Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:37 6 верасня 2016
16
Памер шрыфта

20-гадовы батуціст Уладзіслаў ГАНЧАРОЎ, які заваяваў на Алімпіядзе ў Рыа для беларускай зборнай адзіны залаты медаль, распавёў “Народнай Волі” пра Бразілію, запаветныя мары і асабістае жыццё.

У Віцебску, дзе жыве алімпійскі чэмпіён, яго дзень распісаны літаральна па хвілінах. Асабістыя справы, трэніроўка, афіцыйныя сустрэчы. Як кажуць, статус абавязвае. Але Улад – чалавек адказны. Як і абяцаў, тэлефануе мне каля дзесяці гадзін вечара…

– Ніяк не магу прызвычаіцца да ўсяго гэтага, – шчыра прызнаецца ён. – Не хачу такой славы і такой мітусні. Але ж нічога не паробіш…

– Давайце з пачатку. У секцыю па скачках на батуце вас маці прывяла?

– Так, шэсць гадоў мне было тады. Хаця спачатку займаўся гімнастыкай, мне вельмі падабалася скакаць. А батут – сама тое.

– Жвавым хлопчыкам былі?

– Энергіі хапала.

Кажуць, што ў дзяцей, якія займаюцца спортам, дзяцінства па сутнасці няма. Гэта так?

– Безумоўна. У той час, калі мае аднагодкі недзе гулялі на вуліцы, я вольнай хвіліны не бачыў. У 8 раніцы ішоў у школу, да 14.00 – на занятках. Затым 3–4 гадзіны трэніроўкі, толькі ў сем гадзін вечара прыходзіў дадому. Паеў, зрабіў урокі – і адразу ў ложак. 

– Бацькі былі не супраць вашага захаплення? Усё ж такі скачкі на батуце збоку маглі падацца траўматычным відам спорту…

– Іх, хутчэй, не гэта не задавальняла, а тое, што я прыходзіў з трэніровак выціснуты як лімон. Нават да трэнера хадзілі, казалі: “Можа, хопіць?” Трэнер, наадварот, пераконвала: “Хлопец здольны, яму ні ў якім разе нельга кідаць батут”.

– Якая ў вас сям’я?

– Я жыву толькі з мамай, хаця і яна зараз працуе ў Расіі. А тата сышоў ад нас гадоў дванаццаць таму. Ён, дарэчы, працаваў памочнікам капітана на Рыжскім гандлёвым флоце. Палову свету аб’ездзіў. Па восем месяцаў дома не быў, але затым столькі падарункаў прывозіў! Карціны нейкія, сувеніры, якія на той час лічыліся рэдкасцю. Не паверыце, але аднойчы дадому з камандзіроўкі нават малпачку прывез! Праўда, яна ў нас не прыжылася. Некалькі дзён пабыла, а затым яе камусьці падарылі.

– Ведаючы, як любяць скакаць малпы, у вас у дзяцінстве добры трэнер быў…

– Можа быць, хаця я тую малпу асабліва і не памятаю, мне тады два гады было. Пра гэта мне затым бацькі распавядалі.

– Самі стаць капітанам не марылі?

– Цікавая прафесія, але я прысвяціў сябе спорту, а ганяцца за двума зайцамі не мела сэнсу. Хаця адзін час было жаданне кінуць спорт, але гэта хутчэй ад стомленасці. Здараюцца моманты, калі ўсё надакучвае і хочацца проста адпачыць. Тады прашу ў трэнера пазачарговы выхадны.

– Падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды рыхтаваліся, можа быць, па нейкай асаблівай методыцы?

– Не, быў звычайны трэніровачны працэс. Пасля перамогі пачытаў недзе, што я, маўляў, перад Гульнямі настройваўся ў псіхолага, але нават не ведаю, адкуль гэта ўзялі. Я не працую з псіхолагам, хаця ён і ёсць у камандзе.

– Батуцісты – прымхлівыя людзі?

– Думаю, ва ўсіх спартсменаў нешта такое прысутнічае. Камусьці патрэбна, каб падчас выступлення яго рушнік ляжаў на крэсле роўна, хтосьці прычоску спецыяльную робіць… Але для мяне такія рэчы – не галоўнае, хаця заўважыў: калі ў мяне паўсюль парадак, то ўсё атрымліваецца.  Не люблю прыйсці ў залу, кінуць хутка рэчы, і адразу – на батут. Мне трэба акуратна ўсё раскласці, настроіцца да выступлення… Так, дарэчы, не толькі ў спорце, але і ў жыцці. Вельмі паважаю парадак.

– Кажуць, пасля пяці дзён спаборніцтваў, калі ў нашай зборнай не было яшчэ ніводнага медаля, у штаб беларускай алімпійскай дэлегацыі ў Бразіліі запрасілі праваслаўнага святара, які правёў малебен…

– Праводзіў службу, але так склалася, што я на яе не патрапіў. Увогуле,  я не вельмі набожны чалавек, хаця перыядычна мяне ў царкву водзяць. Сам туды не рвуся.

– Улад, а як вы перанеслі акліматызацыю ў экзатычнай Бразіліі?

– Цяжэй мне далася нават не акліматызацыя, а сам пералёт. Па дарозе ў Бразілію нам у самалёце далі вельмі добрыя месцы, а вось на зваротным шляху давялося складана. 13 гадзін у паветры ў нязручным стане трэба было вытрымаць.

– Краіна-гаспадыня Алімпіяды ўразіла?

– Гульні мне спадабаліся, хаця, напэўна, не я першы кажу, што Бразілія – не самая лепшая краіна для прагулак, калі паглядзець на ўзровень жыцця і злачыннасці. Было трохі не па сабе, таму за межы зоны, якая ахоўвалася, асабліва і не выходзілі.

– Як спалі перад сваім залатым выступленнем?

– Не вельмі добра. Хваляваўся, доўга не мог заснуць. І прачнуўся ізноў-такі ад хвалявання рана. Хаця спаў – як забіты. У нас быў час на акліматызацыю, таму розніца ў часе не адчувалася.

– У паветры батуціст знаходзіцца прыкладна 20 секунд. Для вас яны хутка пралятаюць?

– Гледзячы калі. Напрыклад, калі выступаеш на чэмпіянаце краіны, то можаш за тыя 20 секунд пракруціць усё сваё жыццё. А вось на Алімпіядзе я зараз і не ўспомню, пра што думаў, калі выконваў практыкаванне. Памятаю толькі, як залазіў на батут і як злазіў з яго. Усё астатняе – у тумане.

– Пасля перамогі вас павіншавала ў зале не толькі трэнер, але і ваша дзяўчына Ганна Гарчанок – таксама батуцістка з беларускай зборнай.

– Аня павіншавала пасля ўзнагароджання, бо спачатку нас наогул не выпускалі з зоны, дзе праходзілі спаборніцтвы. Віншаванні, выхад да прэсы…

– Здаецца, вы ў гэтым годзе планавалі з ёй пажаніцца?

– Да Алімпіяды мы наогул нічога не планавалі, хаця прапанову ёй зрабіў яшчэ ў маі мінулага года. Зараз будзем думаць, на які час прызначыць мерапрыемства. Магчыма, вяселле будзе наступным летам. Усё ж такі хацелася б, каб у такі дзень на вуліцы было сонечнае цёплае надвор’е.

– Не рана жаніцца ў 20 гадоў?

– У старыя часы людзі наогул ужо ў 16 гадоў дзяцей нараджалі, і былі нармальныя сем’і. Дык чаму ў 20 гадоў нельга ажаніцца, калі ты ўжо да гэтага падрыхтаваны? З Ганнай мы ўжо пяць гадоў сябруем, нам разам добра.

– Мяркуючы па тых фотаздымках, што ёсць на вашай старонцы ў сацыяльных сетках, вы са сваёй дзяўчынай шмат падарожнічаеце. Дзе ўжо пабывалі?

– Лепш запытаць, дзе мы яшчэ не пабывалі. Усю Еўропу аб’ездзілі, зараз перабраліся на іншыя кантыненты.

– Дарэчы, дзе алімпійскі чэмпіён плануе адпачыць пасля Алімпіяды?

– Калі ў верасні трэнер дасць адпачынак, то хацелася б паехаць на які-небудзь востраў. Дзе чыстая вада, лазурны бераг і няма пасляалімпійскай мітусні…

КАМЕНТАРЫЙ ТРЭНЕРА

Вольга УЛАСАВА: “Мы многае з Уладам перажылі…”

– Вольга Анатольеўна, калі шчыра,  ці верылі ў алімпійскае золата свайго вучня?

– Я разумела адно – з кітайцамі можна змагацца. І Уладзіку казала тое самае. Той добра зрабіў сваю справу – і гэтага аказалася дастаткова.

– Вы ўжо 14 гадоў працуеце з Уладзіславам?

– Так, у шэсць гадоў ён прыйшоў у секцыю. Вельмі працавіты быў, па сваім целаскладзе – такі маленькі мужычок.

– Як характар у вучня? Адразу сышліся?

– Калі быў маленькі, то наогул ніякіх пытанняў не ўзнікала. А вось у падлеткавым узросце, як кажуць, былі свае нюансы. Юнакам здаецца, што яны ўжо – самыя разумныя і ведаюць больш за ўсіх. Рознае было, але гэты перыяд мы таксама перажылі. Зараз Уладзіславу ўжо 20 гадоў, дарослы хлопец.

– У вас якія метады выхавання: пуга ці пернік?

– Руку на Улада я ніколі не падымала. Магла крыху напалохаць, калі патрэбна было прымусіць працаваць. Схопіш скакалку, і ён бедненькі ад страху гатовы быў усё на свеце зрабіць. Але ж сітуацыі розныя здараліся. Часам бачу – няма ў яго ніякага настрою трэніравацца, ледзь трывае. Тады і сама казала: “Ідзі ты ўжо дадому, а то сумна глядзець на цябе”. Можа быць, крыху і складана было хлопцу сумяшчаць трэніроўкі з вучобай, а вучыўся ён добра. Зрэшты, калі трэба было да спаборніцтваў рыхтавацца, то ад дысцыпліны не адступаліся ні на крок. І вынік не заставіў сябе доўга чакаць.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.