Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Учора, 9 ліпеня, Уладзіміру Някляеву споўнілася 69 гадоў. Не юбілей, але нагода, каб задаць вядомаму паэту некалькі пытанняў
1:55 20 лiпеня 2015
23
Памер шрыфта

– Якімі галоўнымі прынцыпамі вы карыстаецеся ў жыцці?

– У маім дзяцінстве быў мой дзед Ясь. Ён быў сапраўдны вернік, а не проста чалавек, які ходзіць да царквы, каб свечку на Вялікдзень паставіць. Ці каб вады на Хрышчэнне набраць.

Сыходзячы з гэтага свету, ён пакінуў мне доказ несмяроцця душы (пра што я даволі падрабязна напісаў у прыпавесці “Чмель і вандроўнік”, прысвечанай Васілю Быкаву) і дзве кнігі. “Урок закона Боскага”, па якім я вучыўся, і “Евангелле”, па якім жыў.

Там сказана, па якіх законах жыць, якімі прынцыпамі кіравацца мусіць чалавек.

Ніякіх іншых, дадатковых прынцыпаў я не шукаў.

– Як вы бавіце свой вольны час, калі ён ёсць? Што для вас ідэальны адпачынак?

– У апошнія пяць гадоў, якія аддадзены палітыцы, вольны час для мяне – гэта той, у які ёсць магчымасць заняцца літаратурай. А ідэальны адпачынак – калі ў гэты вольны час удаецца нешта напісаць. Паставіў кропку ў канцы апошняга сказа – і вось табе ідэальны адпачынак…

– Ці размаўляеце вы з самага дзяцінства па-беларуску? Як вы ставіцеся да трасянкі?

– Вырас я ў Крэве. У мястэчку, якое размаўляла па-беларуску, па-польску і па-яўрэйску (я не ведаў тады, што гэта ідыш, які да вайны, пасля якой я нарадзіўся, быў адной з дзяржаўных моў Беларусі). Жылі такой мішпохай (калі перакласці на ідыш), ці радзінай (калі перакласці на польскую), што значыць – сям’ёй.

Рускай мовы ў мястэчку не было. Выключэннем стаўся толькі мой бацька, рускі чалавек з Волгі, але і ён той парой, якой пачаў я казаць першыя словы, ужо гаварыў на трасянцы. Так што да трасянкі, хоць мне і не падабаецца сцёб на ёй (асабліва ў вершах), адносіны някепскія. Сямейныя.

– Як вы мяркуеце, ці сапраўды мы назіраем зараз працэс адраджэння беларускай мовы, культуры? Беларускую мову можна часцей пачуць, на вуліцах моладзь у вышыванках/вышымайках ходзіць, мова на тэлебачанні, рэклама па-беларуску і г.д.). Ці дастаткова ўсяго гэтага, каб называць гэтую з’яву “адраджэннем”?

– Вышыванкі, моўныя курсы – усё гэта добра. Але для таго, каб зратаваць беларускую мову, нацыянальную культуру, гэтага ні ў якім разе не дастаткова. Калі мова і культура знішчаліся на дзяржаўным узроўні, дык на дзяржаўным узроўні павінны і адраджацца. Вырашыць гэту праблему на ўзроўні аматарскіх гурткоў немагчыма, якія б апантаныя людзі там ні працавалі.

Увогуле сітуацыя з усім, што ёсць беларускае ў Беларусі, што вызначае нас як беларусаў, на гранічнай мяжы. Нават па-за ёй: мы пераступілі мяжу і перайшлі як бы ў іншую краіну, дзе са сваёй мовай пачуваем сябе чужынцамі. Гэта сітуацыя проста жахлівая, якую немагчыма ўявіць у нармальнай дзяржаве. Дык, можа, у беларусаў сваёй дзяржавы і няма? А ёсць нейкая іншая, якую выдаюць за беларускую?..

Калі неадкладна, сёння не будуць зроблены рашучыя захады па вяртанні беларусаў, найперш беларускіх дзяцей у Беларусь, у беларускі свет, заўтра вяртацца не будзе каму і не будзе куды.

– Як вы ставіцеся да беларускай моладзі, якая пакінула ці збіраецца пакінуць краіну?

– Я стаўлюся да гэтага не як да моладзі (у кожным канкрэтным выпадку гэта асобны чалавек), а як да праблемы. І карані яе ў тым, пра што я казаў, адказваючы на папярэдняе пытанне. У людзях страчваецца адчуванне Айчыны. А з ёй губляецца вера ў будучыню Беларусі. А значыць, нестае матывацыі за яе змагацца. Таму кожны, хто можа і як можа, змагаецца за сябе.

Гэта ўжо відавочна і ў паводзінах нашых эмігрантаў. Міграцыя з краін бяднейшых у багацейшыя – з’ява паўсюдная, але палякі і ў Нямеччыне застаюцца палякамі, а літоўцы і ў Канадзе застаюцца літоўцамі. А нашы?.. Не кажу пра ўсіх, але пераважная тэндэнцыя ў новай беларускай эміграцыі, у адрозненне ад эміграцыі старой – асімілявацца. З’ехаўшы, яны вельмі хутка страчваюць нават тую беларускасць, якую мелі.

З’язджаюць не толькі па эканамічных прычынах. Праз адчуванне безвыходнасці з’язджаюць. Гэта як сядзіш у турэмнай камеры і разумееш: сцены не праб’еш, краты не перагрызеш… Дык дай я ламануся ў дзверы, як толькі вартавыя іх прыадчыняць! А там – Бог бацька! Што будзе, тое будзе, бо ўжо дыхаць у гэтай турме немагчыма.

– А можа, жыццё было б значна лягчэйшым, калі б вы жылі за мяжой? Апошнім часам не ўзнікае жадання з’ехаць з Беларусі?

– З’ехаць ніколі не хацеў. Тым не менш змушана, праз ціск улады жыў нейкі час за мяжой. Напісаў там, дарэчы, не самыя кепскія свае паэмы, аповесці. Але штодня і штоночы паўставала пытанне: для каго я пішу? Калі пройдзе яшчэ гадоў пяць-дзесяць, і ў Беларусі не застанецца людзей, якія чытаюць па-беларуску?.. Калі ад усяго беларускага застануцца толькі руіны. Як ад Крэўскага замка, пад сценамі якога я вырас…

І я вярнуўся, каб падперці плячом хоць адну сцяну. Зноў пакласці ў яе хоць адзін, які выпаў, камень. Адну цагліну.

Дарэчы, калі мне было 60, мы з маімі сябрамі ўмуравалі ў сцяну Крэўскага замка 60 камянёў. І яны паклаліся там амаль незаўважна – такі замак вялікі. А ўявіце ўсю Беларусь. І яна ўся ў руінах. У руінах культуры, маралі, я ўжо не кажу пра руіны савецкай свядомасці, савецкай эканомікі. Тут працаваць і працаваць, рук не пакладаючы…

– Якім вы бачыце ваш творчы шлях, якое месца творчасць займае ў вашым жыцці на дадзены момант? Над чым вы зараз працуеце?

– Я не бачу свой творчы шлях асобным, неяк аддзеленым ад шляху жыццёвага. Я проста жыў, шмат чым займаючыся ў жыцці, але найперш – паэзіяй, літаратурай. І доўгі час, дарэчы, меў сумнеў, што займаюся менавіта тым, што ёсць маім прадвызначэннем, дзеля якога Бог паклікаў мяне ў гэты свет. Толькі пасля паэм і вершаў, якія склалі кнігу “Прошча”, падумаў, што, можа быць, калі Бог і зрабіў памылку, наканаваўшы мне шлях паэта, дык не такую ўжо вялікую. А пасля кнігі “Так” нават здалося, што ніякай памылкі не было. Бог не пымыляецца.

Напісаў быў нават:

Я спытаўся ўчора ў Бога,

Цi не снiць мяне Гасподзь? 

Ды з нябёс – нiхто нiчога.

Хоць бы слоўца. Знак бы хоць.

Сёння ж з ранiцы на ўсходзе

надпiс з белых блiскавiц:

«Ты не снiшся мне, Валодзя.

Бог не спiць».

– Якім быў асабіста для вас канец 1980-х – пачатак 1990-х? Што самае яскравае вы памятаеце пра гэты час, якія ў вас былі думкі, надзеі?

– Тыя ж, што ва ўсіх. Вось яна – здзейсненая мара! Незалежная дзяржава Беларусь. Вось ён – шлях да свабоды.

Быў, праўда, адзін момант, які запомніўся сумненнямі ў тым, што беларусы гатовы прайсці гэты шлях да канца. Не звярнуць, не збочыць.

Гэта было на Дзяды 1988 года, калі сыходзячая камуністычная ўлада ўпершыню ўжыла сілу для разгону ўдзельнікаў шляху на Курапаты. Калі я раптам убачыў, як побач з могілкамі, дзе ў зямлі ляжалі мёртвыя, паслаліся на гэтай жа зямлі, хто стаўшы на калені, хто сеўшы на кукішкі, жывыя. Паслаліся перад сілай шэрай, у шэрых шынялях, што насоўвалася на іх па полі, дзе яны спыніліся на мітынг. Нехта спрабаваў выпрастацца, падняцца, каб прарваць тую сілу, яе шэрыя ланцугі, але ўсе астатнія крычалі: “Сядайце! Няхай яны ідуць – сядзем перад імі! Нічога не робім! Сядай, Беларусь!”

І Беларусь села. У халодным полі пад сцюдзёным ветрам, пад колкім снегам, што ляцеў бы шрот…

Гэты сядзячы мітынг уразіў мяне моцна. Уражаны, я хацеў напісаць, што нельга перамагчы на каленях, на кукішках! Але я быў разам з усімі… і напісаў не пра сядзячы мітынг, а пра маўклівы.

Мы ведалі, пра што маўчалі з імі,

Жывыя з мёртвымі 

і мёртвыя з жывымі.

І ўпершыню, маўклівы сцяўшы рот,

З натоўпу глянуў люд. Амаль народ. 

У гэтым сэнсе за чвэрць стагоддзя, на жаль, мала што змянілася. Тая ж праблема амаль народа застаецца і сёння.

На ваш погляд, што павінна адбыцца зараз, каб Беларусь пайшла па Еўрапейскім шляху развіцця? Ці лічыце вы гэты шлях актуальным для сучаснай Беларусі? Ці наш шлях больш складаны?..

– Як сведчыць гістарычны досвед, беларусы не шукаюць лёгкіх шляхоў. Мелі магчымасць пайсці шляхам еўрапейскай дэмакратыі, дык не! Пастанавілі вярнуцца ў Савецкі Саюз, у сацыялізм: а раптам нешта добрае там забыліся? Ну вось, што забыліся, тое знайшлі…

Сёння шлях перад намі нават больш складаны, чым быў на пачатку 1990-х. Тады нас клікалі, нават цягнулі ў дэмакратыю, у вольны еўрапейскі свет. Мала таго: на нас разлічвалі. А цяпер – не.

Цяпер мы можам разлічваць толькі самі на сябе. З пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны рэзка актывізавалася расійская “мірная” агрэсія супраць Беларусі. Дакладней – супраць усяго беларускага ў ёй. Па сутнасці, рэалізоўваецца дактрына, сфармуляваная пасля падаўлення паўстання Каліноўскага. «Что недоделал русский штык – доделает русский чиновник, русская школа и русский поп».

Калі мы не згуртуемся ў адзіную беларускую сілу, якая будзе супрацьстаяць экспансіі “русского мира”, мы страцім Беларусь. Прычым у найблізкім часе. Таму я і ствараю з паплечнікамі, беларускімі патрыётамі, грамадскі рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”.

Далучайцеся! Не спіце ў шапку, каб не прачнуцца аднойчы ў Паўночна-Заходнім краі. На «самом западном рубеже Святой Руси», як сказаў нядаўна, прыехаўшы ў госці да пакуль яшчэ беларусаў, патрыярх Кірыл. І амінь.

Вольга ЗАЙЦАВА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.