Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

З такім пытаннем карэспандэнт “Народнай Волі” звярнуўся да людзей самых розных прафесій.
6:00 6 студзеня 2017
13
Памер шрыфта

Віктар ДРАЧЫЛОЎСКІ, галоўны аграном СПК “Нарачанскія зоры” (Вілейскі раён Мінскай вобласці):

– Калі шчыра, то працавалася не вельмі добра, і шмат у чым – з-за абставін, якія не ад гаспадаркі і людзей залежалі. Надвор’е выступіла, як кажуць, фронтам супраць нас. У маі–чэрвені 37 дзён не было дажджу, уяўляеце?! Сітуацыя з пасевамі была практычна крытычная, адпаведна і ўраджай мы недабралі на 30 працэнтаў ад запланаванага.

А ўвогуле год быў для маёй сям’і добры – дачку замуж аддаў. Два дні гулялі ў аграсядзібе пад Радашковічамі…

Наталля ПРАКАПЕНКА, намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення  Фонду сацыяльнай абароны:

– Што тычыцца працы, то тут нічога незвычайнага быццам бы не адбывалася. А калі пра асабістае… Я сама нарадзілася ў высакосны год і, калі верыць прыкметам, то ў 2016-м у мяне павінна было скласціся ўсё цудоўна. На жаль, прыкметы – гэта адно, а рэальнае жыццё – зусім іншае. Было шмат праблем у сям’і, і я вам хачу шчыра сказаць, што самае галоўнае – гэта здароўе. Усё астатняе, на мой погляд, дробязі жыцця, якія так ці інакш, але вырашаюцца.

Таццяна КАСЦЮКОВА, мантажніца радыёапаратуры ААТ “Цветатрон” (Брэст):

– Як працавалася, так і жылося. А заробкі ў гэтым годзе былі не больш за 230 рублёў у месяц. Вось і мяркуйце самі. Няхай кожны паспрабуе 30 дзён праіснаваць на гэтую суму, і тады ён знойдзе для сябе адказ на пытанне “Як вам жылося?».

Праўда, у нашай сям’і працуюць яшчэ муж і сын, ёсць дапамога з вёскі. Таму агульнымі намаганнямі неяк выжываем. Чакаю 2017 год, калі ўжо буду 500 долараў атрымліваць. Лукашэнка як быццам абяцаў…

Ігар ЛАГОЙКА, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Крыніца”:

– Добра спрацавалі, і ўпершыню “Крыніца” выйшла на такія вынікі. Другі год запар маем чысты прыбытак, заробак у адрозненне ад некаторых іншых прадпрыемстваў цэлы год заставаўся стабільны. Да слова, у сярэднім заробак у нас складае каля 830 рублёў у месяц. Летам, як і было запланавана, працавалі ў тры змены. Аб’ёмы на ўзроўні, экспарт таксама і нават крыху павялічыўся… Таму год можна занесці ў актыў.

Іншая справа, што агульная сітуацыя з эканомікай крыху прыгнятае. Хаця ўсе мы ў чаканні лепшага. І, як кажуць, толькі б не было вайны…

Юрась МЕЛЯШКЕВІЧ, намеснік старшыні руху “За свабоду”:

– Як жартуе адзін мой таварыш: “2016-ы – апошні год, калі беларусы жылі кепска. Далей будзе вельмі кепска”.

А калі сур’ёзна, то гэты год быў для мяне перыядам даволі актыўнага палітычнага жыцця. Прайшла парламенцкая кампанія, сам браў у ёй актыўны ўдзел. І хаця не патрапіў у парламент, радуе, што там з’явіліся прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці. Адбылося вяртанне апазіцыйных палітыкаў у так званы парламент.

Аляксандр ВАЙТОВІЧ, загадчык лабараторыі Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

– Зараз у навуцы працаваць вельмі складана. І практычна нічога ў краіне не прадпрымаецца, каб нешта змянілася ў лепшы бок. Вельмі слабыя фінансаванне, матэрыяльная база… Таму моладзь не вельмі ахвотна ідзе ў навуку, а ў фізіку – тым больш. А калі нехта і прыходзіць, то набіраецца вопыту і адразу думае: дзе б знайсці іншае, высокааплатнае, месца?..

Але ў навуцы хаця і цяжка працаваць, але асабіста я атрымліваю ад работы задавальненне. Як быццам пераляцеў у маладыя гады.

Васіль АШУРОК, галоўны аграном ААТ “Чарлена” (Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці):

– І жылося, і працавалася нармальна. У раслінаводстве першае месца ў раёне заваявалі, тое самае – па вытворчасці азімага рапсу…

У агранаміі ў нас цудоўная каманда сабралася, і што галоўнае – практычна ўсе маладыя. Сярэдні ўзрост – да 30 гадоў. Мне, напрыклад, дваццаць дзевяць, мая жонка, якая, да слова, таксама працуе ў гаспадарцы аграномам, на чатыры гады маладзейшая. Так што ў нас, лічыце, сямейны падрад!

Франц ЖЫЛКА, бізнесмен, дырэктар кампаніі “Фра-Міл”:

– Год запомніўся тым, што наша стаматалагічная клініка пераехала ў сваё новае памяшканне. Пашырыўся спектр паслуг. Акрамя таго, мы шыем боты для верхавой язды і роты ганаровай варты, і было некалькі добрых заказаў. Напрыклад, калі ў Мінск у гэтым годзе прылятаў прэзідэнт Туркменістана, ён убачыў нашу прадукцыю на нагах матацыклістаў з прэзідэнцкага ганаровага эскорту. Спадабалася. У выніку адмыслова рабілі 50 пар ботаў для роты ганаровай варты Туркменістана і групы эскорту.

А ўвогуле, вельмі цяжкі быў год, крызіс ударыў па бізнесе. Каб заставацца на плыву, давялося прыкладна на 30 працэнтаў зніжаць кошты на прадукцыю і паслугі нават у доларах. Калі тры-чатыры гады таму тыя ж боты каштавалі 230–250 долараў, то зараз аддаем па 180–200.

Апытанне праводзіў Алесь СІВЫ. 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

20 студзеня 2018

У Беларусі вынесены два смяротныя прысуды

Мінскі гарадскі суд на паўторным працэсе 20 студзеня абвесціў прыгаворы абвінавачаным у забойстве ў снежні 2015 года маладой пары з Мінску і мужчыны з Калодзішчаў: для Вячаслава Сухарко і Аляксандра Ж
20 студзеня 2018

Почему Лукашенко не нужна своя КПСС

В странах СНГ у всех лидеров — пожизненных и сменяемых — есть своя партия. У всех, кроме Александра Лукашенко. Очередной съезд «Белой Руси» провели после нескольких переносов, но закончился он так же,
20 студзеня 2018

Спортсменам и тренерам повысили зарплаты

В Беларуси увеличен размер повышения тарифной ставки (оклада) в среднем с 85 до 300 процентов спортсменам, тренерам и иным специалистам национальных команд по видам спорта.