Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 15 чэрвеня 2017
20
Памер шрыфта

Жонка аднаго з фігурантаў “справы “Белага легіёна” распавяла “Народнай Волі”, як даводзіцца жыць іх сям’і без мужа і бацькі.

Днямі стала вядома, што падоўжаны тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ аднаму затрыманаму па гучнай справе – мінчаніну Віктару Марозу. Пра гэта ён сам паведаміў  у лісце на волю да блізкіх і сяброў.

«Застаецца спадзявацца, што дыхаць я буду ўжо марозным паветрам, бо тэрмін майго зняволення падоўжылі да канца верасня”, – напісаў Віктар.

Паводле звестак праваабаронцаў, на гэты момант у ізалятарах утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Некаторым прад’яўлены абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а былым актывістам «Белага легіёна» дадалі яшчэ і артыкул аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання.

– 3 ліпеня будзе ўжо два месяцы, як затрымалі Віктара, – кажа яго жонка Вікторыя. – Увесь гэты час нам было вельмі складана, але асабліва перажывае сын Ярамір. Яму ўсяго тры з паловай гады, кожны вечар ён просіць патэлефанаваць тату. Даводзіцца нейкім чынам падманваць. Кажу, што тата з’ехаў далёка ў камандзіроўку, што там няма тэлефоннай сувязі… У мяне сэрца разрываецца, калі бачу, як пакутуе дзіця. Яны ж з татам былі амаль заўсёды разам. На вуліцы гулялі, кніжкі дома чыталі… Яны нават па характары і знешнасці падобныя.

Дарэчы, у лістах муж і казкі сыну дасылае, і нейкія свае фантастычныя расказы, якія Яраміру чытаю перад сном. Вось так і жывём…

– Дзе Віктар працаваў апошнім часам?

– Напачатку ён хацеў пайсці па слядах бацькі і стаць вайскоўцам, таму паступіў у Сувораўскае вучылішча. Але па стане здароўя працягнуць вучобу не змог. Закончыў БНТУ па спецыяльнасці “Лагістычныя перавозкі” і да затрымання працаваў у прыватнай фірме па сваім профілі – у кампаніі, якая займалася перавозкамі.

– Я ведаю, што кватэру вы здымалі…

– Так, ужо доўгі час арандуем жыллё, бо свайго пакуль не маем. Зараз, відаць, прыйдзецца шукаць нейкія больш танныя варыянты, бо з затрыманнем Віктара ў сям’і з’явіліся і фінансавыя праблемы. Ярамір пайшоў у садок, я сама шукаю якую-небудзь працу… Была ідэя маляваць партрэты, але, відаць, давядзецца рэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам, хаця раней думала, што гэтым можна займацца ў статусе рамесніка.

– У лістах ад мужа больш аптымізму ці песімізму?

– Па-рознаму. То піша з нейкім сумам, то кажа, што ўсё будзе добра і маральна падбадзёрвае нас. Дадае, што наогул не разумее, што прад’явяць на судзе, хаця ўсе мы разумеем, што пры жаданні справу можна павярнуць у любы бок.

Дарэчы, лісты, напэўна, праходзяць цэнзуру, бо, наколькі вядома, муж атрымлівае не ўсё тое, што я яму дасылаю. Хаця, здараецца, кожны дзень адпраўляю па пісьму.

– Маглі раней уявіць, што Віктар можа патрапіць у такую сітуацыю?

– Гэта быў поўны шок! Так, муж яшчэ школьнікам цікавіўся “Белым легіёнам”, але ж калі гэта было? Той арганізацыі ўжо гадоў дзесяць не існуе. Да таго ж Віктар увесь час быў з сям’ёй, таму пра якую “падрыхтоўку масавых беспарадкаў” можна казаць? У яго было шмат захапленняў – падарожжы, баскетбол, снукер, спартыўная стральба па мішэнях. Але на першым месцы заўсёды была сям’я, а не палітыка.

За што яго забралі? Для нас гэта застаецца загадкай. І пакуль я нічога не магу адказаць нашаму маленькаму сыну, калі той пытаецца: “Калі ўжо ў таты закончыцца камандзіроўка?..”

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Вялікія рэформы ЖКГ?

На гэтым тыдні ўрад актыўна абмяркоўвае колькі і як насельніцтва павінна аплочваць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Девять продуктов для здоровья сосудов

Присутствие этих продуктов в рационе станет отличной профилактикой заболеваний сердечно-сосудистой системы.

“Радыё хаваць рана…” Сустрэча з Нінай Палуцкай

У Гродне 17 кастрычніка ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла сустрэча з Нінай Палуцкай, рэдактаркай аднаго з першых незалежных радыё Беларусі “Радыё НБК”.