Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
6
Памер шрыфта

Не так даўно Уладзімір Някляеў вярнуўся з Украіны.

“Народная Воля” пацікавілася, якім ветрам яго занесла на Луганшчыну?

– Штогод у траўні ў адной з абласцей Украіны праводзяцца Шаўчэнкаўскія святы, – распавёў Уладзімір Пракопавіч. – На многіх з іх я ўжо быў, і гэтым разам не збіраўся ехаць, але… Але арганізатары патэлефанавалі і сказалі, што святкаваць Шаўчэнкаўскія дні ў гэтым годзе вырашылі на Луганшчыне. Там, дзе вайна, дзе людзям больш за ўсё патрэбна падтрымка. Калі не дзеяннем, дык словам… І я не палічыў магчымым адмовіцца ад паездкі.

Зразумела, ехаў я не ваяваць, як расійскі пісьменнік Прылепін, а сустрэцца з людзьмі, якія жывуць у вайне. Пагаварыць з імі, паслухаць іх, на свае вочы ўбачыць, што там адбываецца.

– І што ўбачылі? Якая там зараз сітуацыя?

– Большая частка Луганшчыны кантралюецца ўладамі Украіны, але даволі вялікая тэрыторыя падкантрольная сепаратыстам. І сітуацыя вельмі складаная не толькі ў прыфрантавой ці так званай буфернай зоне. Яна складаная цалкам на ўсёй Луганшчыне, ва ўсім Данбасе.

Вонкава яна выглядае так: танкамі ўзараны дарогі, блокпасты, абстрэлы пазіцый сіл АТА… “Што за людзі едуць?” – разоў дзесяць правяралі дакументы па дарозе з Паўночнаданецка (да якога ад Кіева, між іншым, як ад Мінска да Масквы) у Старабельск, і на адным з блокпастоў, калі сказалі, што едуць пісьменнікі, спыталі: “А на якой мове пішуць? Не на акупанцкай?..”

Менавіта ў гэтым, як я пераканаўся, асноўная праблема. Не ў спадзе прамысловасці, не ў цяжкасцях, што ўзніклі ў сельскай гаспадарцы (усе разумеюць, што пасля вайны гэта ўсё нармалізуецца), а ў тым, што Луганшчына, увесь Данбас цалкам зрусіфікаваны. І праз тое нават вельмі шмат людзей, якія не толькі жывуць на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, а якія ў пашпарце запісаны ўкраінцамі, лічаць сябе рускімі. Выключна праз мову, на якой размаўляюць, – і тут проста нельга не правесці паралель з Беларуссю, дзе ціхая зрусіфікаванасць – значна большая небеспека, чым восеньскія беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні, пра якія столькі шуму.

Гэта з аднаго боку. А з другога – паўсюль і ва ўсім паступова пачынае перамагаць украінскае. Асабліва пранізліва адчулася гэта ў тым жа Старабельску, дзе недалёка ад вайны – свята вышыванкі. Музыка, песні, усмешкі. Людзі хочуць жыць, як людзі, не чакаючы, калі вайна скончыцца, і яны не толькі ваююць, але і святкуюць. У жыцці сённяшнім – усё побач, усё адно ў адным.

– На старонцы ў “Фэйсбуку” вы выклалі цікавы здымак з акцёрам Уладзімірам Талашкам, выканаўцам ролі Скварцова ў фільме «У бой ідуць адны “старыя»…

– Ён таксама быў адным з запрошаных на Шаўчэнкаўскія святы, быў у складзе ўкраінскай дэлегацыі. Раней мы сустракаліся з ім эпізадычна на розных імпрэзах, але вось так доўга і блізка – упершыню. А фота атрымалася так: я папрасіў паказаць той знакаміты ягоны жэст з фільма, як у бой ідуць адны “старыя”. Ну ён і паказаў…

– Уладзімір Пракопавіч, а што ў вас з чарговым судом, які павінен быў адбыцца, здаецца, якраз напярэдадні вашай паездкі ва Украіну? Вам абяцалі ўляпіць трайны тарыф – 15 сутак…

– Суд адбыўся. І я не ведаю, які воўк у лесе здох, але замест паабяцаных 15 сутак атрымаў максімальны штраф – 50 базавых велічынь (1150 рублёў).

– Будзеце плаціць?

– Калі б не ездзіў за мяжу, то халера б з ім! Але зараз у мяне за мяжой даволі шмат кніг выходзіць, і калі не паеду на рэдактуру, на падрыхтоўку, то больш згублю, чым сэканомлю на гэтых штрафах. А яны ж цяпер адразу ўносяць у спісы невыязных. А яшчэ не хапала, каб прыйшлі і апісалі маю маёмасць разам з жонкай!

– І ў колькі вам абышлася “гарачая вясна” 2017 года?

– Гэта ўжо, здаецца, не менш як дзясяты штраф. Калі падлічваць агулам, то заплаціў значную частку прэміі, якую атрымаў за раман “Аўтамат з газіроўкай і без”. Прэмія была 10 тысяч долараў, тысячы дзве з паловай дакладна на штрафы сышлі…

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Амерыка ўжо не такая страшная?

На мінулым тыдні ЗША абвесцілі, што рыхтуюцца зрабіць два радыкальныя крокі. Гэта выклікала ў свеце гучны рэзананс, але не з боку нашае краіны.

Мария ШАРАПОВА: «Удар может решить любую проблему!»

Совсем недавно в московском издательстве «Эксмо» вышла автобиографическая книга известной теннисистки с белорусскими корнями Марии Шараповой «Неудержимая». В качестве эпиграфа к книге пятикратная п

Итальянцы на «Беларусьфильме»

17 октября генеральный директор «Беларусьфильма»  Игорь Поршнев проводил экскурсию по киностудии для итальянского режиссера Джанфранко Кабидду и его товарищей. Прекрасно отремонтированные павильоны, н