Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

1:38 26 мая 2017
21
Памер шрыфта

Людзі, якія стаміліся скардзіцца на праблемы, звязаныя з блізкасцю сметніка, баяцца, што побач з іх дамамі яшчэ размесцяцца новыя гарадскія могілкі на 30 тысяч месцаў.

Дарога на сметнік

Яшчэ некалькі гадоў таму былы вайсковы гарадок Сосны, які нядаўна стаў часткай Мінска, быў ціхім і зручным месцам жыхарства для соцень сем’яў. Прэтэнзіі да інфраструктуры былі тыповыя: не хапае дзіцячага садка, нязручна размешчаны прыпынкі грамадскага транспарту, недастаткова пешаходных пераходаў. Але па-сапраўднаму сур’ёзныя праблемы пачаліся, калі з-за будаўніцтва мемарыяльнага комплексу на месцы былога лагера смерці ва ўрочышчы Благаўшчына закрылі дарогу да гарадскога сметніка. Шлях смеццявозаў стаў пралягаць па жылой вуліцы Паўлоўскага ў Соснах.

Разам са спецтранспартам у Сосны прыйшлі шум, дрэнны пах, раскіданае з кузаваў смецце. На адрэзку дарогі, якая праходзіць каля жылых дамоў, цяжкія самазвалы ездзяць з хуткасцю 80–90 км/г – знакаў, якія абмяжоўвалі б хуткасць, тут няма. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што спецыяльны транспарт пачаў ездзіць фактычна па гарадской вуліцы, нармальныя ходнікі так і не з’явіліся. Мясцовыя называюць цудам тое, што за зіму, калі абапал дарогі былі звалены гурбы снегу, не здарылася аварый і наездаў.

Вырашыць праблему дарогі намагаліся па-рознаму. Падчас выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дапамагчы абяцала кандыдат Аксана Няхайчык. Але ўжо з дэпутацкага крэсла Няхайчык паскардзілася на недахоп бюджэтных сродкаў і развяла рукамі. Часу адказаць на ліст “Народнай Волі” ў  дэпутата таксама не знайшлося.

Жыхары Соснаў звярталіся то ў адну інстанцыю, то ў другую, пакуль не даведаліся, што новая дарога можа з’явіцца ў іх раёне разам з… могілкамі.

Дом ці дамавіна?

Як толькі Сосны далучыліся да Мінска, гарадскія ўлады кінулі позірк на тэрыторыю былога ваеннага гарадка. Мясцовым распавялі пра новую дарогу да сметніка, якая быццам бы можа з’явіцца ў сувязі з перабудовамі. Перамены прэзентаваліся як маштабныя, але не глабальныя: запланавалі пашырыць тэрыторыю завода “Радыян” і аднесці да прамзоны кавалак лесу, які раней адносіўся да прародаахоўнай зоны.

“Спачатку нам было шкада, што вырубяць кавалак здаровага лесу, – распавяла “Народнай Волі” мясцовая жыхарка Аксана. – Пры гэтым ніводнага слова не было сказана пра будаўніцтва, маўляў, пытанне стаіць толькі наконт пашырэння тэрыторыі завода “Радыян”. Але потым мы літаральна выпадкова даведаліся, што менавіта на вызваленых абшарах могуць з’явіцца акумулятарны завод, цэх забою жывёлы і… новыя гарадскія могілкі на 30 тысяч месцаў”.

Жыхары катэджнага пасёлка, які фактычна з’яўляецца часткай Соснаў, упэўнены, што такое суседства, па-першае, негатыўна адаб’ецца на экалогіі раёна, а па-другое, знізіць кошт нерухомасці. Многія ўклалі ў свае дамы дзясяткі тысяч долараў і гады працы. Няўжо замест ціхага жыцця побач з горадам людзі атрымаюць сумніўнае суседства з некропалем?

У Мінгарвыканкама планы наконт Соснаў цьмяныя – ідзе пошук інвестараў, вывучаюцца прапановы. У адміністрацыі Заводскага раёна Мінска “Народнай Волі” не змаглі распавесці, што менавіта будзе будавацца там, дзе сёння шуміць здаровы лес, месціцца завод “Радыян”, знаходзяцца лецішчы. Толькі дакладна вядома, што тэрыторыя будзе аднесена да прамзоны, але пра будучыя могілкі на тэрыторыі іх раёна чыноўнікі пакуль нічога не ведаюць.

Горад (без) мёртвых

Ні на адным з генеральных планаў тэрыторыя, якую збіраюцца асвоіць каля Соснаў, не пазначана як месца, дзе маглі б размясціцца могілкі. Між тым Мінску проста неабходна новае месца для пахаванняў. Сёння ў сталіцы працуюць толькі адны Заходнія могілкі, якія займаюць плошчу каля 50 гектараў. Паводле падлікаў спецыялістаў, рэсурс гэтага пагосту будзе вычарпаны не больш як за два гады.

“Новыя могілкі павінны быць плошчай не менш за 80–100 гектараў, каб на працягу доўгага часу не думаць аб пабудове наступных, – цытуе агенцтва “Мінск-Навіны” словы прадстаўніка УП “Спецкамбінат КБА” Сяргея Тура. – Але цяпер альтэрнатыўных варыянтаў размяшчэння новых могілак няма”.

Адказ жыхарам Соснаў камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама пэўнасці не дадае: “Магчымасць размяшчэння гарадскіх могілак будзе вызначана горадабудаўнічым праектам дэтальнага планавання на тэрыторыі камунальна-складской зоны 119П5-кс, які распрацоўваецца на сённяшні дзень”.

Між тым крыніцы “Народнай Волі” ў “Мінскпраекце” пацвердзілі, што план новых могілак існуе, але не вядома, дзе менавіта будзе размешчаны новы некропаль. Новыя месцы пахаванняў спачатку планавалі зрабіць у 40 кіламетрах ад Мінска ля вёскі Казекава, потым у 15 кіламетрах ад сталіцы ля Фаніпаля. Але ад планаў адмовіліся, бо, паводле нормаў, пагосты не могуць змяшчацца так блізка да населеных пунктаў. Ці ўратуе гэта Сосны? Пакуль жыхарам з упэўненасцю заявілі толькі адно: будаваць новую дарогу ці праводзіць рэканструкцыю вуліцы Паўлоўскага да 2030 года дакладна не будуць.

Аўтар: Марыя МАЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".