Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 15 мая 2017
27
Памер шрыфта

Трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні трэніруе ў Мастах дзяцей за 300 рублёў у месяц.

Вядомы ў мінулым спартсмен Уладзімір Парфяновіч некалькі гадоў працаваў у трэнерскім складзе зборнай Расіі, затым трэніраваў польскую нацыянальную каманду. Але вось нечаканасць! Уладзімір Уладзіміравіч вырашыў адысці ад спорту высокіх дасягненняў і пераехаў у невялічкі гарадок Масты, што ў Гродзенскай вобласці, працаваць з дзецьмі. Такія вось зігзагі лёсу…

– Нармальна працуецца з дзецьмі, без нерваў і стрэсаў, – распавядае “Народнай Волі” Уладзімір ПАРФЯНОВІЧ. – Афіцыйна назва маёй пасады гучыць так: трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Пасля таго як у Польшчы скончыўся кантракт, вырашыў вярнуцца на радзіму. Прыехаў у Мінск, думаю: “Што ж рабіць з тымі ведамі, якія назбіраў за ўсё жыццё? Іх жа трэба камусьці перадаць”. А ў мяне старыя сябры ў Мастах, таму і вырашыў з’ехаць са сталіцы – далей ад сталічнай мітусні. Можна было, безумоўна, і ў Мінску знайсці працу, але не захацеў. Жыць у сталіцы стала дорага і неэфектыўна. А я вырашыў крыху змяніць абстаноўку. Гады працы ў Расіі і Польшчы былі вельмі складаныя. У першую чаргу псіхалагічна стаміўся. І зараз я дакладна ведаю: праца з нацыянальнымі камандамі здароўя не дадае.   

– Але ж, калі браць фінансавы складнік, то ўмовы ў той жа Польшчы і Мастах, відаць, як неба і зямля…

– Пра што вы кажаце? (Смяецца.) Так, зараз у мяне не вельмі вялікі заробак – маю каля 300 рублёў у месяц. Але ж у дадатак атрымліваю знакамітую беларускую алімпійскую пенсію – аж 264 рублі. Усё не так дрэнна!

– Адным словам, працуеце без фантастычных ганарараў.

– А чаму б і не? Тым больш што сёння многія беларусы зарабляюць столькі ж. І нічога – выжываюць. Ды і не вельмі хачу прыбядняцца, усё-такі паспеў назбіраць за сваё жыццё нейкую капейку. А больш за адзін батон у дзень я ўсё роўна не з’ядаю.

– Жыллё ў Мастах здымаеце?

– Жыву ў кватэры, якую прадаставілі. Увогуле, правінцыя – гэта не Мінск. Кошты на пэўныя прадукты і паслугі тут ніжэйшыя, чым у сталіцы, таму пражыць прасцей. А яшчэ адна адметнасць – усе ва ўсіх на віду, усе адзін аднаго ведаюць. Таму п’яным па вуліцы не паходзіш, адразу ўвесь горад будзе ведаць.

– Як адчуваеце сябе ў новай ролі дзіцячага трэнера?

– Неверагодна цікава! Па-першае, заўсёды прыемна бачыць, як твае веды дапамагаюць юным спартсменам расці, і ўсё гэта адбываецца на тваіх вачах. Па-другое, сярод дзяцей няма такога здрадніцтва, як у вялікім спорце. І я бачу, як свецяцца вочы ў дзетак ад гонару, што ў іх вядзе пачатковую падрыхтоўку трохразовы алімпійскі чэмпіён. Хаця, хачу адзначыць, пасля гадзіны працы з дзецьмі ў школе ў мяне складваецца ўражанне, што тыдзень працаваў. І я ўсёй Адміністрацыі прэзідэнта паставіў бы тлустую двойку за тое, якім чынам там ацэньваюць працу дзіцячых выкладчыкаў і колькі людзям плацяць за гэтую працу. Каб прыцягнуць дзяцей да заняткаў спортам, трэба ствараць зусім іншыя ўмовы працы для самой школы.

– Кажуць, што і матэрыяльна-тэхнічная база ў многіх дзіцячых спартыўных школах таксама не на ўзроўні. Гэта так?

– У нас сітуацыя не з лёгкіх, хаця, мяркую, у любой школе – мора праблем. Мы, напрыклад, працуем на інвентары 10–15-гадовай даўніны. Вёслы старыя, даводзіцца па некалькі разоў іх пераклейваць. Адным словам, цяжкасці ёсць, але мы іх гераічна пераадольваем.

– Магчыма, вы ўжо сустракаліся з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі веславання альбо Міністэрства спорту і турызму, каб абмеркаваць, якім чынам вашы веды можна скарыстаць для развіцця беларускага спорту?

– А навошта простаму дзіцячаму трэнеру сустракацца з гэтымі чыноўнікамі? У мяне ёсць сваё непасрэднае кіраўніцтва, з ім і абмяркоўваю ўсе пытанні. А з птушкамі такога высокага палёту мне не па рангу сустракацца.

Ды і няма асабліва часу на сустрэчы, зараз мы знаходзімся на зборах у Азёрах і рыхтуемся да Кубка Беларусі. Дадам, што ўмовы тут, безумоўна, спартанскія. У доме сплю ў шапцы і накрываюся дзвюма коўдрамі. Жонка да мяне сюды прыехала і хуценька з’ехала. Кажа: “Не прызвычаілася я з табой у паліто спаць”.

– А як наогул жонка ўспрыняла ваш незвычайны выбар?

– Цудоўна! Таццяна і сама былая спартсменка, а таму зараз прыязджае, дапамагае мне, выкладаючы дзецям гімнастыку. Трэніроўкі сталі больш якасныя, дынамічныя… Гэтую практыку, каб дадаць у трэніровачны працэс гімнастыку, дарэчы, яшчэ ў Польшчы пачалі прымяняць, і яна дала добры вынік.

– Дарэчы, як ацэньваеце сваю працу ў зборных Расіі і Польшчы?

– Добра папрацаваў, і вынікі былі. Але ж з Расіі з’ехаў па асабістых абставінах, а ў Польшчы таксама з’явіліся свае нюансы падчас работы з нацыянальнай камандай. Там была высокая канкурэнцыя, практыкавалася нават здрадніцтва… У некаторых момантах не склаліся адносіны са спартсменамі, і яны мне здрадзілі. Не паверылі ў тое, што я ім казаў і чаму вучыў. Ганарлівасць іх і падвяла…

– Калі вы ўжо вырашылі працаваць на радзіме, то, можа быць, у бліжэйшай перспектыве мы зможам вас убачыць і ў трэнерскім складзе зборнай Беларусі?

– Усяму свой час, і ўсяму свая песня. Тым больш што асабіста я не знайшоў яшчэ ўсе адказы на пытанні ў гісторыі са скандальным адлучэннем беларускай каманды ад удзелу ў апошняй Алімпіядзе.

– Няма крыўды на беларускіх спартыўных чыноўнікаў за тое, што вас апошнім часам не запрашалі на працу, абыходзілі бокам?

– Чыноўнік быў і заўсёды застанецца труслівай істотай. Чаго на такіх крыўдаваць?

– Раней жа вы і бізнесам займаліся. Не было жадання зноў пачаць сваю справу?

– А які сэнс?! Пачынаць бізнес з нуля ў Беларусі вельмі складана. Таму маё здароўе мне даражэй. І да таго ж у мяне ўсё ёсць. Як ужо казаў, больш за адзін батон не з’ясі і больш за адзін кавалак масла ў рот не запіхаеш. У мяне няма мэты штодзень мазаць гэты батон чырвонай ці чорнай ікрой. Я і без ікры добра пачуваюся…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.