Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
6
Памер шрыфта

Вядомы беларускі шахматыст збіраўся паехаць на турнір у Маскву. А ўчора яго не стала.

Да мяне звярнуўся калега, папрасіў тэлефон Віктара Давыдавіча Купрэйчыка. Яго дамашні не адказваў, патэлефанаваў нашаму агульнаму знаёмаму. І той агаломшыў: “Сёння (22 мая) Віктар памёр”. 3 ліпеня яму споўнілася б 68 гадоў…

Вядомая гісторыя: у 1997 годзе Віктар Купрэйчык быў адзіным сябрам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, які прагаласаваў супраць прызначэння Аляксандра Лукашэнкі кіраўніком гэтай арганізацыі.

“Я галасаваў не супраць Лукашэнкі, а супраць таго, што законы парушаюцца, – распавёў шахматыст “Народнай Волі”. – Бо ў Алімпійскай хартыі сказана, што гэтую пасаду не могуць займаць людзі, якія знаходзяцца на афіцыйных дзяржаўных пасадах”.

…Апошнім часам шахматыст хварэў. Былі праблемы з ныркамі, таму тры разы на тыдзень трэба было рабіць гемадыяліз. І так – цягам апошніх трох гадоў. У той жа час Віктар Купрэйчык не скараўся лёсу і да апошняга гуляў у шахматы. На турнірах даводзілася звяртацца па дапамогу ў мясцовыя медыцынскія ўстановы. Напрыклад, падчас турніру ў Грэцыі шахматысту давялося заплаціць усе прызавыя клініцы, дзе яму рабілі гемадыяліз.

“Як у вас наогул атрымліваецца сумяшчаць турніры з лячэннем?” – цікавіўся я ў яго. “Пры жаданні ўсё можна, – адказваў ён. – Але пісаць пра гэта не варта. Не люблю, калі шкадуюць…”

У мінулым годзе Віктар Давыдавіч прывёз “серабро” з Еўрапейскага першынства ветэранаў шахмат.

“Паколькі мне неабходна пастаянна рабіць пэўныя медыцынскія працэдуры, у Ерэване ўсё гэта вырашалася нават на ўзроўні міністра аховы здароўя, – распавядаў затым ён. – Мой добры сябра і вядомы армянскі шахматыст Рафік Ваганян паклапаціўся. Даводзілася сумяшчаць матчы з наведваннем шпіталя. Але я буду працягваць удзел у чэмпіянатах сярод сеньёраў. Нона Гапрындашвілі ў свае 75 гадоў удзельнічала ў турніры, а мне ж усяго 67. Шахматы – неад’емная частка майго жыцця. Гуляю – значыць, жыву”.

Як стала вядома, хвароба дала ўскладненне на зрок, ён рэзка пагоршыўся. Днямі Віктар Давыдавіч паслізнуўся на прыступках у метро, у выніку – чэрапна-мазгавая траўма. Некалькі дзён урачы змагаліся за жыццё беларускага шахматыста, але ўчора яго не стала.

“Шахматысты – даволі складаныя людзі па характары, – казаў мне Віктар Купрэйчык некалькі гадоў таму. – І ўсё-такі менш нас ад гэтага не любяць. Як з гадамі не менш любім шахматы і мы. А з вышыні пражытых гадоў я магу сказаць так: “Гэта была добрая партыя!”

Алесь СІВЫ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.