Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 25 мая 2017
3
Памер шрыфта

Складваецца ўражанне, што зборная Беларусі прыехала на першынство свету, толькі дзеля таго, каб пабачыць Францыю.

Сусветны хакейны чэмпіянат заўсёды дорыць балельшчыкам гарачыя эмоцыі, незабыўныя матчы, прыгожыя галы. Пры гэтым калі свая каманда, што называецца, ні рыба ні мяса, то заўсёды можна атрымаць задавальненне ад прагляду матчаў з удзелам сапернікаў.

Скажыце, каго пакінула раўнадушным неверагодная па драматызме гульня зборных Славеніі і Швейцарыі, калі славенцы па ходзе матча прайгравалі – 0:4, але змаглі зраўняць лік і перавесці гульню ў овертайм? А як парадавалі сваіх балельшчыкаў французы, якія ўпершыню ў гісторыі перамаглі каманду Фінляндыі – 5:1!

Натуральна, была і ў беларусаў надзея на тое, што вось у гэтым годзе нашы хлопцы абавязкова “выстраляць”. Не думаю, што нехта верыў словам галоўнага трэнера беларускай каманды Дэйва Льюіса, які напярэдадні першынства аптымістычна заявіў, што яго падначаленыя могуць разлічваць нават на медалі, але ўсе разумелі, што такія словы – своеасаблівая псіхалагічная пуга для хакеістаў. Не дапамаглі ні пуга, ні пернікі, якімі дзяржава шчодра частавала ў апошнія гады хакеістаў у выглядзе розных фінансавых прэферэнцый.

“Сітуацыя ў хакеі настолькі неадэкватная, што пасля чэмпіянату свету збяромся і будзем думаць, што рабіць, – пракаментаваў днямі выступленне зборнай і беларускі кіраўнік. – Ніхто не скажа, што мы камусьці недаплацілі альбо недафінансавалі. Напэўна, проста зажраліся ў некаторых відах спорту. Таму адрэгулюем”.

Што на сёння мае беларуская каманда? Чатыры гульні, чатыры паражэнні (ад зборнай Фінляндыі – 2:3, Чэхіі – 1:6, Канады – 0:6, Швейцарыі – 0:3) і нуль ачкоў, што ўжо паставіла крыж не толькі на міфічных медалях, але і на рэальнай перспектыве патрапіць у васьмёрку мацнейшых. І калі першыя тры паражэнні ад мэтраў сусветнага хакея яшчэ неяк можна было апраўдаць, то падчас гульні са швейцарцамі складвалася ўражанне, што на лёд выйшлі не ігракі нацыянальнай каманды, а хакеісты ўзроўню першынства “Залатая шайба”. Ні атакі (10 кідкоў па варотах за ўсю гульню), ні сілы, ні волі ў тым матчы мы не ўбачылі.

“Усе каманды вельмі добра рухаюцца, а нашым як быццам гіры на ногі падвесілі, – кажа мне былы ігрок зборнай Беларусі Сяргей Шыткоўскі. – І спартыўнай злосці ў хлопцаў не бачна, нейкія млявыя яны. На чэмпіянаце свету ў кожным матчы ваяваць трэба, а беларусы такія спакойныя, як быццам на адпачынак прыехалі”.

Відаць, разумеюць увесь канфуз сітуацыі і самі спартсмены.

“Нічога ў нас не атрымліваецца, мне проста сорамна, – сказаў пасля матча са швейцарцамі нападаючы беларускай каманды Сяргей Касціцын. – І я не ведаю, што казаць, калі мы нават да варот даехаць не можам. Мы не гуляем, як кажа трэнер, няма паса, нічога няма. Можа, трасе некага альбо што-небудзь яшчэ. Не ведаю, як мы тут хаця б адну сустрэчу выйграем. Пасля такой гульні варта ўжо перажываць пра тое, як бы не згубіць месца ў эліце… А зараз адна галоўная думка і жаданне – хутчэй бы зваліць адсюль і ўсё забыць”.

Зразумела незадаволенасць беларускіх хакеістаў сваёй гульнёй, але “зваліць” пакуль не атрымаецца. Чэмпіянат працягваецца, наступную гульню наша зборная правядзе сёння з камандай Францыі. З той самай зборнай, якая пры падтрымцы сваіх балельшчыкаў ужо атрымала дзве перамогі – над фінамі і швейцарцамі.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".