Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

11:53 26 мая 2017
6
Памер шрыфта

У канцы 1990-х «Народная Воля» распавядала пра лёс ліквідатара, які атрымліваў самую вялікую пенсію ў Беларусі, – Аляксандра Курловіча з пасёлка Гатава Мінскага раёна. Яго пенсія тады па курсе Нацбанка складала тысячу долараў ЗША.

У 1986 годзе Аляксандра паслалі на ЧАЭС літаральна ў першыя дні пасля аварыі, чатыры месяцы ён быў сярод тых, хто будаваў саркафаг над 4-м рэактарам.

Сёння мы вырашылі адшукаць Аляксандра Ціханавіча Курловіча. На шчасце, ён жывы, але нездаровы.

– З 1990 года Аляксандр інвалід, на нерабочай групе. Цалкам страціў працаздольнасць ужо праз чатыры гады пасля аварыі, у яго медыцынскай карце пазначаны дыягназ «вострая прамянёвая хвароба». Сёння ў яго няма ніводнага здаровага органа, – уздыхае жонка Аляксандра Ціханавіча Ванда Уладзіміраўна. І пералічвае хваробы мужа: цукровы дыябет, цыроз печані, эмфізема лёгкіх – усяго ў эпікрызе больш за дзясятак розных захворванняў. За некалькі апошніх гадоў Аляксандр Ціханавіч перанёс не адну складаную аперацыю. Жыццё замкнулася на маршруце дом-шпіталь.

Занадта дарагі кошт высокай пенсіі.

“Дзяржава плаціць мне зараз 1900 рублёў, – прызнаўся Аляксандр Ціханавіч. Але адразу ж спахапіўся: – Раптам напішаце – і адбяруць?”

– Як гэта адбяруць, калі вы такую пенсію заслужылі?

– Калі ў мінулы раз «Народная Воля» напісала пра маю пенсію, выйшла пастанова, згодна з якой, калі не памыляюся, максімальная пенсія не павінна перавышаць 300 працэнтаў ад сярэдняй па краіне. І маю пенсію тады  падкарэкціравалі ў бок змяншэння. Але ж, вядома, я не скарджуся, разумею, што пенсія ў тысячу долараў для нашай краіны – велізарныя грошы. Я нават дзецям, унукам дапамагаю. Мы ж з жонкай жывём сціпла… Калі б не Ванда – я б ужо і не жыў, напэўна. Яна памочнік ва ўсім, мой анёл-ахоўнік. Але ж, думаю, пенсію я заслужыў.

Аляксандр Курловіч трапіў у Чарнобыль з Казахстана. У саюзнай рэспубліцы тады жыла сям’я беларусаў, Аляксандр Ціханавіч працаваў дальнабойшчыкам і меў неблагі заробак. За чатыры месяцы, што адпрацаваў у Чарнобылі, таксама аддзякавалі шчодра: калі вярнуўся ў Казахстан, выплацілі зарплату ў пяціразовым памеры. Аляксандр Ціханавіч кажа, што за тыя грошы мог адразу купіць новую кватэру альбо чатыры новыя машыны.

– Але пра наступствы тады ніхто нічога не казаў, – у размову зноў уключаецца Ванда Уладзіміраўна. – Далі толькі даведку, што ён атрымаў дозу апрамянення 192 БЭР. А потым Саша “пасыпаўся”: стаў часта губляць прытомнасць, ногі аднімаліся, літаральна праз паўгода выпалі ўсе зубы. Аказваецца, ёсць такая хвароба – прамянёвы карыес. Калі б я ведала, як жыць прыйдзецца, не пусціла б мужа тады ў камандзіроўку. Адзін яго калега, дарэчы, не паехаў, яго судзілі. Ну і  што: адседзеў тэрмін і здаровы застаўся.

Ванда Уладзіміраўна кажа, што ўсе гады пасля Чарнобыля жыццё мужа – гэта барацьба з хваробамі. У жніўні 2016-га ён трапіў у рэанімацыю, гемаглабін упаў ніжэй усялякіх нормаў, Аляксандру Ціханавічу некалькі разоў пералівалі кроў.

– Пасля бальніцы мог толькі на калясцы перасоўвацца, – распавядае Ванда Уладзіміраўна. – Хадзіць вучыла цэлы месяц. Але хадзіць на далёкую адлегласць ён усё роўна не можа: спіна баліць, ногі аднімаюцца, задыхаецца. А нядаўна яшчэ і аглух, на адно вуха наогул не чуе… На лекі аддаём велізарныя сумы. Не хачу нічога дрэннага казаць пра беларускія таблеткі, але нам яны не дапамагаюць. Купляю мужу амаль усе імпартныя – “Дыабетон”, “Омнік” і іншыя. На іх ільгота не распаўсюджваецца. А ведаеце, колькі ён прымае лекаў?! Па 10 розных таблетак кожны дзень раніцай, у абед і ўвечары.

Чаму да гэтага часу жывы? Можа, сэрца моцнае. Можа, таму, што мы стараемся нічым яго не засмучаць. Нядаўна вырашыў, што яму трэба машына. Гады ідуць, мы старэем, а ў краму трэба, у аптэку, у бальніцу. Забраў усё, што назапасілі на пахаванне, і купіў на рынку машыну, на мяне аформіў. Але ж ён хоць і вадзіцель па прафесіі, а правоў даўно няма, з 1990-х. Пайшоў па меддаведку. Вядома ж, не далі, у яго адных неўралагічных захворванняў цэлы букет. Але ж у Сашы такі характар: ніколі не адступаць. І дамогся. Далі даведку на год. Цяпер вось можам кудысьці выехаць на ўласным транспарце…

– Акрамя высокай пенсіі дзяржава яшчэ неяк удзельнічае ў вашым жыцці? Льготы засталіся? – звяртаюся да Аляксандра Ціханавіча.

– Кожны год у шпіталь ветэранаў у Бараўляны пуцёўку даюць, – усміхаецца ён. – Ванда дамагаецца, каб асобны пакой з выгодамі, я ж толькі з ёй магу ехаць, без суправаджэння не спраўлюся. На 30-ю гадавіну Чарнобыля на тэлебачанне запрашалі, машыну нават за мной прыслалі… У гэтым годзе прасілі выступіць перад дзецьмі ў мясцовай бібліятэцы, але як глухому выступаць?

– 26 красавіка Саша апрануў касцюм, прышпіліў свае два медалі, успомніў, як працавалі на ЧАЭС, што прыйшлося перажыць… – дадае Ванда Уладзіміраўна. – А потым вырашыў паехаць на пошту. Але рукі слабыя, медалі прышпіліў дрэнна і адну згубіў. Якое гэта было гора! Амаль увесь дзень плакаў…

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".