Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

1:38 26 мая 2017
14
Памер шрыфта

Беларускі трэнер  распавёў “Народнай Волі” пра жыццё і працу ў Астане, а таксама пра тое, чаму вярнуўся ў Мінск.

Днямі стала вядома: беларускі настаўнік “Барыса” з Астаны і зборнай Казахстана па хакеі Эдуард ЗАНКАВЕЦ пакідае абедзве пасады, кантракт працягнуты не будзе.

Дарэчы, пад кіраўніцтвам  беларускага спецыяліста “Барыс” выйшаў у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі і нават прайшоў у першым раўндзе чалябінскі “Трактар”.  Цудоўны вынік, і можна было б працягваць работу, але…

“Я хацеў бы падзякаваць ігракам, балельшчыкам, кіраўніцтву за тое, што мы працавалі разам, – цытуюць казахстанскія СМІ словы Эдуарда Занкаўца. – Маё падарожжа ў Казахстан завяршылася. Кантракт з “Барысам” закончыўся, і працягваць яго я не буду. Буду балець і перажываць за казахстанскі хакей…”

– Да верасня мінулага года вы працавалі скаўтам амерыканскага хакейнага клуба “Чыкага Блэкхокс”, і раптам лёс закінуў вас у Казахстан. Як так здарылася?

– Шчыра кажучы, прапанова паспрабаваць свае сілы на новай працы была даволі нечаканай. І рашэнне трэба было прымаць дастаткова хутка. Пасля таго як зборная Казахстана не трапіла на Алімпіяду, паўстала пытанне аб змене трэнерскага штаба, і мне прапанавалі гэты варыянт. Вызначыцца трэба было на працягу сутак, і я гэты выклік прыняў. Адапрвіўся асвойваць “цаліну”. Узначаліў і “Барыс”, і нацыянальную каманду.

– Што стала вырашальным пры прыняцці рашэння?

– У “Барыса” добрая інфраструктура, там шмат сваіх ігракоў. Таму было цікава працаваць з базавым клубам нацыянальнай каманды і адначасова са зборнай. Гэта быў амбіцыёзны праект і, як я ўжо казаў, сур’ёзны выклік. Такія прапановы нячаста сустракаюцца, таму грэх было не выкарыстаць шанц.

– Як сустрэў Казахстан?

– Усё было проста цудоўна! Той накірунак, што я прапанаваў, прыйшоўся ўсім па душы, таму працавалася добра. У бытавым плане таксама не было ніякіх нязручнасцяў – службовая кватэра, машына…

– Фінансавы складнік меў для вас вялікае значэнне?

– Для мяне гэта было не прыярытэтнае пытанне, але магу сказаць, што ў параўнанні з папярэдняй працай я нічога не згубіў. У КХЛ у галоўных трэнераў заробкі даволі прыстойныя.

– Краіна не стала для вас “цёмным конікам”?

– Абсалютна не, бо падчас працы ў Кантынентальнай хакейнай лізе мы кожны год прыязджалі ў сталіцу Казахстана. Праўда, у гэтым годзе давялося працаваць ужо на новай арэне. Астана – малады горад, але досыць прыгожы. Сучасныя будынкі, шырокія вуліцы…

– Можаце параўнаць узровень жыцця ў той жа Астане і ў Мінску?

– Думаю, што ён прыкладна аднолькавы. Дакладна не ведаю, колькі атрымліваюць казахі, але цэны ў магазінах падобныя да мінскіх.

– А калі параўноўваць узровень казахстанскага і беларускага хакея?..

– Унутраныя чэмпіянаты таксама моцна не адрозніваюцца, хаця чатыры лепшыя беларускія каманды ўсё-такі будуць больш моцныя за чацвёрку лепшых клубаў казахстанскага першынства. Што тычыцца агульнай структуры, то ў Казахстане ёсць яшчэ два клубы, якія выступаюць у расійскай Вышэйшай лізе.

Я не ведаю, як дакладна аказваецца там дзяржаўная падтрымка хакею, але ў абласцях такая падтрымка з боку кіраўніцтва адчуваецца.

– У Беларусі апошнім часам быў самы сапраўдны бум будаўніцтва лядовых палацаў. Што ў гэтым плане чуваць у казахаў?

– Як ужо казаў, зараз для “Барыса” пабудавалі адну з лепшых арэн у КХЛ. Што тычыцца іншых гарадоў, то невялічкія лядовыя палацы там таксама ёсць, хаця не бяруся параўноўваць маштабы будаўніцтва.

Дарэчы, на пачатку чэмпіянату сярэдняя наведвальнасць матчаў з удзелам “Барыса” была 4–4,5 тысячы гледачоў, а калі завяршалі сезон, “Барыс-Арэна” была, як кажуць, пад завязку. Больш за 11 тысяч балельшчыкаў прыходзілі падтрымаць каманду.

– Эдуард, а ці былі ў вас у Казахстане свае крытыкі?

– Cправа ў тым, што я звычайна не звяртаю ўвагі на людзей, якія крытыкуюць альбо на розных форумах, альбо ў сацыяльных сетках. У мяне ёсць кіраўніцтва, да крытыкі якога і прыслухоўваюся. Таму, безумоўна, былі некаторыя матчы, калі даводзілася з кіраўнікамі клуба абмяркоўваць якасць гульні, але ж усё гэта – працоўныя моманты.

Увогуле, выхад каманды ў плэй-оф і перамога ў першым раўндзе – гэта быў, напэўна, максімальны вынік, якога на гэты момант можна было дасягнуць.

– Хакеістаў і трэнераў, напэўна, пасля такога поспеху чакалі прэміяльныя?

– Усе бонусы зараней прапісаны ў кантрактах, таму, безумоўна, яны будуць.

– У “Барыса” сур’ёзныя спонсары?

– У Казахстане ёсць арганізацыя накшталт беларускага Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, якая і выдаткоўвае грошы на асноўныя спартыўныя каманды краіны. Гэта асноўны спонсар, хаця, напэўна ж, аказваюць дапамогу і некаторыя прадпрыемствы альбо кампаніі.

– Ці быў у вас вольны час, каб можна было паездзіць па краіне, даведацца пра яе больш?

– Шчыра кажучы, асноўны час забіраў хакей, таму калі і быў вольны час, то толькі ў Астане.

– Вы жылі там з сям’ёй?

– Так, але ў гэтым годзе дачка пойдзе ў першы клас, а гэта, як мне падаецца, вельмі сур’ёзны перыяд жыцця і для бацькоў. Сям’я ў мяне на першым месцы. Таму кантракт не працягваў, вярнуліся ў Мінск.

– У бліжэйшы час чым будзеце займацца? Адпачываць ад хакея?

– У маі займуся аднаўленнем сіл, летам збіраемся з’ездзіць на адпачынак у Італію. А далей – час пакажа.

– І напрыканцы – пра надзённае. Сёння зборная Беларусі стартуе на чэмпіянаце свету па хакеі. Ваш прагноз: на што можам разлічваць?

– Папраўдзе, не бачыў гульні нашай каманды ў гэтым годзе, але, мяркую, наўрад ці сёлетняе выступленне беларусаў будзе моцна адрознівацца ад папярэдніх. І вынік можа быць самы розны – ад аптымістачнага, калі зборная трапіць у васьмёрку мацнейшых, да песімістычнага, калі давядзецца змагацца за права застацца ў эліце. Справа ў тым, што зараз у свеце ёсць шэсць мацнейшых каманд, а астатнія прыкладна аднаго ўзроўню. Вось і паглядзім, хто і як падрыхтаваўся.

ДАРЭЧЫ

5 мая зборная Беларусі правядзе першы матч чэмпіянату свету ў групе В супраць каманды Фінляндыі (17.15). Далей беларуская каманда згуляе 6 мая з Чэхіяй (17.15), 8 мая з Канадай (17.15), 10 мая са Швейцарыяй (17.15), 12 мая з Францыяй (21.15), 13 мая сустрэнецца са Славеніяй (17.15), а завершыць выступленне ў групавой стадыі 16 мая з Нарвегіяй (13.15).

Група А (Швецыя, Расія, ЗША, Германія, Латвія, Данія, Славакія, Італія) згуляе ў Кёльне.

Чатыры лепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у чвэрцьфінал першынства.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Угроза для всей планеты: ученые предрекают гибель миллиарда человек

Ученые из Университета Колорадо предупреждают о том, что в следующем году на планете может произойти серия землетрясений, жертвами которых в общей сложности может стать миллиард человек по всему миру.

Военный эксперт: Казарма — это не тюремная камера

Как искоренить «дедовщину», раскрепостить срочников и повысить престиж военной службы — семь шагов к реформированию армии от Андрея Поротникова.

Стало известно, какой на детском «Евровидении» выступит белоруска Хелена Мерааи

Прошла жеребьевка детского «Евровидения-2017» — представительница Беларуси Хеоена Мерааи выступит пятой.