Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сярэбраны прызёр Алімпіяды распавёў “Народнай Волі” пра свае ўражанні ад Гульняў.
11:32 12 верасня 2016
7
Памер шрыфта

Спартыўны лёс цяжкаатлета Вадзіма Стральцова – гэта суцэльная барацьба з самім сабой і рознымі абставінамі. Траўмы, траўмы, траўмы… Яны пераследавалі спартсмена, як быццам яго нехта сурочыў. Неаднаразова ён хацеў пакінуць вялікі спорт, нават асобныя беларускія трэнеры раілі гэта зрабіць. Не скарыўся.

У мінулым годзе штангіст стаў першым на чэмпіянаце свету. А за дзень да выступлення Вадзіма на Алімпіядзе ўсе пачулі аптымістычны прагноз галоўнага трэнера зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Віктара Шаршукова: “Думаю, заўтра парадуем. Цьфу-цьфу-цьфу, але чакайце першага алімпійскага чэмпіёна. Стральцоў зараз у цудоўнай форме, мы ведаем, на што ён здольны. Заўтра стане першым. Так і напішыце!”

На жаль, на Гульнях у Бразіліі беларускі атлет стаў другім…

– Чаму казалі пра залаты медаль са стопрацэнтнай упэўненасцю? – перапытвае Вадзім. – Тактыка такая ў трэнера была, хацелі іранскага цяжкаатлета, які ў выніку і заваяваў золата, крыху напужаць. Разумееце, у спорце псіхалагічны момант мае вялікае значэнне. Напярэдадні іранец таксама выказаўся: ён, маўляў, непераможны, роўных яму няма. Вось і вырашылі нанесці ўдар у адказ. Такія прыёмы сустракаюцца і ў цяжкай атлетыцы, і ў прафесійным боксе… Дарэчы, іранец наогул быў своеасаблівым цёмным конікам. Перад Алімпіядай амаль нідзе не “свяціўся”.

– Самі на што разлічвалі?

– На тое і разлічваў – быць першым. Ва ўсялякім разе медаль была запланавана. Але, шчыра скажу, асабіста мне выступаць у Бразіліі было вельмі складана. Цяжка прайшла адаптацыя. Спачатку, калі прыляцелі на іншы кантынент, здаецца, усё праходзіла нармальна. Прызвычайваўся да клімату, да іхняга часу. Размінаўся, трэніраваўся… Усё ў норме. Але пасля трох дзён знаходжання ў Бразіліі станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Выступаў я на пяты дзень, таму, мяркую, на расклад медалёў паўплываў і суб’ектыўны фактар.

– Хто першым павіншаваў з “серабром”?

– Калі казаць пра блізкіх, то, натуральна, найперш пачуў цёплыя словы ад сваёй сям’і – жонкі, бацькоў… Бабулі патэлефанаваў з Бразіліі ў вёску Гаўрылінка Касцюковіцкага раёна – гэта ж мой самы галоўны трэнер і балельшчык. Прывёз ёй, дарэчы, у падарунак бразільскі ручнік, няхай будзе на памяць пра той час, калі яе ўнук стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды.

– Раней вас доўгі час пераследавалі траўмы. Не было жадання канчаткова завязаць са спортам?

– Былі такія думкі, але не рашыўся. Столькі часу было аддадзена спорту, і сысці з яго без алімпійскай узнагароды было б паказчыкам слабасці. Перайшоў да іншага трэнера і ўсё пайшло куды лепш, чым раней.

– Пастаянныя траўмы – чорная паласа ці збег абставін?

– Не ведаю, што гэта… Трэніруешся гадамі, а потым за адзін дзень – хлоп! – і ўсё. Не паверыце, але крыўдна было да слёз.

– Як вам Бразілія?

– У мяне такое ж уражанне, як і ў астатніх нашых спартсменаў, нічога новага, напэўна, не скажу. Кажуць, што амаль палова бразільцаў наогул выступала супраць правядзення Гульняў у іх краіне. Там жа эканамічны крызіс, навошта ім гэтыя шыкоўныя фэсты?

– Можа быць, па Рыа ўсё-такі адважыліся пагуляць?

– Не адважыўся, бо не хацеў рызыкаваць сваім здароўем і гаманцом. Былі ж выпадкі, калі “адважных” алімпійцаў рабавалі наўпрост на вуліцах.

– Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў вагавай катэгорыі да 94 кілаграмаў, напэўна, здолеў бы сябе абараніць.

– Ведаеце, ёсць такі стары выраз: супраць лому няма прыёму. Што можа зрабіць спартсмен супраць нажа альбо, не дай Божа, пісталета? Думаю, ніякія турыстычныя прагулкі не вартыя такой рызыкі. Таму медаль заваяваў, а прыгоды мне былі непатрэбныя.

– Вадзім, калі ведаеце, антыдопінгавыя ўлады ўсур’ёз вырашылі ўзяцца за цяжкую атлетыку і нават паступаюць прапановы выключыць яе з алімпійскай праграмы. Што можаце сказаць у абарону свайго віду спорту?

– Да 2020 года цяжкую атлетыку ў любым выпадку не выключаць, а затым… Мне здаецца, гэта нейкі перагіб. Што, у лёгкай атлетыцы менш спартсменаў трапляюцца на допінгу? Але ж ніхто не кажа пры адлучэнне Каралевы спорту ад Алімпіяд, бо самі Гульні тады згубяць сэнс і прывабнасць. Ды і цяжкая атлетыка – даволі цікавы для гледачоў від. Нашы спаборніцтвы – гэта заўсёды драма, перажыванні, новыя рэкорды і неверагодныя эмоцыі.

– Вас бразільская публіка падтрымлівала?

– Яшчэ як! Так пляскалі ў далоні і крычалі, што вушы закладвала. Пры гэтым балельшчыкі такія добразычлівыя, што падтрымлівалі ўсіх.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі заявіў, што зборныя Расіі, Казахстана і Беларусі з-за антыдопінгавых парушэнняў будуць дыскваліфікаваны на адзін год пасля Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра.

– І гэты крок, як мне падаецца, няправільны. Па-першае, пачынаюць пераправяраць допінг-пробы спартсменаў васьмігадовай даўніны. Для чаго ўсё гэта? Давайце тады ўсіх пераправяраць, пачынаючы з мінулага стагоддзя. Колькі там часу пробы захоўваюцца? І не трэба грэбці ўсіх пад адзін грэбень. Так, допінгавыя пробы некаторых беларускіх цяжкаатлетаў далі станоўчы вынік. Але, напрыклад, пры чым тут я? Чалавек, у якога на працягу ўсёй спартыўнай кар’еры бралі пробы на допінг, але яны заўсёды давалі адмоўны вынік. А мяне зараз збіраюцца на год дыскваліфікаваць. За што? Скажыце, ёсць тут нейкая логіка? Аля няхай робяць тое, што хочуць. Я ж на гэта не магу нейкім чынам паўплываць.

– Колькі ў вас допінг-проб бралі ў гэтым годзе?

– Здаецца, дзве. Вясной прадстаўнікі антыдопінгавага агенцтва наведаліся ў госці, і падчас Алімпіяды здаваў пробу.

– Як на радзіме сустракалі героя?

– Найперш мяне чакалі жонка і паўтарагадовая дачка. Дарэчы, фінальныя спаборніцтвы з маім удзелам праходзілі па беларускім часе ноччу, але дачка не спала. А калі дакладней, балелі за мяне так, што і дачушку разбудзілі.

– Зараз – адпачынак?

– Так, ёсць крыху вольнага часу. Можа быць, “навострым лыжы” з сямействам куды-небудзь на цёплае мора. Кажуць, салёная вада добра траўмы зажыўляе.

– На сямейным савеце ўжо вызначыліся, куды будзеце ўкладваць прызавыя грошы (75 тысяч долараў. – Аўт.) за Алімпіяду?

– Спачатку іх яшчэ атрымаць трэба, а затым ужо нешта вырашаць.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.