднання Еўропы. Менавіта хрысціянскія дэмакраты Рабер Шуман, Конрад Адэнаўэр, Альчыдэ дэ Гасперы стаялі ля вытокаў сучаснага Еўрапейскага Саюза.

На 1950–1970-я гады прыпаў і росквіт хрысціянскай дэмакратыі ў Лацінскай Амерыцы. У Чылі, Венесуэле, Эквадоры кіруючыя хрысціянскія дэмакраты аказалі вялізны ўплыў на фарміраванне дзяржаўнасці, эканамічныя поспехі і зрабілі вялікі ўнёсак у тэорыю хрысціянскай дэмакратыі і хрысціянскага сацыяльнага руху (Рафаэль Кальдэра, Эдуарда Фрэй Мантальва і іншыя).

Пасля краху камунізму напрыканцы ХХ стагоддзя адраджэнне хрысціянскай дэмакратыі пачалося на тэрыторыі былога сацыялістычнага лагера – у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Украіне, Расіі, Беларусі.

У 1961 годзе быў створаны Еўрапейскі саюз хрысціянскіх дэмакратаў, у 1979-м – Еўрапейская народная партыя, зараз – найбуйнейшая палітычная сіла Еўрасаюза (на 2016 год – 217 з 751 месца ў Еўрапарламенце).

Такія партыі, як ХДС Гельмута Коля і Ангелы Меркель, Народная партыя Іспаніі, італьянскія народнікі, “Хрысціянска-дэмакратычны адказ” Нідэрландаў, бельгійскія і аўстрыйскія хадэкі – сярод галоўных архітэктараў сённяшняга еўрапейскага праекта.

На сёння хрысціянская дэмакратыя – своеасаблівая залатая сярэдзіна паміж кансерватызмам, лібералізмам і сацыялізмам. Ад кансерватызму яна бярэ патрыятызм, павагу да традыцый, цвёрдую пазіцыю ў пытаннях маралі, але адначасова адкідае нацыянальны эгаізм і застаецца адкрытай да змен у грамадстве. З лібералізмам хрысціянскую дэмакратыю лучаць ідэя асабістай свабоды і рынкавыя падыходы ў эканоміцы, але хадэкі не прымаюць ліберальнага стаўлення да чалавечага граху як нормы. З сацыялізмам у хрысціянскай дэмакратыі аднолькавыя ідэі сацыяльнай адказнасці ды салідарнасці, але супрацьлеглы погляд на ролю дзяржавы і ідэю класавай барацьбы.

Павел СЕВЯРЫНЕЦ.

(Заканчэнне ў наступным выпуску тэматычнай паласы “Пошта”.)

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".