Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У Беларусі вырашана стварыць алкагольны холдынг, які аб’яднае буйных вытворцаў спіртнога. Доля дзяржавы ў ім складзе 100%. Пра гэта заявіў старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Аляксандр ЗАБЕЛА. 
6:00 3 лiпеня 2015
7
Памер шрыфта

У холдынг плануюць уключыць прадпрыемствы з дзяржаўнай доляй уласнасці, якія сумарна забяспечваюць да 65% унутранага рынку моцнага алкаголю. Спачатку галаўной арганізацыяй будзе ААТ “Мінск Крышталь”, але потым ёсць намер стварыць спецыяльную кантралюючую кампанію, не прывязаную да нейкага канкрэтнага прадпрыемства. Як абвешчана, робіцца гэта з мэтай знізіць унутраную канкурэнцыю паміж вытворцамі, зменшыць выдаткі на рэалізацыю прадукцыі і аптымізаваць таварны партфель вытворцаў для прасоўвання алкаголю на рынках. 

“Народная Воля” пацікавілася, што на гэты конт думаюць эканамісты, і звярнулася да кандыдата эканамічных навук Леаніда ЗАІКІ. Ён адразу зазначыў, што “гарэлку рабіць выключна ў адным месцы заўсёды кепска”, і патлумачыў – чаму.

– Гэта ведаюць самыя заўзятыя п’янтосы з самай маленькай вёскі, – кажа эканаміст. – Павінен быць выбар. Калі ў бабы Нюры кепская гарэлка, то можна пайсці да Марыі, дзе будзе лепшая, і гэтак далей. Так што такія захады не ёсць клопат пра пітушчае насельніцтва. І нічога новага ўлады не прыдумалі. Яшчэ ў 1990-х гадах прыкладна так “дзярбанілася” расійская прамысловасць. Тады распрацоўвалі разнастайныя мадэлі “распілу” ўласнасці і прыдумалі такую рэч, як фінансава-прамысловыя групы, з дапамогай якіх удалося за нішто атрымаць уласнасць у свае рукі. Там Раман Абрамовіч быў лакаматывам гэтых працэсаў. А ў нас Міхаіл Мясніковіч чамусьці ў мадэль паверыў і нават напісаў дысертацыю пра фінансава-прамысловыя групы. Мала таго што паверыў, дык яшчэ і пачаў праводзіць гэта ў жыццё. 

Якія могуць быць наступствы? 

– Ну… калі б я быў якім генералам КДБ, то адразу сказаў бы прэзідэнту, што рыхтуецца захоп уласнасці групай наменклатурных чыноўнікаў. Яны хочуць усю нашу ўласнасць падзяліць на холдынгі, а потым пры дапамозе маленькай аперацыі перадачы функцыі кіравання зрабіць з холдынга свае алігархічныя групы. А холдынг у галіне лікёра-гарэлачнай прамысловасці гэта звышпрыбытковы бізнес. Уявіце сабе, што за савецкім часам бутэлька гарэлкі каштавала вытворцу столькі, колькі пакупніку – пробка ад бутэлькі. Так што на месцы генералаў я пісаў бы зараз дакладную, як рыхтуецца захоп уласнасці.

Што з гэтага простаму спажыўцу?

– Застанецца піць… З пункту гледжання эканомікі – гэта негатыў. Спажывец выйграе, калі прадпрыемствы будуць канкурыраваць паміж сабой. Якія б холдынгі ні стваралі ў рамках мытнага саюза, сюды пойдзе і руская гарэлка, і армянскі каньяк, і казахскі спірт і г.д. На нас усё роўна абрынецца знешні канкурэнт. Думаць трэба не пра тое, як сабраць пад адным дахам усіх вытворцаў алкаголю. Трэба разбірацца з тым, чаму мы выйшлі на першае месца па ўжыванні таго самага алкаголю. Трэба разбірацца з тым, навошта нам столькі алкагольных прадпрыемстваў. Трэба думаць, як палепшыць стан здароўя беларусаў. Трэба думаць, што рабіць з тымі прадпрыемствамі, якія стаяць… А ў такі момант раптам мы вырашылі заняцца гарэлкай. Ідэя з фінансава-прамысловымі групамі, можа, і падышла б для Зімбабве, але не для нашай маленькай Беларусі. Яны пад адным дахам пяройдуць на ўнутранае абслугоўванне. Аналагічна можна стварыць холдынг па вытворчасці сухой каўбасы, ці дамскіх панчох, ці ювелірных вырабаў, ці… дзяцей. Сэнс – аднолькавы.

Любоў ЛУНЁВА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.