Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 15 мая 2017
9
Памер шрыфта

На мінулым тыдні ў сувязі са сваімі навукова-педагагічнымі інтарэсамі я некалькі дзён знаходзіўся ў Польшчы. Раптам праз скайп атрымліваю інфармацыю ад Зянона Пазьняка: напярэдадні з друку выйшла “Народная праграма”, да стварэння якой у свой час спрычыніўся і я, выклаўшы там сваё разуменне, як павінна ў будучым рэфармавацца сістэма беларускай адукацыі. Пазьняк настойліва прасіў, каб я з’явіўся на прэзентацыі гэтай 70-старонкавай кнігі, якая мелася адбыцца ў Доме журналіста ў самым цэнтры Варшавы. Я не мог не адгукнуцца на просьбу Зянона Станіслававіча. У сваю чаргу папрасіў, каб ён як каардынатар працы падпісаў мне, як суаўтару, два экзэмпляры папяровага варыянту “Народнай праграмы”, што ён і зрабіў. Пры гэтым пажартаваў: “Больш не дам, бо пільныя мытнікі ўсё адно забяруць, як некалі канфіскавалі нават мой “Фотаальбом”.

…На беларускай мытні наш аўтобус апынуўся недзе каля 22.30 таго самага дня (дарэчы, гэта быў і дзень нараджэння Зянона Пазьняка). Падчас кантролю, натуральна, абодва экзэмпляры “Народнай праграмы” з аўтографамі былі выяўлены. Мяне папрасілі пайсці ў кабінет мытнай службы.

– Навошта? – пытаюся. – Кнігі з аўтографамі, у “спісе экстрэмісцкай літаратуры” іх няма. Навошта затрымліваць людзей з аўтобуса, якія спяшаюцца паспець дадому на Радаўніцу?

– Там разбяромся, – быў адказ галоўнага інспектара мытнай службы Дзмітрыя Жыжэйкі.

“Разбіральніцтва” цягнулася каля трох гадзін: урэшце, і рэйсавы аўтобус без мяне быў адпушчаны ў Мінск. Было складзена некалькі відаў пратаколаў і “акт аб выманні” кніг.

– Вось, калі на пачатку 1990-х стваралася мытная служба незалежнай Беларусі, – спрабую я зноў нешта растлумачыць, – тады нікому і ў галаву не магла прыйсці ідэя забіраць на мяжы кнігі.

– А можа, вы належыце да якой-небудзь забароненай экстрэмісцкай арганізацыі? – кажа інспектар Жыжэйка.

Тут ужо мне давялося паказаць службовае пасведчанне аглядальніка “Народнай Волі”:

– Я абавязкова апішу ў газеце сённяшнія мае прыгоды, у якіх віны са свайго боку я ніякай не адчуваю. Тое, што вы спрабуеце у мяне забраць, ёсць і даступна ўсяму свету ў інтэрнэце!

(Дарэчы, і чытачы “Народнай Волі” могуць свабодна прачытаць дакумент пад адрасамі http://www.bielarus.net/archives/2017/04/20/4739 або http://www.bielarus.net/archives/2017/04/20/4743).

– Служба ў нас такая, Леанід Пятровіч, – я кожны крок мушу дакладаць вышэй.

І сапраўды, галоўны інспектар Жыжэйка ўвесь час доўга нешта ўдакладняў ажно з некалькімі асобамі па тэлефоне. У гэты час двое іншых супрацоўнікаў мытні вельмі старанна і дбайна (мне падалося, што і не без цікаўнасці!) вывучалі “Народную праграму”…

Урэшце, дакументы на шасці старонках тэксту былі складзены. У “Акте отбора проб и образцов“ было запісана, што “отобранные пробы (образцы) упакованы в картонную коробку и опечатаны фрагментом бумаги белого цвета с оттиском личной номерной печати №1431”. Спадар Жыжэйка даў мне адрасы і тэлефоны мытных начальнікаў, якім я магу скіраваць скаргі ці запыты наконт лёсу адабраных у мяне кніг.

А палове трэцяй гадзіны ўночы ветлівыя мытнікі ўрэшце вырашылі са мной развітацца і нават спрабавалі арганізаваць мой даезд да Мінска з прыватным кіроўцам. Гэтага рабіць, урэшце, не спатрэбілася, бо выпадкова ў мытную залу чакання зазірнуў… мой даўні знаёмы і аўтар “Народнай Волі” Аляксандр Мех, які з жонкай вяртаўся з аднадзённай паездкі ў Польшчу. Ён і давёз мяне ў свой Кобрын, каб з самай раніцы пасадзіць на маршрутку ў Мінск.

Аляксандр Мех расказаў мне таксама, што пры ўездзе ў Польшчу яму давялося аддаць на памежны і мытны кантроль з двух бакоў 12 (!) гадзін, а пры вяртанні назад – шэсць.

Разумею няпростыя ўмовы работы мытнікаў, але бачу, што яны такія не ў апошнюю чаргу і з прычыны навязанага ім выканання функцый палітычнага нагляду, якія, на маю думку, відавочна супярэчаць артыкулам 28, 33 і 34 дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якімі “кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшальніцтва ў яго прыватнае жыццё”, “кожнаму гарантуецца свабода думак, перакананняў і іх свабоднае выяўленне”, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, праўдзівай інфармацыі… аб палітычным, эканамічным і культурным жыцці”.

Зрэшты, у дэмакратычнай краіне аўтарам дакумента, прасякнутага клопатам пра будучыню гэтай краіны, далі б магчымасць пракаментаваць яго і на нацыянальным тэлебачанні (чуеце, спадар Давыдзька, вы ж калісьці былі, здаецца, добра знаёмыя з Зянонам Пазьняком!).

Варшава–Брэст–Мінск.

 

P.S. Літаральна заўтра я збіраюся падрыхтаваць запыты да начальніка мытнай службы ў Брэсце М.М.Яроцкага і іншых службоўцаў у справе незаконнага, на мой погляд, адабрання ў мяне кніг з аўтографамі суаўтара.

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.