Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

На нарадзе па пытаннях навядзен-ня парадку ў прыватным сектары Мінска, якая адбылася пазаўчора ў Мінгарвыканкаме, сярод іншых пытанняў разглядалася магчымасць увядзення забароны на ўтрыманне ў сталіцы сельскагаспадарчых жывёл. Рашэнне пакуль не прынята, але кварталы сядзібнай забудовы стануць рэгулярна абследаваць камісіі, у склад якіх увойдуць прадстаўнікі санслужбаў, землеўпарадкавальнай службы, РАУС, РАНС, эколагі і іншыя. Кожная служба будзе адсочваць парушэнні па сваім накірунку працы. 
1:55 20 лiпеня 2015
5
Памер шрыфта

У сталіцы не так шмат застаецца месцаў прыватнай забудовы. Горад наступае і выціскае куточкі вясковага побыту – то метро будуецца, то кальцавая дарога, то новы мікрараён… Але, аказваецца, лягчэй знесці дамы, зруйнаваць сады, чым пазбавіцца вясковай ментальнасці. Людзі, нягледзячы на тое, што за плотам носяцца аўтамабілі, а куды ні глянь – стаяць шматпавярховікі, усё роўна трымаюць няхітрую гаспадарку. Якія пастановы і ўказы здольныя прымусіць людзей адмовіцца ад утрымання свойскай жывёлы і агарода?

Ну вось, напрыклад, былая вёска ў адну вуліцу, якая ўпіраецца ў кальцавую ў мікрараёне “Малінаўка”. Тэрытарыяльна гэтыя дамы пакуль па-за гарадской мяжой. Бачу коз, якія сабраліся каля веснічак, каб іх пусцілі ў двор. Нарэшце выйшаў гаспадар.

Гэта вашы козы?

– Натуральна. Вось пасвіліся, а цяпер ужо дадому хочуць. Яны свой час ведаюць. У іх свой распарадак. Хто-хто, а гэтыя рэжым выконваюць.

Гляджу, агарод у вас, грады, бульба нават за плотам расце. 

– Ну а як жа? І бурачкі свае, і морква, і бульба, і агуркі… Усё сваё. Нам сельсавет дазваляе трымаць гаспадарку. Раней былі і коні, і свінні. Цяпер – толькі куры ды козы. Цешча старая ўжо, дык ёй малако вельмі карыснае. А паспрабуй на пенсію набыць лекі ды харчы! А тут сваё малачко…

Такі агарод трэба апрацоўваць, а з лапатай не надта разгонішся…

– Для гэтага ёсць конь. У майго брата, на тым канцы вёскі.

Сапраўды, у брата таксама гаспадарка. Спадар Міхаіл кажа, што без яе аніяк.

– Свіней дзе набыць? – разважае. – У Мінску ж не купіш (я летась ажно у Стоўбцах набываў), ды яны і дарагія цяпер. Хаця калі ёсць магчымасць браць адкіды ў школе ці ў дзіцячым садку, бо камбікорм таксама не такі ўжо і танны сёння, то трымаць можна. 

Я трымаю каня, бо без яго ніяк агарод не апрацуеш – трэба ж і ўзараць, і потым бульбу абганяць. Каня купіў ажно ў Мядзельскім раёне. Ён адзін чатыры агароды апрацоўвае. Да таго ж і ўгнаенне сваё, і не трэба хімію набываць усялякую. Яшчэ коз маю. Вы параўнайце пакупны кефір з нашай сыраквашай, тады зразумееце розніцу. Да нас са шматпавярховікаў людзі прыходзяць па малако. Кажуць, што іх дзеткам дапамагае ад алергіі. Я сваіх коз прывязваю, бо на працу яшчэ хаджу. А то яны, калі без нагляду, пойдуць праз дарогу – і чакай штрафу ад “Зелянбуду”. Козы ж такія жывёлы, што ім толькі дай шанец, дык яны ўсе клумбы знішчаць, усе кусты. Ім жа ўсё роўна, што тыя кусты нейкія элітныя, з Батанічнага саду.

А як сустрэлі новаўвядзенні ў прыватным сектары, што апынуўся ў межах горада?

На вуліцы Курганскай, што ў Малінаўцы, сапраўдная вёска. Дом гаспадыні Людмілы на ўскрайку. У двары індыкі, за агароджай – куры.

– Вось у мяне ружы, гартэнзіі, а гэта кусты вейгелы. Шаную родавае гняздо. Нам горад хоць нешта даў? Не. Дарогу самі рабілі, бо сюды было не падысці, ні пад’ехаць. Козы ў мяне ў хлеўчыку, а побач з ім загон зроблены. А што?.. У мяне дзеці, унукі. Усім хочацца і малака натуральнага, і яйкі свае. Індыкі таксама свае. Я набыла іх па 141 тысячы. Кормім самі. Ні ў кога нічога не просім. Вунь ля дарогі колькі ўсякага пустазелля, і камунальныя службы не спяшаюцца касіць. А далі б мне магчымасць там коз пасвіць, то ўсё там падчысцілі б, праблемы не было б. Бачыце, вунь коні пасвяцца. Але гэта не мае. Людзі трымаюць для агарода. Цяпер кажуць, што нельга будзе мець ні грады, ні гаспадарку. Чаму? Каму гэта перашкаджае? Дый, наколькі вядома, у нашага прэзідэнта таксама гаспадарка ёсць. Ён жа сам паказваў, якія кавуны вырасціў, хваліўся сваім ураджаем. Дык яму можна, а нам – не? Неяк гэта несправядліва атрымліваецца. Ну, калі ўжо зусім на нас “наедуць”, то, канешне, давядзецца знішчыць гаспадарку. Але як тады жыць?..

Сапраўды, ці будуць больш камфортна адчуваць сябе людзі, калі, жывучы на сваёй зямлі, страцяць звыклы лад жыцця? Ці стануць яны больш шчаслівыя, калі ў іх адбяруць і гэтыя невялікія кавалачкі шчасця? 

Любоў ЛУНЁВА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.
17 снежня 2017

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).