Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Як жыве раённая эліта?
15:43 9 верасня 2016
23
Памер шрыфта

У якіх умовах жыве старшыня звычайнага беларускага райвыканкама?

Хто яго суседзі?

Прадстаўнікі якіх прафесій могуць сабе дазволіць жыллё побач з начальствам?

“Народная Воля” пацікавілася раёнам жыткавіцкага элітнага жылля.

 

Дом для старшынь райвыканкама

Афіцыйна Жыткавічы падзяляюцца на пяць мікрараёнаў. Сярод іх Азёрны, Усходні, Сельгастэхніка… Але ў гарадскім фальклоры сустракаюцца яшчэ дзве мясцовасці: Царскае сяло і Вараўская слабада. Як тлумачаць мясцовыя жыхары, другая назва з’явілася ў 1990-я гады. Маўляў, гаспадар ці не кожнага сціплага дамка, размешчанага ўздоўж вуліцы Сацыялістычнай (ідзе з цэнтра горада на поўдзень), краў па цагліне і будаваў сваё жыллё гадамі.

А вось Царскім сялом называюць раён элітнага жылля, размешчанага па два бакі ад той жа вуліцы Сацыялістычнай (толькі бліжэй да цэнтра горада). Адна з частак жыткавіцкіх Драздоў размешчана на вуліцах Кацубінскага і Кляновай (абедзве знаходзяцца перпендыкулярна да Сацыялістычнай). Як кажуць мясцовыя жыхары, многія чыноўнікі змаглі атрымаць на будаўніцтва мільённыя крэдыты, якія хутка з’ядала інфляцыя. Нібыта тое мела месца на пачатку 1990-х, калі ўрад краіны ўзначальваў Вячаслаў Кебіч. Некаторыя гаспадары дамоў ужо на пенсіі, некаторыя пры пасадах. Можаце сабе ўявіць, наколькі папоўнілася б казна, калі б сённяшнія ўлады заставілі раскашэліцца па поўнай праграме тых, хто, вобразна кажучы, у свой час аб’ягорыў дзяржаву. Але, падобна на тое, што А.Лукашэнка баіцца чапаць багатых.

Кажуць, што ў адным з дамоў па вуліцы Кацубінскага жыве Дзмітрый Гайкевіч, старшыня Жыткавіцкага райвыканкама. Дом цагляны, са склепам і альтанкай, плошчай трохі больш за 100 квадратных метраў. Паводле дакументаў, гэта службовае жыллё КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць мясцовыя жыхары. Яны кажуць, што да Гайкевіча ў доме жылі іншыя старшыні райвыканкама.

Дарэчы, лёс былых гаспадароў дома склаўся па-рознаму. Мікалай Какора (2008–2013) быў звольнены Аляксандрам Лукашэнкам за ўчынак, “несумяшчальны са знаходжаннем на дзяржаўнай службе” (чыноўніка абвінавацілі ў выкарыстанні службовага становішча). А вось Аляксандр Мікалуцкі (2013–2015) адправіўся на павышэнне і стаў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Святар па суседстве

Жыткавіцкае Царскае сяло – нібы свая дзяржава ў мініяцюры. Бо сярод гаспадароў будынкаў маюцца прадстаўнікі самых розных прафесій.

Гаспадыня аднаго з самых шыкоўных дамоў на вуліцы Кляновай мае дачыненне да Анатоля Пашука – галоўнага ляснічнага Жыткавіцкага лясгаса.

Хто з’яўляецца суседзямі ляснічага? Побач жыве Алена Саўчыц. Жанчына з такім жа імем фігуравала ў раённай газеце “Новае Палессе” як старэйшы прадстаўнік раённага Савета дэпутатаў.

Яшчэ адзін сусед – протаіерэй Генадзь Хаткевіч. Да красавіка гэтага года ён з’яўляўся настаяцелем прыходу храма Святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў Жыткавічах. У 1975-м гэта царква была спалена, яе аднаўленне, якое пачалося падчас перабудовы, завяршаў якраз Хаткевіч. Цяпер протаіерэй з’яўляецца настаяцелем прыходу храма Феадосія Чарнігаўскага ў тых жа Жыткавічах, будаўніцтва якога завяршылася сёлета.

На другім баку вуліцы мясцовыя жыхары паказваюць на дом Уладзіміра Радаўца. Ён з’яўляўся кіраўніком ААТ “Тураўшчына” (былы кансервавы завод, які належыць “Белаграпрамбанку”. Цяпер Радавец – дырэктар “Жыткавіцкага агратэхсэрвісу”. Яго дом, як і дамы суседзяў, выглядаюць зусім сціпла. 

Новае Царскае сяло

На другі бок ад вуліцы Сацыялістычнай знаходзіцца яшчэ адзін элітны раён, які прэтэндуе на статус новага Царскага сяла. Гаворка пра дамы на вуліцы Малінавай. Катэджы на ёй з’явіліся пазней, ужо ў “нулявыя”. Яны належаць старшыні суда Жыткавіцкага раёна Алегу Касцючэнку; дырэктару Дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення-111 Мікалаю Штукару, экс-намесніку старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Сяргею Таболічу.

Найбольш таямнічы жыхар Царскага сяла – Іван Аліфяровіч. Як піша раённая газета, ён з’яўляецца старэйшынам у вёсцы Замошша (што ў 35 кіламетрах ад Жыткавічаў), “усю сваю працоўную дзейнасць прысвяціў лясной галіне, працуючы ў Ветчынскім лясніцтве. А цяпер дапамагае аднавяскоўцам вырашаць іх праблемы”.

Прызнаемся шчыра: большасць дамоў жыткавіцкага Царскага сяла выглядаюць элітнымі хутчэй на ўзроўні раёна. У Мінску на большасць з іх мала хто звярнуў бы ўвагу. Праўда, існуе адна пікантная дэталь. Усе дамы на Малінавай пабудаваны праз льготны крэдыт “Беларусбанка”. У большасці выпадкаў крэдыт у рублях адкрыты яшчэ ў 2010 годзе, калі курс долара складаў менш за 3 тысячы недэнамінаваных рублёў.

Фота аўтара.

 

Аўтар: Дзяніс МАРЦІНОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.