Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Пухліна мозга стала прычынай смерці 40-гадовай Жанны Фрыске. Прыхільнікі развіталіся са спявачкай, і амаль адразу трывожная навіна з’явілася на афіцыйным сайце сусветнай знакамітасці – Дзмітрыя Хварастоўскага: пасля медыцынскага абследавання ў спевака дыягнаставалі пухліну галаўнога мозга.
1:59 10 лiпеня 2015
12
Памер шрыфта

Наколькі часта сустракаецца гэтая хвароба і як яе не прапусціць?

Беларускія анколагі канстатуюць: прыкладна ў 50% выпадкаў урачы выяўляюць у пацыентаў пухліны галавы і шыі, калі хвароба ўвайшла ў трэцюю-чацвёртую стадыю. Як кажуць медыкі, адбываецца гэта звычайна не па віне ўрачоў – хворыя альбо баяцца звяртацца за дапамогай, альбо не завастраюць увагу на знешнія змены, якія з’явіліся.

Каб прыцягнуць увагу да праблемы, у Беларусі сістэматычна арганізоўваюцца прафілактычныя акцыі па ранняй дыягностыцы злаякасных новаўтварэнняў. Запрашаюць на іх усіх жадаючых. Адна з такіх акцый – па ранняй дыягностыцы пухлін галавы і шыі адбудзецца 21–25 верасня 2015 года ў лячэбных установах Мінска і рэгіёнаў. Галоўны арганізатар мерапрыемства – РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

– Мы не ставім мэтай выявіць як мага больш разнастайных пухлін галавы і шыі, наша задача – паказаць, што праблема існуе: людзі павінны не цягнуць да апошняга, а прыходзіць на агляд да спецыялістаў, – заявіла агенцтву «Мінск-Навіны» старшы навуковы супрацоўнік аддзела рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі кандыдат медыцынскіх навук Наталля Трызна. – Фармат правядзення акцыі такі: пацыента абследуе мультыдысцыплінарная брыгада ў складзе анколага, ЛОР-урача і стаматолага. Будзем праводзіць папярэдні запіс праз cal-цэнтр, але калі пацыент звернецца самастойна, без запісу, дык не адмовім, абавязкова прымем. 

Анколаг нагадала, што ў 2014 годзе ў Беларусі праводзілася падобная акцыя, і ў 10% тых, хто звярнуўся, былі выяўлены перадпухлінны стан, дабраякасныя і злаякасныя новаўтварэнні.

Паўтара працэнта ўсіх выпадкаў злаякаснай пухліны

У Беларусі назіраецца рост анкалагічных захворванняў: за апошнія дзесяць гадоў на 18,4%.

– У свеце па колькасці анкалагічных хворых, якія стаяць на дыспансерным уліку ва ўстановах аховы здароўя, мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне, – канстатуе дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі прафесар Алег Суконка. – Акрамя дрэннай спадчыннасці да ўзнікнення і развіцця злаякасных пухлін прыводзіць старэнне насельніцтва, курэнне, няправільнае харчаванне. Беларусы ядуць шмат салодкага, а пухліна «сілкуецца» ў асноўным глюкозай, адсюль і перадумовы да развіцця хваробы. Паводле слоў Алега Суконкі, у апошнія два гады часцей за ўсё  ў беларускіх мужчын сярод усіх відаў раку дыягнастуецца рак прастаты, у жанчын – рак малочнай залозы. Найбольшая колькасць штогадовых выпадкаў смерці адбываецца ад раку лёгкіх, страўніка, печані, тоўстай кішкі і малочнай залозы.

Што тычыцца раку мозга, то гэтая хвароба небяспечная, але сустракаецца рэдка. Па статыстыцы, на рак мозга даводзіцца толькі 1,5% усіх выпадкаў злаякаснай пухліны. Прычым большасць злаякасных пухлін галаўнога мозга – гэта другасныя пухліны, то бок яны ўяўляюць сабой метастазы раку іншых органаў.

Дагэтуль медыкі не маюць канкрэтнага адказу на пытанне, з-за чаго ўзнікае пухліна галаўнога мозга. Вядома, што пэўныя фактары на кожным этапе развіцця раку спрыяюць яго прагрэсу або рэгрэсіі. Некаторыя людзі жывуць з пухлінай мозга шмат гадоў, нават не ведаючы, што яна ў іх ёсць.

Сімптомы пухліны галаўнога мозга розныя. Але часцяком першыя прыкметы раку мозга з’яўляюцца на позніх стадыях захворвання. Тым не менш нагодай для турбот і звароту да ўрача павінны быць галаўны боль, які не паддаецца ніякім лекам, абязбольваючым і сасудзістым прэпаратам, калі галава баліць звычайна раніцай, непакоіць галавакружэнне, шум у вушах, млоснасць і ваніты, не звязаныя з прыёмам ежы.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.