Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Праваабаронца распавёў пра праблему прымусовай працы ў Беларусі.
15:55 19 снежня 2016
13
Памер шрыфта

– Мы ўжо неаднойчы звярталі ўвагу на шэраг практык у краіне, якія прадугледжваюць выкарыстанне прымусовай працы, – кажа Валянцін Стэфановіч. – І менавіта гэтаму ў свой час быў прысвечаны сумесны даклад Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і беларускіх праваабаронцаў. Падкрэслівалі такія аспекты, на якіх раней не асабліва засяроджваліся: гэта і сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў, і прымусовая праца абавязаных асоб, ваеннаслужачых тэрміновай службы і зняволеных… Даклад рыхтаваўся як альтэрнатыўны да справаздачы беларускага ўрада ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльнах і культурных правах. І ў выніку ўсё гэта патрапіла пад увагу Міжнароднай арганізацыі працы, якая заклікала ўрад Беларусі адмовіцца ад такіх ганебных практык. Але, на жаль, прымусовая праца працягвае выкарыстоўвацца ў краіне ў розных формах.

– Апошнім часам у сувязі з гэтым быў шэраг гучных спраў, па якіх праводзіцца разбіральніцтва..

– Так, і зараз на слыху трагічнае здарэнне, што адбылося 29 верасня, калі васьмікласнікаў адной са школ Маладзечна вывезлі на ўборку бульбы. Грузавік наехаў на 13-гадовую школьніцу, якая ад траўмаў памерла. Не так даўно стала вядома, што ў Вілейскім раёне працоўных з прадпрыемстваў накіроўвалі на ўборку кукурузы, якая была ўжо пад снегам, і я звяртаўся з гэтай нагоды з заявай у пракуратуру і ў Мінаблвыканкам, каб была праведзена праверка па гэтых фактах. У людзей ёсць сваё асноўнае месца працы, ёсць дамовы з прадпрыемствам, дык чаму яны павінны яшчэ і збіраць кукурузу?

А летам гэтага года, пакуль Міжнародная арганізацыя працы давала рэкамендацыі беларускім уладам прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі канвенцыі МАП, якая забараняе прымусовую працу, у Глускім раёне рабочых вырашылі накіраваць на прымусовы сенакос. І нам нават перадалі копію распараджэння мясцовага райвыканкама. Мы тады таксама звярталіся і ў Пракуратуру, і ў аблвыканкам, пасля чаго нам далі адказ, што тое распараджэнне адменена, бо відавочна, што яно было незаконнае. Але адмянілі толькі адзін такі дакумент, а колькі іх па краіне? Хаця такія савецкія метады – прамое парушэнне правоў грамадзян. Ніхто не павінен прымушаць чалавека да працы за “дзякуй”.

– Ці ёсць нейкія прававая механізмы, каб абараніць людзей, якія не жадаюць выконваць “дабраахвотна-прымусовыя” загады начальства?

– Механізмы ёсць, але нашы людзі, якія працуюць па кантрактах, і на самай справе вельмі залежаць ад свайго кіраўніцтва. Кантрактная сістэма дазваляе кантраляваць грамадства, і многія баяцца, што называецца, “свяціцца”. Хаця ў гэтых выпадках заканадаўства на баку чалавека, а Працоўны кодэкс забараняе наймальніку патрабаваць выканання працы, якая не  абумоўлена працоўнай дамовай. Але калі хтосьці баіцца патрапіць затым пад рэпрэсіі з боку начальства, то прынамсі можа без указання свайго прозвішча агучыць факты прымусовай працы, як гэта было зроблена ў Вілейскім раёне. З Глускага раёна нам таксама перадалі ананімны дакумент, і быў эфект. Няхай людзі звяртаюцца ў СМІ, да праваабаронцаў… Маўчаць не трэба.

– Калі чалавек адмовіцца ехаць на тое ж поле збіраць у працоўны час бульбу, гэта будзе законна?

– Абсалютна! Ён можа нават адмовіцца ад удзелу ў суботніках, а  прымус да ўдзелу ў іх ужо таксама ў краіне стаў нормай. Дарэчы, у Беларусі ў адрозненне ад Савецкага Саюза суботнікі носяць заканадаўча ўрэгуляваны характар, бо ёсць нават спецыяльнае заканадаўства па правядзенні гэтых мерапрыемстваў. І там мы нідзе не бачым, што яны носяць прымусовы характар, усё ж быццам бы добраахвотна. Хаця практыка сведчыць зусім пра іншае. Таму чалавек мае права не браць удзел у суботніку, але зноў-такі – пасля гэтага ён можа на прадпрыемстве, дзе працуе, як сказаў адзін чыноўнік, “попасть в список неудачников”. Але ж мы жывём не пры СССР, на вуліцы іншыя часы. Зразумела, што якому-небудзь райвыканкаму значна прасцей пагнаць людзей бясплатна нарыхтоўваць сена, чым запрасіць работнікаў і заплаціць ім за працу грошы. Хто вам перашкаджае дамовіцца з беспрацоўнымі і зацікавіць іх рублём? Яны вам і сена нарыхтавалі б, і кукурузу сабралі. Але ж у нас усе чыноўнікі хітрыя. І гэтыя хітрыя лічаць, што астатнія – дурні, якія павінны бясплатна працаваць і маўчаць?

– Дарэчы, даводзілася чуць, што некаторыя работнікі вызваляюцца ад суботнікаў, але з іх усё роўна вылічваюць грошы за працоўны дзень…

– І такія адлічэнні таксама незаконныя, бо сам суботнік – добраахвотнае мерапрыемства.  Не хоча чалавек працаваць насуперак сваёй волі – мае на гэта права. Але, паўтаруся, людзі вельмі пасіўна супраціўляюцца, а дзяржава гэтым карыстаецца. Хаця тут жа размова не ідзе пра абарону нейкіх, можа быць, малазразумелых палітычных правоў. Гэта тычыцца кожнага з нас.

– А ці цяжка знайсці вінаватага, калі парушаюцца твае правы, і прыцягнуць яго да адказнасці?

– Практыка паказвае: як толькі факты даводзяцца да агульнага ведама, нейкія распараджэнні аб прымусовай працы хутка адмяняюцца. Хаця па вялікім рахунку ў тым жа Глускім раёне можна было паставіць пытанне аб адказнасці асобы, што падпісала дакумент, які супярэчыць і заканадаўству, і Канстытуцыі. Калі чалавек не ведае гэтага, то чаму ён знаходзіцца на адказнай дзяржаўнай пасадзе? А калі ведае, але ставіць подпіс і свядома дапускае дзеянні, якія парушаюць закон, то тым больш ён не павінен займаць кіруючую пасаду.

– На ваш погляд, гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў альбо сістэмная пазіцыя дзяржавы?

–  Складваецца ўражанне, што ўсё гэта носіць сістэмны характар. Калі на рэспубліканскім узроўні праводзяцца суботнікі з удзелам мільёнаў людзей, то чаму такую практыку не перанесці і на мясцовы ўзровень? І пасля раённы чыноўнік вырашае, што яму таксама дазволена выкарыстоўваць прымусовую працу як захочацца. Сістэма выпрацавана і ад яе адмаўляюцца вельмі неахвотна.

Сяргей КАРПОВІЧ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Кучма: Россия предлагает сделать новую границу с Украиной

Представитель Украины в трехсторонней контактной группе по урегулированию ситуации на Донбассе Леонид Кучма считает, что Россия фактически хочет создать на линии соприкосновения на Донбассе новую гран

Лукашенко открыл завод «Белджи» и рассказал об указе по стимулированию покупки автомобилей Geely белорусами

В Беларуси разрабатывается проект указа, направленный на стимулирование покупки белорусами отечественных легковых автомобилей, произведенных СЗАО "Белджи".

МНС сможет блокировать операции плательщиков по их электронным кошелькам

Министерство по налогам и сборам Беларуси получило право приостанавливать операции плательщиков по их электронным кошелькам.