Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Трэнер алімпійскага чэмпіёна Уладзіслава Ганчарова распавяла “Народнай Волі”, колькі зарабляюць батуцісты і чаму няма зайздрасці да хакеістаў.
7:00 29 мая 2017
6
Памер шрыфта

Усё-такі скачкі на батуце – гэта не той від спорту, які ў нашай краіне знаходзіцца, як кажуць, у цэнтры ўвагі. І, будзем шчырыя, нават залаты алімпійскі медаль беларуса Уладзіслава Ганчарова на апошняй летняй Алімпіядзе не дадаў батуту асаблівай папулярнасці. Зрэшты, самі батуцісты на гэта не звяртаюць асаблівай увагі і ціха робяць справу, паказваючы ў адрозненне ад спартсменаў з некаторых “гучных” відаў спорту галоўнае – вынік…

– Толькі днямі вярнуліся з Канады са спаборніцтваў – паказалі там майстар-клас, – галоўнаму трэнеру зборнай Беларусі Вользе ГАНЧАРОВАЙ ёсць чым пахваліцца. – Уладзіслаў пацвердзіў свой алімпійскі статус і заняў першае месца, Алег Рабцаў быў другі, а Ганна Гарчанок заваявала бронзу. А ў сінхронных скачках хлопцы ўзялі золата, а дзяўчаты – серабро. Усяго было каля 150 удзельнікаў.

– Гэта былі  камерцыйныя старты?

– Не, звычайнае спаборніцтва, за якое спартсмены атрымалі граматы і медалі. І, дарэчы, першынства ў Канадзе не было ў нашых папярэдніх планах, але мы вырашылі іх скарэкціраваць. Стартаў у нас не так шмат, а добрую форму лепш за ўсё падтрымліваць менавіта на міжнародных спаборніцтвах.

– Увогуле, батут, відаць, не той від спорту, у якім спартсмены маюць магчымасць добра зарабіць…

– У гэтым плане мы не адзінокія. У такім жа становішчы знаходзяцца і спартыўная гімнастыка, і мастацкая, і стральба… Гэта ў тэнісе, футболе альбо хакеі зусім іншыя прызавыя і заробкі, але там зусім іншая сістэма фінансавання. А мы – амаль поўнасцю на дзяржаўнай падтрымцы. І прэміяльныя даюць спартсменам і трэнерам толькі ў залежнасці ад паказаных вынікаў. Напрыклад, зараз рыхтуемся да чэмпіянату свету, які пройдзе ў Балгарыі ў лістападзе. Калі спартсмен там пераможа, то атрымае прызавыя і ён, і трэнер. Акрамя таго, высокія месцы на такіх чэмпіянатах дазваляюць разлічваць і на прэзідэнцкую стыпендыю. За сусветнае першынство яна даецца на два гады, за еўрапейскае – на год. А стыпендыя, нават калі батуціст і не стане першым, можа быць каля 2500 рублёў у месяц. Пагадзіцеся, што не самы дрэнны заробак. На жыццё хапае.

– Тым не менш тыя ж хакеісты на чэмпіянаце свету нічога не паказваюць, але заробкі ў іх на парадак вышэй…

– Не трэба параўноўваць батут з гульнявымі відамі спорту, таму хакеістам мы не зайздросцім. Няхай выступаюць як могуць, і няхай ім плацяць столькі, колькі лічаць патрэбным. Іншая справа, што наш від спорту не вельмі рэкламіруюць, хаця гэтаму можна было б надаваць і большую ўвагу.

– Можа быць, батуцістам варта было б арганізоўваць якія-небудзь шоу?

  – Пасля Алімпіяды Уладзіслаў адзін раз браў удзел у такім шоу ў Бельгіі. Недзе каля тысячы долараў зарабіў.

– Што яшчэ змянілася ў жыцці алімпійскага чэмпіёна?

– Нічога асаблівага, хаця ў гэтым годзе Улад першы ў Беларусі набыў новую машыну BMW 5-й серыі. А ў астатнім – трэніроўкі і яшчэ раз трэніроўкі.

– Пасля Гульняў шмат пісалі пра раман Уладзіслава і батуцісткі Ганны Гарчанок. Можа, справа ідзе да вяселля?

– Пакуль тут усё ціха. Першым чынам – спорт, а дзяўчаты – потым…


Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў