Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 27 снежня 2016
12
Памер шрыфта

Некалькі дзён таму галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр ПАЗНЯК правёў прыём грамадзян у Наваполацку.

Карэспандэнт «Народнай Волі» пабываў на сустрэчы і паслухаў, з якімі пытаннямі прыходзілі людзі да прадстаўніка вышэйшай ўлады.

Выязны прыём высокапастаўленага чыноўніка быў запланаваны з 9.00 да 11.00, але ён доўжыўся больш за тры гадзіны. З праблемнымі і спрэчнымі сітуацыямі да Аляксандра Пазняка запісаліся 15 чалавек. Жыхары Наваполацка распавядалі пра цяжкасці з жыллём, пра праблемы парковак, пра парушэнні працоўных адносін і некарэктныя паводзіны з боку кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў…

Пенсіянераў хвалявалі цэны ў крамах, рамонт дарог у дварах, прычыны закрыцця грамадскай лазні. Некалькі зваротаў тычыліся прадастаўлення сацыяльнага жылля людзям, якія стаяць на чарзе некалькі гадоў. Жыхары дома №135 па вуліцы Маладзёжнай звярнуліся з праблемай шуму і вібрацыі ў кватэрах з-за крамы, якая знаходзіцца ў доме.

– Нават калі пытанне тычыцца аднаго чалавека, яно ўсё роўна важнае, – сказаў Аляксандр Рыгоравіч Пазняк. – На жаль, па-рознаму вырашаюцца пытанні, але ў мяне склалася ўражанне, што кіраўніцтва наваполацкага гарвыканкама стараецца. Можа, не заўсёды штосьцi атрымліваецца, але ў любым выпадку, калі грамадзяне звяртаюцца, значыць, праблема мае месца быць.

Так, у пенсіянеркі Селязнёвай аддзелам прымусовага выканання пакаранняў быў канфіскаваны тэлевізар за даўгі перад дзяржавай беспрацоўнага сына, якi злоўжывае спіртным. Паводле слоў жанчыны, тэлевізар з’яўляецца яе ўласнасцю і ніякага дачынення да праблем сына не мае. На момант вопісу жыхарка не змагла паказаць дакументы на тэхнiку, але пазней прынесла iх на прыём. Вярнуць тэлевізар гаспадыні зараз можна толькі праз суд, але аплаціць усе выдаткі пенсіянерка з Наваполацка не ў стане.

– З аднаго боку,  аддзел прымусовага выканання пакаранняў паступіў лагічна і правільна, – пракаментаваў сітуацыю Аляксандр Пазняк. – А з іншага не разабраўся і недапрацаваў, бо сын і маці пражываюць у адной кватэры. Для пенсіянеркі гэты тэлевізар, магчыма, адзінае акно ў свет.

На вырашэнне пытання галоўны інспектар Віцебскай вобласці адвёў мясцовым уладам 10 дзён, а таксама адзначыў, што ў падобных сітуацыях несправядлівасць у адносінах да чалавека лепш прызнаць.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Аляксандр ПАЗНЯК: “На метро да працы дабіраюся хутчэй, чым на машыне”

На пасадзе памочніка прэзідэнта Аляксандр Пазняк ужо год.

– Падчас майго прызначэння прэзідэнт сказаў, што праца памочніка заключаецца ў развіцці вобласці, – распавеў «Народнай Волі» высокапастаўлены чыноўнік. – Па такім прынцыпе я і стараюся працаваць. У мяне няма штату, як у гарвыканкамаў, Але, згодна з указам прэзідэнта, усе структуры выканаўчай улады павінны садзейнічаць рэалізацыі карысных пачынанняў, якія праводзяцца памочнікам прэзідэнта. Таму ў ажыццяўленні нейкіх цікавых ідэй пытанняў няма, галоўнае, каб хапіла сродкаў і часу на рэалізацыю.

Лічу, што гэтая пасада карысная зыходзячы з таго, што можна глядзець на праблему з акна, напрыклад, Дзмітрыя Уладзіміравіча Дзямідава, старшыні Наваполацкага гарвыканкама, або Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, губернатара Віцебскай вобласці, і майго. А калі атрымліваецца некалькі розных меркаванняў – нараджаецца ісціна.

– На збанкрутаваным віцебскім прадпрыемстве «Класіка індустрыі моды» захоўваюцца запазычанасці па заробках. Як будзе вырашацца гэтая праблема?

– 20 працэнтаў зарплаты ўжо выплачана. Штомесяц старшыня канцэрна «Беллегпрам» падае мне інфармацыю, як ідзе працэс продажу маёмасці і выплаты заробкаў. Са старшынёй Эканамічнага суда вобласці мы агаварылі пытанне пра магчымую замену антыкрызіснага кіраўніка. На жаль, Заяц зацягнуў продаж маёмасці, каб можна было выплаціць гэтыя грошы. Сёння няхай нават пятая частка заработнай платы, але выплачана. Спадзяюся, што да канца года мы зразумеем, да чаго прыходзім, але тое, што сітуацыя пад кантролем і вырашаецца, адназначна.

– У Полацку з 2012 года стаіць недабудаваны радзільны дом. Што чакае гэты даўгабуд?

– У свой час было прынята рашэнне ўладкаваць наваполацкі радзільны дом, каб ён таксама мог абслугоўваць і бліжэйшыя раёны. Мы адсочвалі, наколькі кваліфікавана працуе персанал у наваполацкім раддоме, ці адпавядае абсталяванне і ці ёсць перагрузка. На сённяшні дзень загрузка радзільні ў Наваполацку складае каля 80 працэнтаў. Адшукваць зараз некалькі сотняў мільярдаў рублёў, каб дабудаваць радзільны дом у Полацку, неабходнасці няма.

Але і палі не павінны проста тырчаць. Некалькі гадоў таму абмяркоўвалася пытанне аб будаўніцтве на гэтым месцы інтэрната для ўрачоў, настаўнікаў, але эканамічная сітуацыя ў свеце падкарэкціравалася. І прапаноў, акрамя як пабудаваць службовае жыллё, пакуль не было. Калі знойдзецца той, хто з абавязковым сацыяльным пакетам зробіць нешта іншае, то будзем разглядаць.

– З Полацка некаторым прыходзіцца дабірацца на грамадскім транспарце…

– Падчас наведвання радзільні я пытаўся ў жанчын, што дрэнна. Сапраўды, некалькі чалавек з Полацка сказалі, што нязручна ездзіць у Наваполацк. Пры гэтым з Мiёраў або Расонаў ніхто так не гаварыў, хоць адлегласць значна большая. Зразумела, што лепш пад бокам, але з Полацка да Наваполацка – 7 кіламетраў. Гэта няшмат нават у межах абласнога горада, не кажучы ўжо пра Мінск, дзе я еду на метро на працу 12 кіламетраў.

– А як жа службовы аўтамабіль?

– У мяне ёсць службовая машина, і я езджу на ёй па рабочых пытаннях. Мой асноўны кабінет знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта на станцыі метро «Кастрычніцкая», а жыву я ва Уруччы. І на метро да працы дабіраюся значна хутчэй, чым на машыне. У метро я бачу людзей, рэкламу нейкіх падзей і гэтак далей…

***

Вядома, што Віцебская вобласць не чужая для Аляксандра Пазняка: напрыканцы 2010 года Аляксандр Рыгоравіч працаваў памочнікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, а ў лютым 2011-га заняў пасаду кіраўніка Полацка.

Дарэчы, губернатарам вобласці ў той час быў Аляксандр Косінец, нядаўна вызвалены Аляксандрам Лукашэнкам ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Не выключана, што паміж Пазняком і Косінцам склаліся калі не сяброўскія, то цалкам нармальныя працоўныя адносіны. Хадзілі чуткі, што па рэкамендацыі Аляксандра Косінца яго былога памочніка і прызначылі спачатку старшынёй Полацкага гарвыканкама, а потым і памочнікам прэзідэнта па Віцебскай вобласці.

Праўда, гаварыць на гэтыя тэмы Аляксандр Рыгоравіч не стаў.

– Без каментарыяў. А ў кадравых рашэннях я ўдзелу не браў.

Аўтар: Раман ВАСЮКОВIЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў