Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

9:27 29 мая 2017
17
Памер шрыфта

З Міхаілам Лагуновічам я сустракаўся роўна два гады таму. На могілках яшчэ былі свежыя сляды бульдозераў. Уздоўж агароджы і пасярод кладаў высіліся кучы знявечаных надмагільных камянёў, крыжоў, металічных  стрыжняў. Відовішча было настолькі непрывабным, што нямеў язык.

Днямі я ўбачыўся з Міхаілам Іванавічам ізноў на тым жа месцы. Тая ж самая папка з паперамі ў руках, тая ж занепакоенасць і трывога ў голасе. І папраўдзе – аніякіх істотных перамен, хіба што ўзбуяла пустазелле. Па могілках нельга прайсці без рызыкі зламаць ногі альбо звярнуць шыю.

Могілкі ў Дзяржынску маюць гісторыю ў два стагоддзі. Ужо ў наш час на іх перасталі хаваць нябожчыкаў, і яны набылі статус зачыненых.

Больш за тысячу чалавек знайшлі спачын пад высокімі дрэвамі. Менавіта з-за гэтых дрэў і пачаліся непрыемнасці. У верхавінах гнездаваліся вароны, колькасць іх не паддавалася ўліку, здавалася, што зляцеліся яны сюды з усяго  наваколля. З раніцы да вечара чуўся птушыны вэрхал. Вядома ж, птушкі гадзілі, і  некаму трэба было чысціць тэрыторыю, магілы, помнікі.

Самі дрэвы маглі яшчэ шумець зялёнай лістотай не адно дзесяцігоддзе. Але іх вырашылі спілаваць пад корань. Калоніі варон зніклі. Але лепш ад гэтага не стала.

– Раней тут было цяніста, – распавядае Міхаіл Іванавіч, – на магілах маіх бабуль і дзядоў раслі ландышы, касачы. Цяпер жа дружна папёрлі па ўсёй тэрыторыі хмызняк і пустазелле. Трэба аддаць належнае  работнікам  гарадской ЖКГ: у мінулым годзе яны рэгулярна абкошвалі могілкі. Сёлета яшчэ не паспелі…

Могілкам гэтым увогуле не шанцуе. Спачатку частку іх зруйнавалі пры будаўніцтве дарогі на Рубяжэвічы. Потым не знайшлі лепшага варыянта, як уклініцца ў тэрыторыю, будуючы  аўтобусны прыпынак. Колькі чалавечых чарапоў і костак вынялі – адным будаўнікам вядома…

 

Нельга сказаць, што горад спакойна назіраў за тым, што творыцца на кладах. Група людзей на чале з мясцовым энтузіястам Андрэем Бараноўскім зрабіла максімальна магчымы перапіс магіл, спадзеючыся, што навядзенне парадку будзе ісці цывілізавана.

Бяда грымнула, як сцвярджае Міхаіл Лагуновіч, 12 кастрычніка 2014 года.

– Мне знаёмыя паведамілі: грэйдар пляжыць магілы. Пад яго металічны нож трапляюць помнікі з надпісамі і без надпісаў, агароджы… Мне прыйшлося хуценька забраць дахаты пакарабачаныя крыжы з магіл продкаў, каб выправіць іх.

Рашучыя дзеянні камунальшчыкаў фактычна выглядалі вандалізмам. Міхаіл Лагуновіч пачаў збіраць подпісы. Звярнуўся па дапамогу да каталіцкага і праваслаўнага святароў.  Першы сказаў: “О, каб такое здарылася ў Польшчы, то быў бы страшэнны гвалт на ўсю краіну!”  Але ставіць подпіс пад лістом адмовіўся. Не падпісаў ліст і праваслаўны святар, мяркуючы, што яму лепш застацца ўбаку ад канфлікту.

Міхаіл Лагуновіч напісаў заяву ў райвыканкам: “Прашу тэрмінова спыніць руйнаванне магіл і помнікаў нашых продкаў і блізкіх сваякоў, пахаваных на старых могілках па вуліцы Пратасава ў Дзяржынску. А таксама ўстанавіць прычыну і законнасць дзеянняў мясцовых камунальных службаў ЖКГ”.

“Нас ніхто не праінфармаваў аб ліквідацыі могілак, на якіх пахаваны нашы продкі: дзядулі, бабулі, прадзядулі і прабабулі Бабраўніцкія, Лагуновічы, Грушы. Пры гэтым былі цалкам знесены магілы маёй бабулі Лагуновіч і яе сястры, стрыечнага брата Бабраўніцкага і ягонага сына. Магілы месціліся за агароджамі, на крыжах былі выразныя надпісы, за магіламі вёўся належны догляд.

Летам я цікавіўся ў кіраўнікоў ЖКГ лёсам могілак, мяне запэўнілі, што будзе наведзены парадак, а самі могілкі ніхто чапаць не будзе”, – распавядае Міхаіл Іванавіч.

Неабходна падкрэсліць, што пасля звароту Лагуновіча ў райвыканкам і ў пракуратуру руйнаванне могілак спынілі. Многія помнікі ўдалося захаваць.

З’явілася інфармацыя ў раённай газеце. Спачатку нарабілі бяды, а потым пачалі  нібыта раіцца з народам.

Было абвешчана грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі могілак. Экспазіцыйныя матэрыялы размясцілі ў фае райвыканкама. Кожны жадаючы мог пакінуць сваё меркаванне пісьмова альбо адаслаць па электроннай пошце.

– Мяне праект  не задавальняе, – гаворыць Міхаіл Лагуновіч. – Хочуць  ператварыць могілкі ў нешта накшталт стадыёна альбо парку. Чыноўнікам галоўнае, каб з’явіўся роўны газон для  скошвання травы. Трэба пакінуць магілы продкаў у спакоі. Дарэчы, праблема можа быць вырашана так, як гэта зрабілі ў Мінску пры рэканструкцыі могілак “Крупцы”…

… Сустракаю майстра гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яго маці з роду Бабраўніцкіх. Ён браў удзел у “лесапавале” на могілках. Прызнаецца: бесчалавечна атрымалася. Але суцяшае сябе тым, што трапіў да бацюшкі на споведзь і той адпусціх грэх: маўляў, гэта ж улада скамандавала.

Не так даўно ў Дзяржынску знішчылі яўрэйскія могілкі. На тым месцы пабудавалі жылыя дамы. Ходзіць пагалоска, што за гэта неба гневаецца на людзей: як толькі налятая бура – дахі зрывае менавіта з тых дамоў, што стаяць на былых кладах.

Былі ў Дзяржынску некалі татарскія могілкі – зруйнавалі. Знішчаны крыпта кальвінскага збору, прыкасцельны цвінтар, царкоўны пагост.

Што і казаць, Міхаіл Лагуновіч цяжка перажывае за лёс могілак, на якіх пахаваны яго шматлікія продкі. Нельга дапусціць, каб вандалізм паўтарыўся. У любой форме. Захаваць памяць пра памерлых – святы абавязак жывых.

г.Дзяржынск.

 

 

АД РЭДАКЦЫІ

Не-не ды і ўзнікае гэтая праблема – як захаваць магілы нашых продкаў у акуратным выглядзе. Не ўпэўнены, што М.Лагуновічу ўдасца адстаяць сваю пазіцыю. Не выключана, што маюць рацыю і мясцовыя чыноўнікі. Яны ездзяць па той жа Еўропе, бачаць, у якім стане падтрымліваюцца клады ў іншых краінах. Далёка не ўсюды ўзводзяцца пампезныя помнікі, не кожная магіла мае агароджу, няма імкнення абсаджваць тэрыторыі дрэвамі, кустоўем. Магчыма, па гэтым варыянце і задумваецца рэканструкцыя аднаго з месцаў пахавання продкаў у Дзяржынску.

Галоўнае – каб святая справа не стала нагодай для канфлікту паміж людзьмі і ўладамі. Таму раім з усёй далікатнасцю падысці да вырашэння праблемы, якая так хвалюе жыхара Дзяржынска Міхаіла Лагуновіча.

Аўтар: Мікалай ЗЯНЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".