Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сорак дзён таму я страціў самага дарагога, самага блізкага, самага роднага чалавека – у лепшы свет адышла мая матуля Ядвіга Антонаўна Засулевіч. Мая мама – жанчына надзвычайнай моцы духу, чалавек, на долю якога выпалі ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця. Мама была чалавекам,  закаханым у жыццё. Сёння, ушаноўваючы памяць пра маму, я хацеў бы расказаць пра яе лёс чытачам “Народнай Волі”. “Часы былі такія, што вопратку насілі па чарзе…”
1:59 10 лiпеня 2015
24
Памер шрыфта

Мама нарадзілася 19 снежня 1939 года ў вёсцы Шчаснавічы Ляхавіцкага раёна. Свайго бацьку яна не памятала – ён знік без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яе разам з трыма сёстрамі выхоўвала мая бабуля, Алена Васільеўна Волчак.

Мама расказвала, што ў гады вайны Шчаснавічы сталі гарнізоннай вёскай для акупацыйных нямецкіх войскаў, а пад Ляхавічамі яны зрабілі гета, дзе знішчалі яўрэяў. Прыйшоўшы ў вёску, немцы адразу выкінулі сям’ю маёй матулі на вуліцу. У нашым доме пасялілася нямецкае начальства, а мае сваякі ўсе чатыры гады вайны былі вымушаны жыць у хляве.

Першае беларускае слова, якое яна засвоіла з дзяцінства, – “хапун”. Мама помніла, як па вёсцы беглі мясцовыя жыхары і папярэджвалі адзін аднаго пра тое, што да населенага пункта набліжаецца вялікая грузавая машына, куды забіралі ўсіх, хто трапляўся на шляху, каб потым вывезці на працу ў Германію. Мама казала, што, пачуўшы пра “хапун”, яна імкнулася як мага хутчэй схавацца куды-небудзь…

Яна не вельмі любіла распавядаць пра сваё дзяцінства, бо першыя гады жыцця – гэта голад, холад і галеча. Мама ўзгадвала, што бывалі дні, калі ў сям’і ў літаральным сэнсе не было чаго есці, яна расказвала, што зімой не магла пагуляць на вуліцы разам з сёстрамі, бо вопратку і абутак насілі па чарзе…

Бабуля рабіла для сваіх дзяцей усё, што магла ва ўмовах вайны, аддавала ім апошнюю ежу, і гэта ў рэшце рэшт адбілася на яе здароўі. Спачатку яна перастала хадзіць, а потым аслепла.

Мама ўзгадвала, што напрыканцы вайны, калі немцы пакідалі Шчаснавічы, адзін з нямецкіх афіцэраў, які бачыў, што бабуля зусім знямоглая, прапанаваў ёй: “Давай я забяру адну тваю дачку з сабой у Германію і буду гадаваць як сваю”. Але бабуля ад такой прапановы адмовілася.

Пасля таго, як бабуля моцна захварэла, яна аддала сваіх дачок на выхаванне сястры Алесі, у якой матуля і пражыла да 16 гадоў. У тыя часы фінансавую дапамогу для дзяцей, чые сваякі загінулі падчас вайны, дзяржава плаціла да шаснаццацігоддзя, і таму мама была вымушана з’ехаць у суседнюю Украіну на работу. Там яна працавала на ўборцы пшаніцы, і пшаніцай жа атрымлівала заробак.

Тады, у юнацтве, мама марыла працягнуць навучанне, атрымаць адукацыю, але часы былі нялёгкія, трэба было зарабляць, таму пасля заканчэння школы-дзесяцігодкі яна адправілася працаваць на камсамольскія будоўлі ў Сібір.

Кватэра ад Пятра Машэрава

Чатыры гады мая мама правяла ў Цюменскай вобласці. Там яна была занята цяжкай, зусім не жаночай працай – будавала чыгунку і маленькія сібірскія гарады. Самі будаўнікі жылі ў чыгуначных вагонах, якія і вазілі іх па ўсёй бяскрайняй Сібіры. Мама расказвала, што тады ўсе маладыя людзі, якія помнілі ваеннае ліхалецце, верылі, што змогуць пабудаваць для сваіх дзяцей светлую бесклапотную будучыню. А сама яна, памятаючы, як у дзяцінстве была вымушана па чарзе с сёстрамі насіць вопратку, мела вельмі простую мару – вярнуцца ў Мінск і купіць сабе паліто, сукенку і абутак.

У Мінск мама вярнулася ў 1963 годзе. Без адукацыі ў яе быў толькі адзін шлях – пайсці на будоўлю. Так яна стала мулярам.

Усяму прыходзілася вучыц-ца. Але для яе, дзяўчыны, якая вырасла ў сельскай мясцовасці, цяжкая праца была нормай. Праўда, мама расказвала, што не адразу сышлася з гарадскімі. І нават тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, здараліся выпадкі, калі людзей з сельскай мясцовасці ганьбілі за беларускую мову. Мама расказвала, што ў інтэрнаце, дзе яна жыла, з яе часцяком здзекаваліся за тое, што яна размаўляла на трасянцы, называлі калгасніцай. “Прыйшлося ламаць сябе для таго, каб быць, “як усе”, перавучвацца на рускую мову”.

Пасля вяртання ў Мінск мама пазнаёмілася з маім бацькам. Нарадзіўся я, а бацька, якога я ніколі не бачыў і не магу помніць, з’ехаў у невядомым накірунку.

Я дагэтуль помню інтэрнат, дзе мы жылі. Будынак размяшчаўся па адрасе Я.Коласа, 34 у Мінску. З акна нашага пакоя было бачна чыстае поле, беларуская сталіца толькі пачынала разрастацца ўшыркі.

У дзяцінстве я рэдка бачыў маму. Яна працавала то ў першую, то ў другую змену, таму аддала мяне ў кругласутачны дзіцячы садок, забіраючы дахаты толькі на выхадныя. Як я іх чакаў, гэтыя два дні напрыканцы тыдня!

Потым з інтэрната на Коласа мы пераехалі ў камуналку на Сердзіча. Жыллё выдзеліў нашай сям’і будтрэст №4, дзе працавала мама. Гэтую кватэру я аднойчы ледзьве не спаліў. Бо, як, напэўна, усе хлопцы, у дзяцінстве быў неабыякавы да запалак. Ну і дагуляйся аднойчы да таго, што ўспыхнулі шторы… Добра так гарэлі, хутка. Полымя перакінулася на тэлевізар, пластмасавы корпус тэлепрыёмніка пачаў плавіцца. Пашчасціла, што ў пакой забегла суседка і паспела патушыць пажар…

Я ведаў, што нават пасля такога здарэння мама мяне біць не будзе. Яна ні разу за ўсё маё жыццё не падняла на мяне руку. Самым страшным пакараннем для мяне было знаходжанне ў “цёмным пакоі” – кладоўцы, дзе я з-за гэтага здарэння правёў добрую палову дня.

Увогуле, мама мяне асабліва не песціла. Яны разам з Сан Санычам, чалавекам, якога я лічу сваім сапраўдным бацькам, тлумачылі, што грошы зарабляюцца няпроста, іх трэба эканоміць. Таму, калі мы прыходзілі ў краму, я ніколі не скандаліў з-за таго, што мне нешта не купляюць. Рос спакойным і неразбэшчаным. Канечне, мама купляла мне ўсё самае неабходнае, але, напрыклад, цацак у той колькасці, як зараз у маёй дачкі, у мяне ніколі не было. Маёй любімай цацкай быў плюшавы мядзведзік, якого неаднойчы зашывалі, пралі і зноў зашывалі…

Самым памятным і дарагім падарункам ад бацькоў стаў ровар. Сярод аднагодак у двары я займеў яго адным з першых, і за гэта, без перабольшання, быў удзячны бацькам да канца іх жыцця…

Мама адпрацавала на будоўлі больш за дзясятак гадоў. Яна ўдзельнічала ў будаўніцтве жылых дамоў у цяперашнім Фрунзенскім раёне Мінска. Многія з гэтых будынкаў стаяць дагэтуль. І працавала яна там хоць і за мізэрны заробак, але з надзеяй атрымаць уласнае асобнае жыллё. Дзеля атрымання сваіх квадратных метраў яна падарвала здароўе. Аднойчы, працуючы на вышыні, яна ўпала з лесвіцы і атрымала сур’ёзную траўму галавы. Пасля гэтага надоўга трапіла ў шпіталь… Помню, як я хадзіў да яе туды, падбадзёрваў. Помню, як дарослыя казалі, што мама можа назаўжды застацца інвалідам, а я налатоўваўся за ёй даглядаць. Але, дзякуй Богу, абышлося, матуля ўстала на ногі.

Яна вярнулася на будоўлю. І напрыканцы 1970-х мы ўсё ж такі атрымалі ўласнае жыллё.

Мама расказвала, што адбылося гэта дзякуючы Пятру Машэраву, які аднойчы праязджаў па праспекце, які пазней быў названы яго імем, і ўбачыў, як узводзяцца новыя дамы для партыйнай наменклатуры. І быццам бы менавіта Машэраў даў загад засяліць у гэтыя дамы тых, хто іх будуе.

Так мы пераехалі ў цэнтр Мінска. Канечне, новая кватэра ў параўнанні з камуналкай на Сердзіча выглядала як “царскія харомы” – паркетныя падлогі, высокія столі…

Я дагэтуль помню маміны вочы, калі мы пераязджалі на новую кватэру, яны былі поўныя слёз шчасця. Зараз я разумею, што, паклаўшы столькі сіл і здароўя, яна не проста ключы ад кватэры атрымала, яна атрымала здзейсненую мару!

Кватэра, дарэчы, знаходзілася на трынаццатым паверсе. Маме не далі выбраць жыллё самастойна, паколькі яна не была камуністкай. Засялілі ў тое, што засталося. Але гэта выглядала драбязой. Помню, як мы, абсалютна шчаслівыя, выкінулі старую мэблю,  і мама сказала: “Ёсць новае жыллё, а на новую мэблю заробім”.

“Навошта
я выхавала цябе сумленным чалавекам?”

Адтуль, з гэтай самай кватэры, я сышоў у армію. Трапіў у Афганістан, але пра гэта тады, у 1980-х, усім салдатам загадалі маўчаць. Служыў у памежным атрадзе Харог – у афганскіх гарах. Лісты дадому пісаў вельмі часта. Але аднойчы трапіў у шпіталь, і так атрымалася, што не мог пісаць у Мінск цягам паўтара месяца. Мама расказвала, што месца сабе не знаходзіла ў тыя дні і ночы. Не ведаю, якімі праўдамі і няпраўдамі яна даведалася, дзе канкрэтна я служу, але факт застаецца фактам: аднойчы ноччу, калі я ўжо вярнуўся ў атрад, там раздаўся тэлефонны званок. Званіла мама. Яна паставіла на вушы ўсіх ваенных з патрабаваннем, каб ёй далі са мной пагаварыць. І дамаглася свайго. Як ёй удалося дазваніцца – таксама загадка. Горы, вышыня 2000 метраў, туды не кожны ваенны дазваніцца мог, а ёй удалося… І яна мне тады сказала: “Калі б не пачула твой голас, то заўтра б сама паляцела ў той Афганістан”.

Мама вельмі мяне любіла, вельмі за мяне перажывала.

Узгадваю яшчэ адзін эпізод сваёй вайсковай службы. Праз паўтара года службы мяне выклікаў да сябе начальнік і кажа: “Заслужыў, хочам цябе да ўзнагароды прадставіць. Выбірай: альбо медаль, альбо ліст-падзяку на работу маці”. Я, не задумваючыся, выбраў ліст-падзяку ад камандавання, бо ведаў, што яго зачытаюць з усім сацыялістычным пафасам у працоўным калектыве і маме будзе прыемна.

Так і адбылося. Сабралі сход. Зачыталі ліст. Мама была шчаслівая, і адзначу, што пасля гэтага стаўленне да яе на працы змянілася ў лепшы бок.

А потым… Потым надышлі дзевяностыя. Першым ударам для мамы, як і для многіх беларусаў, стала страта грошай, што ляжалі на кніжцы на “чорны дзень”. Прахам пайшлі больш за 10 тысяч савецкіх рублёў. Я, як мог, супакойваў яе: маўляў, зараблю, назапасім, абы здароўе было…

Тады, у сярэдзіне дзевяностых, я скончыў юрфак БДУ. Мама марыла, каб я атрымаў вышэйшую адукацыю, пабудаваў кар’еру. Але з пракуратуры, дзе я працаваў пасля ўніверсітэта, прыйшлося сысці. Кажучы коратка, я адмовіўся фабрыкаваць справы. Для мамы мой сыход стаў ударам. Яна разумела, што я не буду займацца злачынствамі на працоўным месцы, але думала, што маё жыццё пасля звальнення пойдзе пад адхон. Яна часцяком пыталася: “Навошта я выхавала цябе сумленным чалавекам?..” Нібыта дакарала сябе, хаця па-іншаму я выхаваны і быць не мог. Дзякуй табе за гэта, мамачка!

…Мама сышла ў маі гэтага года. Вельмі позна ў яе дыягнаставалі анкалагічнае захворванне трэцяй стадыі. “Згарэла” літаральна за тры тыдні. Свайго мужа яна перажыла на год.

Зараз яна мне часта сніцца. Кажуць, трэба ісці ў царкву, ставіць свечку. Быў, ставіў. Але мамачка прыходзіць зноў і зноў. Пытаецца пра мае справы…

Мама, я ведаю, што ты аднекуль зверху бачыш мяне, аберагаеш мяне, ты мой анёл-ахоўнік. Мне вельмі не хапае цябе, але трымаюся, гаворачы пра цябе толькі ў цяперашнім часе.

Я люблю цябе, мама!

Твой сын
 Алег Волчак.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.