Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:59 13 верасня 2016
6
Памер шрыфта

У горадзе Орша на беразе ракі Аршыцы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў узведзены выдатны архітэктурны ансамбль: мужчынскі базыльянскі кляштар і ўніяцкая царква. Пабудовы з’явіліся па волі старасты Івана Лянкоўскага; сваім хараством яны ўражвалі не адно пакаленне, нават нягледзячы на тое, што ў 1839 годзе пастановы Брэсцкай уніі былі скасаваны і ўніяцтва пачало выкараняцца. Яны перажылі падзелы Рэчы Паспалітай, вайну з Напалеонам, рэвалюцыю 1917-га, Вялікую Айчынную…

У XIX стагоддзі частка царквы была разбурана, але яе аднавілі. І ўсё ж у 1969 годзе яе знішчылі па загадзе ўлад. Ад храма засталіся толькі парэшткі, якімі хацела завалодаць мясцовае аддзяленне міліцыі. Але кляштар грамада адваявала. Праўда, праз некаторы час з яго зрабілі жылое памяшканне.

На пачатку 2000-х будынак былой царквы наогул аказаўся закінутым, і лёс гэтага помніка архітэктуры перастаў кагосьці цікавіць, акрамя супрацоўнікаў музеяў ды творчай інтэлігенцыі. Праўда, спробы рэстаўрацыі прадпрымаліся ў 2011–2015 гадах, ля былога кляштара нават узвялі драўляную каплічку, затынкавалі адзін вугал – і на гэтым усё скончылася.

Цікава, што літаральна ў некалькіх хвілінах хады ад кляштара знаходзіцца іншы архітэктурны помнік – аршанскі іезуіцкі калегіум, які ў савецкі перыяд на доўгія гады стаў турмой. Пасля распаду СССР яго таксама закінулі, і ён стаяў у цэнтры горада нікому не патрэбны, акрамя бамжоў ды купак мясцовай моладзі. Але, кажуць, пра яго даведаўся прэзідэнт Беларусі, і ў 2007 годзе па яго загадзе пачалася рэстаўрацыя помніка. Хутка ў цэнтры горада вырас велічны будынак з 26-метровай вежай, у якім размясціліся дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя, кафэ. Ён стаў месцам розных святаў, турысцкім аб’ектам і, вядома ж, упрыгажэннем горада. У той час як базыльянскі кляштар стаіць без даху і паціху разбураецца.

Лёс кляштара ўжо не адзін год хвалюе аршанцаў. Нядаўна мясцовыя краязнаўцы сабраліся на пасяджэнне Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, каб вырашыць лёс помніка. Сябра Беларускага саюза мастакоў Мікола Купава (дарэчы, ён бачыў, як разбуралі царкву) коратка распавёў пра гісторыю кляштара і пра цяперашняе становішча. Ён выказаў абурэнне тым, што нікога з епархіі і ўлад лёс помніка гісторыі не хвалюе.

Рэстаўратар Мікалай Лук’янчык сказаў:

– У 2011 годзе мы пачалі распрацоўваць план рэстаўрацыі. Праект быў гатовы і ў 2012 годзе ўзгоднены. Аднак не было фінансавання, усё давялося спыніць…

Краязнаўца Таццяна Вароніна паказала перапіску з уладамі і пракуратурай, якая цягнецца з таго часу, калі кляштар перадалі ва ўладанне праваслаўнай царквы. Святары абяцалі аднавіць дах на будынку, аднак потым адмовіліся, аргументаваўшы гэта тым, што на паўразбураных сценах дах трымацца не будзе. Гэта і прымусіла краязнаўцаў звярнуцца ў Міністэрства культуры.

Напрыканцы мінулага месяца дах усё ж пачалі ўзводзіць. Так, закансерваваць помнік, магчыма, і ўдасца. А калі ён будзе адноўлены ў сваёй першаснай красе?

Святлана ГАЛУЗА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.
17 снежня 2017

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).