Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 чэрвеня 2017
3
Памер шрыфта

У. наступным годзе нас чакае гістарычны юбілей – стагоддзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дата абсалютна ўнікальная: да дня 25 Сакавіка 1918 года ў нашай гісторыі не было спробы стварыць не “Вялікае Княства Літоўскае”, не “Рэч Паспалітую”, не якую-небудзь “Новую Расію”, а менавіта асобную незалежную дзяржаву, у назве якой прысутнічала б слова “Беларуская”.

На жаль, далёка не ўсе ўсведамляюць велізарнае значэнне гэтай падзеі для нашай краіны. Хоць на сёння ёсць нямала грунтоўных публікацый, якія пацвярджаюць гістарычнасць падзей стогадовай даўніны. Найперш трэба ўзгадаць першы 1722-старонкавы том “Архіваў БНР”, які апублікаваў у дзвюх кнігах у свой час даследчык і журналіст Сяргей Шупа (сапраўдная Беларуская дзяржава даўно парупілася б, каб у гэтай працы быў грунтоўны працяг). Гісторыю стварэння і далейшага існавання БНР і яе структур таксама адказна вывучалі беларускія гісторыкі як на радзіме (Станіслаў Рудовіч, Віталь Скалабан, Валянцін Мазец, Наталля Гардзіенка), так і ў эміграцыі (Аляксандр Цвікевіч, Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі, Лявон Юрэвіч). Некалькі гадоў таму ў Польшчы Дарота Міхалюк абараніла на адпаведную тэму доктарскую дысертацыю, вынікі якой выкладзены ў амаль 500-старонкавай кнізе “Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918 – 1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”, якая цяпер даступна і па-беларуску.

Шкада, вельмі шкада, што для звычайнага беларуса многае і да сённяшняга дня застаецца схаваным за заслонай невуцтва, фальшу і хлусні. Іначай, напэўна, так бы агрэсіўна (сам быў сведкам таго!) не паводзілі сябе народжаныя ў Беларусі міліцэйскія начальнікі і іх падначаленыя ў дзень 99-годдзя БНР на вуліцах Мінска. Вельмі хацелася б, каб нешта такое не паўтарылася ў 2018 годзе… У тым ліку і дзеля гэтага я, выконваючы абавязак перад Праўдай Гісторыі, паспрабую часцей у “Народнай Волі” расказваць чытачам пра найважнейшыя падзеі, што папярэднічалі гістарычнаму Акту 25 Сакавіка 1918 года, а таксама пра перыяд існавання абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі.

***

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя на беларускіх землях, з аднаго боку, царскімі ўладамі насаджвалася палітыка спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі, а з другога – паступова фарміравалася і мацнела нацыянальная свядомасць этнічных беларусаў. Свой самы яскравы выраз гэта знайшло ў апублікаванай у 1891 годзе прадмове да паэтычнага зборніка “Дудка Беларуская” Францішка Багушэвіча, а найбольш – у 1906–1915 гадах, у публікацыях першай легальнай беларускамоўнай газеты “Наша Ніва”, што выходзіла ў Вільні. Менавіта “Наша Ніва” заклала падмурак разумення беларусаў не толькі як культурнай, але і як палітычнай нацыі.

Перад пачаткам Першай сусветнай вайны разуменне свайго адметнага нацыянальнага шляху сфарміравалася ва ўсіх народаў заходняй часткі Расійскай імперыі: паводле ацэнкі той жа Дароты Міхалюк, больш выразна гэта заўважалася ў эстонцаў і латышоў, менш яскрава – ва ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў. Пры гэтым літоўскія і беларускія грамадскія дзеячы і публіцысты яшчэ працяглы час мелі ў галаве план адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як шматэтнічнай, поліканфесійнай дзяржавы: гэтая ідэя найбольш дэталёва была абгрунтавана ва “Універсале канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага”, прынятым 19 снежня 1915 года прадстаўнікамі розных літоўскіх, польскіх, беларускіх і яўрэйскіх арганізацый. У якасці кіраўніка такой будучай дзяржавы пазней абмяркоўвалася і кандыдатура аднаго з нямецкіх герцагаў, далёкіх нашчадкаў князёў ВКЛ, які мог бы атрымаць уладу пад імем вялікага князя Міндоўга Другога. Гэтаму плану, аднак, не было наканавана здзейсніцца, бо ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя ва ўсёй Еўропе праходзіў пад знакам адраджэння цікавасці да нацыянальных моў і культур, а тут, так ці інакш, задумы дзеячаў літоўска-жамойцкага, польскага і беларускага адраджэння не супадалі.

Распад Расійскай імперыі ў выніку слабасці царскага рэжыму, якая асабліва выявілася падчас Першай сусветнай вайны, быў непазбежны. Адрачэнне ад трона імператара Мікалая ІІ у лютым 1917 года выразна ўзмацніла жаданні народаў вызваліцца з-пад рэжыму Санкт-Пецярбурга. У першыя два месяцы пад слабай уладай Часовага ўрада Расіі ініцыятыўныя беларусы адраджаюць дзейнасць найстарэйшай беларускай партыі, Беларускай Сацыялістычнай Грамады (пачынаючы з сакавіка 1917 г.), праводзяць у Менску (Мінску) з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый (25–27 сакавіка, роўна за год да абвяшчэння незалежнасці БНР!), сялянскі з’езд пад эгідай новаўтворанага Беларускага Нацыянальнага Камітэта (4 красавіка), засноўваюць асветніцка-грамадскую Народную Грамаду (9 мая), Таварыства Беларускай Культуры (11 мая), Арганізацыйнае бюро новай Беларускай Народнай Партыі Сацыялістаў, Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (на працягу мая), пачынаюць выдаваць салідную грамадска-палітычную газету “Вольная Беларусь” (28 мая), ствараюць Беларускі Кааперацыйны Народны Банк…

У гэты самы час у акупаванай кайзераўскімі войскамі частцы Беларусі ўжо дзейнічалі дзясяткі беларускіх школ, працавала беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы, выходзілі досыць папулярныя беларускія перыядычныя выданні, такія як славуты “Гоман”; адчынілі дзверы беларускія бібліятэкі…

Так пачынаў закладвацца падмурак будучай Беларускай дзяржавы роўна сто гадоў таму.

Лявон БАРШЧЭЎСКІ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Где хранить деньги?

Старший аналитик компании “Альпари” Вадим Иосуб рассказал “Народной Воле”, почему белорусы снова начали забирать валюту со срочных депозитов, и где сегодня лучше всего хранить сбережения.

Расследаванне гібелі вайскоўца ў Печах: 8 крымінальных спраў, некалькі чалавек затрымана

17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў дэталі следства па справе гібелі Аляксандра Коржыча.

«Затрудняет работу врачей-трансплантологов»

Белорусские медики недостаточно информированы о посмертном донорстве. Такой вывод сделан на основе опроса более тысячи врачей Гродненской области.