Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 10 студзеня 2017
15
Памер шрыфта

Карэспандэнт «Народнай Волі» пабываў на адной з ферм КУСГП  “Зялёнка” Полацкага раёна і даведаўся, як працуецца і жывецца яе работнікам.

 

Двое замест чатырох

Малочна-таварная ферма знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Полацка. Сёння тут налічваецца 180 кароў. Працуюць усяго дзве даяркі, хоць на добры лад трэба было б мець чатыры. Нягледзячы на тое, што ўсе працэсы тут  механізаваныя і аўтаматызаваныя, у штат фермы ніхто не просіцца.

– Засталіся дзве даяркі і я, – расказвае брыгадзір фермы Вера Заяц. –  Я таксама даю кароў, каб у дзяўчат хоць адзін дзень  быў выхадны. У мяне наогул няма магчымасці адпачываць, працую без выхадных. З кастрычніка так і жывём: адна даярка звольнілася, другая пайшла на пенсію.

Я пацікавіўся заробкамі. Аказваецца, яны вельмі і вельмі нізкія – 180–200 рублёў у месяц, ды і гэтыя капейкі могуць затрымаць. Менавіта з-за нізкай зарплаты і цяжкай працы ніхто на работу і не ідзе.

З Верай Васільеўнай размаўляем падчас дойкі – у жанчыны няма лішняй хвіліны, каб спакойна пагаварыць. У абавязкі даярак уваходзяць таксама ўборка, кармленне жывёл.

Можаце сабе ўявіць: каб не спазніцца на працу, жанчыны падымаюцца ў тры гадзіны ночы. Па графіку ў чатыры раніцы ўжо пачынаецца першая дойка. З вёскі Сухі Бор, дзе жыве Вера Заяц, да фермы каля кіламетра.

Ранішняя дойка займае дзве гадзіны. У 6 раніцы жыхарка Сухога Бора спяшаецца дадому, каб сабраць дзяцей у школу і садок, а мужа праводзіць на працу: Аляксандр – трактарыст у гаспадарцы «Зялёнка». Вера Васільеўна, дарэчы, маці пяцярых дзяцей, а з нядаўняга часу яшчэ і бабуля.

Акрамя асноўнай работы ў даярак яшчэ і свае гаспадаркі: свінні, куры, каровы, агарод. У 10 гадзін жанчыны зноў на ферме – у гэты час пачынаецца дзённая дойка. Дадому работніцы фермы трапляюць толькі пад вечар.

– У каго дзеці дарослыя, то часу больш застаецца, – распавядае пра свой працоўны дзень Вера Заяц. – Але і з асабістай гаспадаркай управіцца трэба. За столькі гадоў арганізм прывык. Я, напрыклад, сплю не больш за 3–4 гадзіны…

Мара, якая не спраўдзілася

Нягледзячы на цяжкую працу і графік без выхадных, Вера Заяц не губляе аптымізму. Прызнаецца, што была магчымасць змяніць месца працы, але адмовілася.

– А хто тут застанецца? – пытаецца даярка са стажам. Кароў я кінуць не магу. Запрашалі і санітаркай, і сацыяльным работнікам, але не маё гэта ўсё. Таму буду дапрацоўваць тут… Праз тры гады на пенсію, спадзяюся, што закон не зменіцца.

Калі Вера Заяц не хоча мяняць прафесію, вобразна кажучы, па ідэйных меркаваннях, то яе калега Алена Тачалоўская працуе з-за жылля. Даяркай на гэтай ферме яна робіць ужо восьмы год. Да гэтага Алена з сям’ёй жыла ў Полацку і была прадаўцом.

– Так склаліся абставіны, што давялося пераехаць у вёску, – расказвае Алена Уладзіміраўна. Да пераезду не ведала, як карову даіць. Але жыццё прымусіла: у горадзе паўсталі цяжкасці з жыллём, а тут далі дом.

Паводле слоў даяркі, калі яна звольніцца з працы, то сям’я застанецца без даху над галавой. Муж Алены працуе ў лясніцтве, якое не адносіцца да гаспадаркі «Зялёнка».

З-за недахопу грошай прыватызаваць жыллё таксама не атрымалася.

Нягледзячы на цяжкасці, трэба працаваць, кажуць даяркі з Зялёнкі. Перазімуем, а вясной цяплей і лягчэй…

Размаўляючы з жанчынамі, я зразумеў, што сітуацыя ў сельскай гаспадарцы з кожным годам пагаршаецца: спецыялістаў не хапае, заробкі нізкія, пагалоўе жывёлы памяншаецца.

– Сітуацыя такая, быццам нікому нічога не трэба, – з крыўдай кажа Вера Васільеўна. – Вёска співаецца …

Была ў Веры Заяц даўняя мара, якая, напэўна, ужо і не збудзецца. Шматдзетная маці хацела атрымаць правы кіроўцы, але часу на аўташколу ўсё не хапала. Нядаўна да рэалізацыі мары заставаўся літаральна адзін крок, жанчына нават прайшла медыцынскую камісію, але…

– Вучыцца і садзіцца за руль забараніў муж, смяецца даярка з Зялёнкі. Прыраўнаваў да руля, таму і далей буду хадзіць пешшу

Новы год Алена Тачалоўская і Вера Заяц сустрэлі са сваімі сем’ямі. Праўда, святочная ноч не вызваліла даярак ад працы, і ўжо ў чатыры гадзіны яны прыступілі да дойкі кароў.

Цікаўлюся ў жанчын, якія жаданні загадалі за сталом. Меркаваў, што папрасілі больш грошай, машыну ці кватэру ў горадзе, але памыліўся…

– Галоўнае, каб здароўе ў дзяцей і ўнукаў было, – кажуць даяркі. – Ну і ў нас, вядома, каб ім дапамагаць маглі. А яшчэ хаця б адну даярку на ферму, а лепш дзве (смяюцца).

Полацкі раён.

Фота аўтара.

Аўтар: Раман ВАСІЛЬЕЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

У Літве стварылі праект, які мусіць супрацьдзейнічаць расійскай прапагандзе

У Літве запрацаваў сайт «Vatnikas» на якім будуць публікавацца дадзеныя тых, хто распаўсюджвае расійскую прапаганду, ілжывую інфармацыю і наогул розным чынам спрабуе маніпуляваць свядомасцю жыхароў Лі

Чемпионат по зимнему плаванию проходит в Минске

17 января в Минске на реке Свислочь стартовал открытый чемпионат Беларуси по спортивному зимнему плаванию "Минск Опен" — III этап Кубка мира IWSA World Cup.

КНДР и Южная Корея пройдут на Олимпиаде под общим флагом

Северная и Южная Кореи договорились о создании единой женской команды по хоккею на зимних Олимпийских играх в Пхенчхане.