Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Кратка
6:00 31 лiпеня 2015
14
Памер шрыфта

Як заўсёды

Зараз ідзе важны этап выбарчай кампаніі – фарміраванне выбарчых камісій. Першыя веcткі, на жаль, не здзівілі.
У Гродне створаны абласная і дзве гарадскія тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі. Ніводзін прадстаўнік апазіцыйных партый у іх склад не ўвайшоў.
Паводле слоў праваабаронцы Рамана Юргеля, які прысутнічаў на сумесным пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама і прэзідыума абласнога Савета, тэрытарыяльная абласная камісія была сфарміравана з 13 чалавек. «Ад апазіцыі прэтэндавалі па адным прадстаўніку ад АГП і ад партыі “Справядлівы свет”, але іх, як і ў мінулыя разы, не ўключылі па ўжо знаёмых прычынах: маўляў, яны беспрацоўныя і не маюць вопыту працы ў падобных камісіях, а таксама ў іх мала зарэгістраваных на тэрыторыі вобласці партыйных структур. У склад камісіі прайшлі толькі праўладныя прадстаўнікі, прычым агучылі, што яны прадстаўляюць 12 раёнаў вобласці», – паведаміў праваабаронца.
І Калякіну, і Лябедзьку можна ліць слёзы, але, даражэнькія, няўжо ў вашых партыях усе беспрацоўныя, што вы не змаглі прапанаваць у камісіі тых, хто працуе, а не бамжуе?

Cкардзішся – плаці
Аляксандр Лукашэнка ўхваліў папраўкі ў Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Папраўкі прадугледжваюць магчымасць наказаць рублём, тых, хто сістэматычна звяртаецца ў розныя інстанцыі з неабгрунтаванымі скаргамі.
Закон удакладняе расходы, якія могуць быць спагнаны з заяўніка ў выпадку, калі ён сістэматычна накіроўвае беспадстаўныя скаргі. Да іх аднесены сумы, якія падлягаюць выплаце экспертам, паштовыя выдаткі і выдаткі, звязаныя з выездам на месца разгляду звароту», – паведамілі ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.
Паводле абноўленага закона, усе звароты будуць разглядацца цягам 5 працоўных дзён, пачынаючы з наступнага дня з моманту падачы звароту або скаргі.

У адны рукі
Сем арганізацый канцэрна «Белдзярж-харчпрам» увойдуць у склад алкагольнага холдынга. Аляксандр Лукашэнка ўсё-такі падпісаў адпаведны ўказ.
Кіруючай кампаніяй будзе ААТ «МІНСК КРЫШТАЛЬ». У склад холдынга ўвойдуць такія арганізацыі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», як ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», ААТ «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», ААТ «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод», ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», ААТ «Мазырскі спіртагарэлачны завод», ААТ «Харчовы камбінат «Весялова».
Нагадаем, што незалежныя эканамісты ідэю ўвядзення фактычнай манаполіі на вытворчасць алкаголю актыўна крытыкавалі.

Сенатар Пірс супраць «Беларуськалія»
Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Стыў Пірс унёс у Кангрэс ЗША законапраект, які прадугледжвае распаўсюджванне санкцый на «Беларуськалій» і яго трэйдара – «Беларускую калійную кампанію».
Пра гэта паведаміла выданне The Wall Street Journal. «Гэты законапраект ёсць першы крок, каб краіны, якія з’яўляюцца аб’ектам амерыканскіх санкцый, неслі адказнасць за свае дзеянні і не мелі магчымасці абысці санкцыі, проста змяніўшы назву», – заявіў сенатар.
Нагадаем, што ў 2006 годзе ЗША ўвялі ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб і дзяржструктур санкцыі. У тым ліку пад абмежаванні падпаў канцэрн «Белнафтахім», куды ўваходзіў «Беларуськалій». Аднак у сакавіку 2014 года беларускае кіраўніцтва вывела «Беларуськалій» са складу канцэрна «Белнафтахім», патлумачыўшы гэта імкненнем да прамога кіравання прадпрыемствам.

Віншуем, спадар Шукелойць!
У нядзелю 19 ліпеня лік беларускіх доўгажыхароў у замежжы папоўніўся імем спадара Антона Шукелойця, шырока вядомага ў беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне грамадскага, палітычнага і культурнага дзеяча. Да гэтага часу 100-гадовы жыццёвы парог перакрочыў тры гады таму спадар Барыс Кіт. Як жартам зазначыў адзін з тых, хто віншаваў Антона Шукелойця са стогадовым юбілеем, цяпер яны абодва могуць заснаваць спецыяльны Клуб і прыцягваць доўгажыхароў у ягоны склад. Каму б з нас не хацелася туды трапіць!
Юбіляра віталі ў грамадскай зале пры Саборы Св.Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, сустрэўшы апладысментамі.

З-за алкагольнага ап’янення згубіў шанц стаць прэзідэнтам
Тым часам, калі ў Мінску ў Цэнтрвыбаркаме збіраліся тыя, хто здолеў падаць дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп, адзін прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду – беспрацоўны Юрый Шульган – зрабіць гэтага не здолеў, бо за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення трапіў не ў ЦВК, а ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна, а потым – у суд. 

Хто не быў зарэгістраваны?

Мікола Статкевіч, канды-дат у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень.
Бізнесмен Андрэй Канавец. Яму адмовілі ў рэгістрацыі, бо ён адбываў турэмнае пакаранне на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і ў выніку перапыніў 10-гадовы тэрмін знаходжання на тэрыторыі Беларусі. Таксама не былі зарэгіст-раваны ініцыятыўныя групы Аляксандра Юдаева (фатограф з Наваполацка, сын былога намесніка дырэктара “Нафтана”), Ірыны Першынай (яна прадстаўлялася як “рыжы спецыяліст па рэкламе”), Сяргея Заблоцкага (пра гэтага прэтэндэнта зусім нічога не вядома, і дакументы ў ЦВК ён дасылаў па пошце) і Тамары Біруковай (хатняя гаспадыня, ёй параіў балатавацца муж). Падстава нерэгістрацыі такая: у ініцыятыўных групах не набіралася нават 100 чалавек, і дакументы былі дрэнна аформлены.

Дзеючы старшыня АБСЕ прылятае ў Мінск
Дзеючы старшыня АБСЕ, першы намеснік прэм’ер-міністра – міністр замежных спраў Рэспублікі Сербія Івіца Дачыч наведае Мінск сёння, 21 ліпеня.
Як паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, «у ходзе візіту плануюцца перагаворы Дачыча з беларускім бокам, а таксама ўдзел у сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па Украіне».
Галоўная інтрыга візіту наступная: Украіна з’яўляецца галоўнай мэтай прылёту ў Мінск высокага чыноўніка, ці усё ж такі мэты дзве – Украіна і беларускія прэзідэнцкія выбары?

Лета гарачынёй пакуль не радуе
На гэтым тыдні тэмпературны фон чакаецца на 1–3 градусы ніжэй за кліматычную норму. Праўда, у канцы тыдня пацяплее.
Пра гэта распавяла прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Парашчук.
У аўторак 21 ліпеня на тэрыторыі Беларусі пераважна без ападкаў, толькі месцамі па поўначы пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра максімальная днём ад +19°С па паўночным усходзе да +26°С па паўднёвым захадзе краіны.
У сераду 22 ліпеня месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Днём у асоб-
ных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15–17 м/с. Тэмпе-ратура паветра мінімальная ноччу +10…+17°С, па паўднёвым захадзе да +19°С; максімальная днём +19…+26°С, па поўдні да + 28°С.
У чацвер 23 ліпеня ноччу пераважна без ападкаў, днём месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы, пры навальніцах узмацненне ветру парывамі да 15–20 м / с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +9…+15°С, па паўднёвым захадзе да +17°С; максімальная днём +21…+28°С, па поўдні +29…+32°С.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.