Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:45 13 студзеня 2017
21
Памер шрыфта

Мама наша была вялікай працаўніцай. З сярпом пойдзе – больш за ўсіх жыта сажне, стануць жанкі лён браць – і тут яна наперадзе. Узімку гной або торф на поле возяць – у яе воз самы большы. Брыгадзір нават часам ушчуваў яе:

– Перагружаеш, Фёдараўна, Гнедую. Жарэбная яна. Паберажы…

Але ў голасе Сцяпана Васільевіча, чалавека строгага, часам не па гадах гарачага, не столькі было дакору, колькі пахвалы за добрую працу. І маці адчувала гэта. І яшчэ старанней шчыравала на калгасных палетках і дома ўсё паспявала даводзіць да ладу.

А ў той год яна ўпершыню не здолела рабіць у калгасе. Вялікае гора не дазваляла ёй адлучацца з хаты. Паміраў наш бацька. Цяжка пакідаў ён гэты свет. Моцны боль ва ўсім целе сунімаў на пэўны час толькі морфій ды ласкавыя, хоць і агрубелыя ад цяжкай працы, жончыны рукі. І яна ўжо каторы месяц не адыходзіла ад бацькавага ложка. Паіла рознымі зёлкамі, імкнулася карміць, ды бацька амаль нічога не еў, навучылася рабіць уколы… Яна ўсё яшчэ верыла, што здолее вырваць з учэпістых рук смерці любімага чалавека…

Ды не здолела…

Пахавалі бацьку ў тую пару, калі вёска поўнілася водарам ліпавай квецені і мурожнага сена. Дальнія лугі цямнелі стагамі, а за нашым агародам, ля рэчкі, усё яшчэ звінелі косы.

Нешта дні праз тры пасля могілак, на сцямненні, шарэць пачынала ўжо на двары, сагнуўшыся ў тры пагібелі, каб не выцяцца аб вушак, пераступіў парог нашай хаты Сцяпан Васільевіч, калгасны брыгадзір. Маці якраз вярнулася ад каровы і працэджвала ў паліваныя гладышы малако. Моўчкі кіўнула галавой на прывітанне і змахнула фартухом нябачны пыл з лавы. Не чакаючы, пакуль усядзецца Сцяпан Васільевіч, – ведала ж: калі брыгадзір зайшоў у хату, значыць, за калгасную работу брацца час – забегла наперад, апярэдзіла:

– Заўтра ўжо выйду на работу.

Ды не ўгадала. Сцяпан Васільевіч ужо збіраўся лезці ў кішэню па кісет (першая прыкмета, што размова будзе нялёгкая), ды, пачуўшы голас маці, з палёгкай уздыхнуў:

– Калі трэба, то пабудзь яшчэ дома. У калгасе і без цябе як-небудзь управімся. Сёння дакасілі ўжо і бліжнія паплавы. Праз дзень-два апошні стог паставім. Надвор’е ж добрае стаіць, увачавідкі сохне. Што чай сена.

І ўсё ж не ўтрымаўся, адарваў шматок ад складзенай гармонікам газеціны, звярнуў цыгарку. І, ужо прыкурваючы, папытаўся:

– А ты, Фёдараўна, ці дабыла хоць якую ношку сена?

– Абкасіў старэйшы сын узмежак ды за градамі лапік выкасіў. Мо пудоў пяць і будзе…

– Так, пачынаць зімоўку няма з чым.

Памаўчаў. Дакурыў цыгарку, расцёр акурак на коміне.

– То я, Фёдараўна, вось што скажу табе. Сёння за тваім якраз агародам бабы копы ставілі. У стагі не паспелі сцягнуць. Я там не палічыў шэсць коп, то ты вазьмі сваіх старэйшых, ды за ноч перанясі тыя копы сабе ў сяннік. Копы невялікія – за цёмным паспееш. Глядзіш, на паўзімы хопіць. Толькі зрабі акуратна, каб сцежку не пакінуць. Як развіднее, правер, ці ўсё спраўна. Каб ні сянінкі… Людзі розныя бываюць…

Маці здзіўлена глядзела на Сцяпана Васільевіча, быццам упершыню бачыла, таму і старалася разгледзець, запомніць гэтага старога ўжо чалавека. Вунь галава ўся сівая, хоць бы адна валасінка цямнела. І абветраны твар, што толькі і бывае ў чалавека, які днямі смаліцца на сонцы ды сухавеі, увесь зрэзаны глыбокімі маршчынамі. Яна ведала яго даўно. Ведала гэтага сумленнага цягавітага чалавека і да вайны, і пасля вайны, калі ён упрогся ў нялёгкі брыгадзірскі воз. Як ён дрыжаў за калгаснае дабро! Убачыць колькі бульбін або клок саломы на разбітай, у калдобінах дарозе – аблае возчыкаў. А, крый божа, згледзіць агрэх у полі ці неабкошаны куст на лузе – лепш не трапляй пад гарачую руку!

Цяпер перад маці сядзеў другі чалавек. Такім яна яго яшчэ не ведала. Як ён рашыўся на такое? Нават адразу не знайшлася, што сказаць.

– Не, дзядзька Сцяпан, копы мне гэтыя не патрэбны. Абыдуся неяк і без іх. Няўжо ты думаеш, што я павяду сваіх дзяцей красці чужое? Сама буду іх вучыць красці? То як жа тады жыць, людзям у вочы глядзець? Ладна людзі. Яны, як ты кажаш, усякія бываюць. А дзецям? Яны што, не разумеюць нічога? Не, дзядзька Сцяпан, жыла, дзякуй Богу, без чужога і цяпер на чужое, дармавое не пакваплюся.

Прайшло шмат гадоў. А вось гэты ўрок сумленнасці, дадзены самым дарагім на свеце чалавекам, маці, напрыканцы паўгалодных пяцідзясятых гадоў, і цяпер не забываецца. Ім і кіруюся ўсё жыццё. Мо таму мне так цяжка і так лёгка жывецца на гэтым свеце.

Мікола ГАНЧАРОЎ.

Брэст.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.