Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:53 2 мая 2017
22
Памер шрыфта

Канец 2015 года. У Брэсце прайшоў першы бард-форум імя У.Высоцкага. У праграме форуму быў конкурс вакалістаў. Абмежаванняў на твор не было. Кожны спяваў што хацеў. Некаторыя наважваліся праспяваць штосьці з Высоцкага. Часцей выбіралі нешта іншае. А хтосьці выконваў уласны твор пад гітару.

Паколькі форум быў прысвечаны расійскаму барду, то і спявалі на рускай мове.

І вось да мікрафона выйшаў дуэт з Брэста Юрый Монін і Наталля Дзібук. Пад прыгожы гітарны перабор Юрыя пачуўся пяшчотны голас Наталлі:

Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю.

Я азёрную сінечу вуснамі лаўлю.

Моўчкі слухаю у росах песню салаўя.

Над маім лунае лёсам Беларусь мая…

На фоне таго, што было раней, родная мова гучала настолькі нечакана і мілагучна, што зала, зачараваная прыгожымі гукамі, заціхла, а па заканчэнні выбухнула грымотнымі воплескамі. Журы таксама не вагалася. Гран-пры конкурсу атрымаў дуэт з Брэста.

Чаму мне ўспомнілася тая падзея?

Напрыканцы сакавіка ў Магілёве прайшоў II Гарадскi конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці «Магілёўскія зорачкi». На конкурсе змагаліся майстры мастацкага слова і вакалісты ад 6 да 17 год. Усе творы выконваліся на беларускай мове.

Мяне зноў запрасілі ў журы як прадстаўніка ГА “Таварыства беларускай мовы”, і я ахвотна пагадзіўся, бо паўтара дня слухаць з дзіцячых вуснаў спевы і вершы на роднай мове – рэдкаснае сёння задавальненне. І ўжо з першага такога конкурсу адзначыў, што сярод дзяцей знаходзяцца адметна таленавітыя і спевакі, і вершачытальнікі, і нават вершаскладальнікі. Чакаў, што і на гэты раз парадуюся дзіцячым удачам і поспехам. Чакаў недарэмна. Асабліва ўразіла дзяўчына са школы №2 Алена Тарасава, якая досыць чулліва і прыгожай мовай прачытала сваё ўласнае апавяданне.

Задавальненне не растапілася дагэтуль, але ўсё ж знайшлося нешта, што яго істотна азмрочвае.

Рэпертуар выбраных твораў для мастацкага чытання быў даволі разнастайны. У Беларусі шмат цікавых паэтаў, і ўдзельнікі адбіралі лепшыя творы. Гучалі вершы М.Багдановіча, Н.Гілевіча, У.Караткевіча, С.Законнікава, М.Танка, іншых выбітных паэтаў. А вось з падборам твораў для вакальнага выканання былі праблемы. Гэта праявілася і на першым такім конкурсе, і яшчэ болей на другім. Тое, што некаторыя песні паўтараліся некалькі разоў, не так істотна. Важней, што гэтыя песні з тых, якія мне падаюцца псеўдапатрыятычнымі. Вось услухаемся:

 “Гэта Беларусь мая! І калі спяваю я,

Чуе Беларусь мая, як люблю яе…”

“Беларусь мілая, сінявокая!

Краіна міру і дабра!

Як кахаю цябе я…”

Здаецца, пра Беларусь. Але замяні слова “Беларусь” назвай іншай краіны – і радкі нічога не страцяць.

Ці вось гэтае:

“Я беларусачка-дзяўчынка!

І ўсміхаецца мне цэлы свет…”

Але ж гэты свет не меней усміхаецца і малдаваначцы, і македоначцы, і казахстаначцы… Песня ні пра што!

Некаторыя аўтары падобных тэксцікаў, каб неяк наблізіць змест да Беларусі, узгадваюць нейкую беларускую адметнасць – зубра, багдановічавы васількі, Белую вежу ці назвы рэк. Але ўсё гэта там вельмі спрошчана ўпамінаецца або нават неяк абыякава пералічваецца. Не адчуваецца, каб душа аўтара трымцела ад гэтага пералічэння, як яна трымцела ў Сокалава-Воюша пры напісанні радкоў, якія я працытаваў, калі ўхвальваў Юру Моніна і Наталлю Дзібук.

– Чаму выбіраюцца не самыя лепшыя песні?! – пацікавіўся я ў сваіх калег па журы. – Ёсць жа столькі цудоўных беларускіх песень! Паслухаць хаця б Данчыка…

– Сапраўды, цудоўных беларускіх песень шмат. Але яны складаныя для дзіцячага выканання. Ім патрэбна адпаведная аранжыроўка, якая сёння каштуе каля 150 долараў, патрэбны фанаграмы, тыя ж “мінусоўкі”, бо не пад гармонік жа спяваць, пажадана некалькі варыянтаў фанаграм, каб музычны кіраўнік мог выбіраць больш прыдатную для сябе і сваіх выхаванцаў. Такіх аранжыровак сёння няма.

– А хто ж робіць аранжыроўкі для песень, якія мы пачулі?

– Магчыма, самі аўтары.

– Але ж дзе яны знаходзяць тыя 150 долараў?..

І адказ раптам сам вырас у маёй галаве: гэты псеўдапатрыятызм падтрымлівае дзяржава. Здагадка пацвердзілася расповедам жанчыны: яна аднойчы падрыхтавала з дзяўчынкай прыгожую песню на нейкі конкурс з прэтэнзіяй на высокае месца, але яе “папрасілі” замяніць песню, бо яна на словы… Някляева.

Дык што ж нам, спяваць з дзецьмі тыя песенькі псеўдапатрыятычнага стылю? Ці знойдзецца нехта, хто будзе ствараць аранжыроўкі для дзіцячага выканання НАШЫХ песень?..

Міхась БУЛАВАЦКІ, настаўнік.

Магілёў.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Угроза для всей планеты: ученые предрекают гибель миллиарда человек

Ученые из Университета Колорадо предупреждают о том, что в следующем году на планете может произойти серия землетрясений, жертвами которых в общей сложности может стать миллиард человек по всему миру.

Военный эксперт: Казарма — это не тюремная камера

Как искоренить «дедовщину», раскрепостить срочников и повысить престиж военной службы — семь шагов к реформированию армии от Андрея Поротникова.

Стало известно, какой на детском «Евровидении» выступит белоруска Хелена Мерааи

Прошла жеребьевка детского «Евровидения-2017» — представительница Беларуси Хеоена Мерааи выступит пятой.