Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:19 11 студзеня 2017
28
Памер шрыфта

Напярэдадні Новага года ў кінатэатры «Масква» адбылася доўгачаканая прэм’ера фільма Андрэя Курэйчыка «PARTY-ZAN фільм». Гэта першая беларуская незалежная маладзёжная камедыя і першы айчынны фільм у беларускай гісторыі, які патрапіў у навагодні пракат на шырокі экран. Пры тым што стужка знята без дзяржаўнага фінансавання, выключна на сродкі прадзюсарскай групы, сяброў і партнёраў.

Асноўныя здымкі фільма праходзілі ў жніўні ў Мінску, Брэсце і нават Маскве. У адрозненне ад папярэдняй карціны Курэйчыка, філасофскай трагікамедыі «ГараШ», новая стужка – маладзёжная эксцэнтрычная камедыя. Сюжэт больш дынамічны, у ім больш лакацый, задзейнічана больш акцёраў. У цэнтры гісторыі – маладыя праграміст і прадпрымальнік. Абодва прагнуць славы і грошай, але пакуль не маюць наогул нічога. Галавасты і кемлівы праграміст Дзяніс сядзіць без працы, бо яго выгналі з «Фангеймінга» за тое, што ў час працы ён займаўся вырашэннем сваіх фінансавых праблем. А прыгажунчык-гуляка і свавольнік Аляксей – не самы ўдалы прадпрымальнік. Спрабуе зарабіць рознымі спосабамі, але ўсе яго праекты прагараюць. Чыста выпадкова Дзяніс, рамантуючы камп’ютар чыноўніка «Беларусьфільма», даведваецца, як можна выправіць сітуацыю.

І вось хлопцы аб’ядноўваюцца і рашаюцца на авантуру – прадстаўляюцца маскоўскай кінагрупе як беларускія кінапрадзюсары і бяруцца зняць для іх некалькі ваенных сцэн…

«PARTY-ZAN фільм» – гэта ўжо трэцяя карціна маладога творчага аб’яднання Bez Buslou Arts, якое ставіць сабе на мэту выдаваць па адным фільме ў год.

Выдаткі на стварэнне стужкі яшчэ дакладна не падлічаны, вядома толькі, што яны прыблізна склалі каля 40.000 долараў (у асноўным гэта грошы, прынесеныя мінулай карцінай, і спонсарская падтрымка больш як 20 партнёрскіх праграм і арганізацый і генеральнага партнёра ЗАТ «БСБ Банк»). Па сённяшніх мерках грошы для кінаіндустрыі невялікія. Ведаючы творчы талент, маркетынгавыя і прамоўтарскія здольнасці Андрэя Курэйчыка, б’юся аб заклад, што фільм акупіцца. Адна толькі піяр-акцыя і закрытая прэзентацыя для VIP-персон з «Дональдам Трампам» за тыдзень да пракату былі арганізаваны так, што большасць беларускіх рэжысёраў могуць толькі пазайздросціць. Гарачая цікавасць да фільма яшчэ на стадыі постпрадакшну, рэакцыя гледачоў падчас прэм’еры:  смех у зале на працягу ўсёй карціны, авацыі падчас прагляду і асабліва ў канцы фільма – усё гэта сведчыць пра тое, што наш «Партызан» стрэліў трапна і ўдала і касавыя зборы мусяць быць пабіты. Папярэдняя стужка, дарэчы, атрымала збораў амаль у шэсць разоў больш за бюджэт. Гэтым разам стваральнікі плануюць сабраць касу ў тры-чатыры разы большую за бюджэт. У свой час «ГараШ» стаў трэцім па зборах. Больш таго, адміністрацыя кінатэатра прызналася, што для беларускай стужкі запаўняльнасць залы была неверагоднай. Зрэшты, гэта зразумела, бо глядач збольшага ў асноўным ішоў менавіта на Курэйчыка.

Між іншым, «PARTY-ZAN фільм» стаў адзіным беларускім фільмам у навагоднім пракаце – самым канкурэнтным часе ў кінематографе і часе максімальных збораў. У гэты перыяд цяжэй за ўсё прабіцца на шырокі экран. «Партызанам» давядзецца трымаць канкурэнцыю з расійскімі карцінамі «Вікінг»  і «Бітва чараўнікоў», камедыяй «Елкі-5»  (Курэйчык быў сцэнарыстам першай часткі фільма), вялікай колькасцю якасных поўнаметражных мультфільмаў. Барацьба за гледача разгортваецца нежартоўная.

І апошняе. Галоўныя ролі ў фільме выканалі ўзыходзячыя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса Аўчыннік. Таксама ў стужцы зняўся і шэраг зорак беларускага тэатра і кіно: Эвеліна Сакура, Аляксандр Ефрэмаў (мал.), Іван Шчатко, Генадзь Гатоўчыц, Юрый Зінчанка, Сяргей Уласаў і іншыя. Ужо традыцыйна ў фільме Андрэя Курэйчыка зняўся лідар групы «Нейра Дзюбель» Аляксандр Куллінковіч, а таксама яго калега па музычным гурце Юрый Навумаў. Нечаканасцю стала першае з’яўленне на экране ўсёй сям’і  Андрэя Курэйчыка – былой жонкі Вольгі Курэйчык (актрысы Купалаўскага тэатра), сына Глеба і дачкі Марты.

Музыку да фільма напісаў кампазітар і супрадзюсар праекта Дзмітрый Фрыга. Апроч яго музыкі ў фільм увайшлі кампазіцыі пераможцаў музычнага конкурсу, які быў абвешчаны «PARTY-ZAN фільм» падчас стварэнні стужкі: беларускіх гуртоў “Усе Crazy”, SuperBullz, «Нейра Дзюбель», Зміцера Вайцюшкевіча, гурта Recha і іншых.

Аўтар: Алег ГРУШЭЦКІ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.