Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
13
Памер шрыфта

Зноў з усіх куткоў гучаць размовы пра тое, што ў беларускай сістэме адукацыі “нешта не так”. Усяленскую дыскусію выклікала выказванне А.Лукашэнкі наконт таго, што пачатак заняткаў у школах можна перанесці і на больш позні час: маўляў, няхай дзеці паспяць лішнюю гадзіну-другую. Загаварылі і пра тое, што трэба ў чарговы раз перапісаць падручнікі.

І гэта замест таго, каб адкрыта закрануць самую галоўную тэму: ніякія праекты, прыдуманыя наверсе, ніякія новыя папяровыя канцэпцыі ці дырэктыўныя ўказанні не дадуць плёну, пакуль настаўнікі будуць змагацца з тонамі розных папер, пакуль іх цяжкая і адказная праца не стане адэкватна аплачвацца дзяржавай. Адукацыйная сфера – гэта перш-наперш жывыя людзі, тыя, хто прыходзіць у школьны клас ці ўніверсітэцкую аўдыторыю.

Сённяшнія ўладары любяць заклікаць: давайце захаваем самае лепшае з таго, што было ў савецкай сістэме адукацыі! І захоўваюць… У гісторыі суверэннай Беларусі, здаецца, яшчэ не было ніводнага міністра адукацыі, які не быў бы ў свой час членам КПСС. Сённяшні ж міністр, Ігар Карпенка, наогул прыйшоў на сваю пасаду, будучы першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. Якія ў яго погляды – можна не гаварыць. Няцяжка здагадацца, які кадры будуць рыхтавацца пад яго кіраўніцтвам.

Наогул, скажыце шчыра, шаноўныя настаўнікі, выкладчыкі, прафесары: ці шмат вы адчулі ў сваёй прафесійнай дзейнасці за апошнія дваццаць гадоў бацькоўскага клопату роднага міністэрства? Ці можаце вы за свае заробкі дазволіць сабе, напрыклад, паездзіць па свеце ці хоць бы набыць усю тую літаратуру, якую хацелі б мець у сваёй дамашняй бібліятэцы (пра “наварочаныя” найноўшыя медыядасягненні я тут не кажу)? Ці лёгка шмат каму з вас забяспечыць сябе і сваю сям’ю жытлом, у якім будзе месца не толькі для кухні, ваннага пакоя, спальні і гасцёўні, а і для вашага працоўнага кабінета? Разумею, што шмат хто сярод вас калісьці быў выхаваны так, каб не стагнаць, не наракаць, і імкнецца пры любых умовах дапрацаваць да пенсіі (пра яе будучыя памеры, зрэшты, таксама прамаўчу)…

Тым не менш кажуць, што ў вялікіх гарадах дэфіцыту педагагічных кадраў як быццам няма. Прыходзяць маладыя і зубастыя, якія спрабуюць “каваць жалеза, пакуль гарачае”. Адкуль прыходзяць? Ну, напрыклад, з флагмана нашай педагагічнай адукацыі – Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя М.Танка. Вось неяк з падказкі аднаго свайго калегі зазірнуў я ў статут гэтай установы, змешчаны на яе афіцыйным сайце. Уражанне атрымаў такое, што падрыхтоўка педагогаў там зусім не галоўны, дый наогул малапатрэбны занятак. Якія толькі віды эканамічнай дзейнасці не ажыццяўляе гэтая ВНУ! Ад вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур да рознічнага гандлю ў неспецыялізаваных магазінах.

Зрэшты, я разумею кіраўніцтва ўніверсітэта, тых, хто складаў падобны дакумент: дзяржаве не ў галаве падрыхтоўка добрых педагогаў – ёй трэба, каб нават людзі з прафесарскімі ступенямі “не забываліся на хлеб надзённы”! Дзе ўжо тут займацца індывідуальнай карпатлівай працай, каб выхаваць тых, хто здолее стаць прафесіяналам у выхаванні нашых дзяцей і ўнукаў!..

Памятаю пачатак 1990-х гадоў. Дзясяткі светлых галоў у Беларусі збіраліся, дыскутавалі, распрацоўвалі планы наконт таго, як гуманізаваць нашу сістэму адукацыі, як даць магчымасць раскрыцца творчым здольнасцям работнікаў гэтай сферы, як упісаць нашу сістэму адукацыі ў дынамічную і разнастайную сусветную адукацыйную прастору. Але прыйшлі вядомыя персанажы палітычнай сцэны, для якіх само слова “дыскусія” значыла адно – непадпарадкаванне, замах на святая святых ідэалогіі ўладатрымальнікаў: “ты начальнік – я дурань, я начальнік – ты дурань”. Самым надзейным шляхам да кар’ерных поспехаў, розных ільгот зноў зрабіўся не інтэлект ці ўменне арганізоўваць працу, а гнуткая ва ўсе бакі спіна…

Што ж, цяпер няхай уся краіна абмяркоўвае, пачынаць заняткі ў школе ў 8.00 ці а дзявятай гадзіне, прымушаць апранаць школьнікаў у айчынную ўніформу з сінтэтыкі ці не, гнаць цэлыя класы і школы ў абавязковым парадку на суботнік або на хакей. Дыскусійныя пытанні ўсяленскага маштабу, што і казаць…

Аўтар: педагог Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Какой фрукт способен омолодить организм на 17 лет

Специалисты из Нью-Йорка выяснили невероятные свойства этого плода.

Жители итальянских Венето и Ломбардии проголосовали за автономию от центральных властей

Жители итальянских северных областей Венето и Ломбардия на прошедших накануне референдумах высказались за автономию от центральных властей.

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед