Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

(Запісы розных гадоў)
6:00 17 лiпеня 2015
22
Памер шрыфта

Праклён забойцам!
На вечныя векі праклён!

Часопіс “Беларусь” (№12, 1992) змясціў артыкул Расціслава Платонава “Чырвонае і чорнае”. Гэта – страшны аповед аб тым, як чорныя злыдні давялі да самагубства Алеся Рыгоравіча Чарвякова – аднаго з найвідных дзяржаўных дзеячаў Савецкай Беларусі, без перабольшання – любімца беларускага народа.

Сталася гэта 16 чэрвеня 1937 года. У Мінску ішоў XVI з’езд КП(б)Б, на якім жорстка крытыкавалі Чарвякова – а ён быў старшынёй ЦВК БССР – за патуранне беларускім “нацдэмам”, за падтрымку гэтых зацятых ворагаў савецкай улады. У час перапынку паміж пасяджэннямі з’езда Алесь Рыгоравіч пайшоў у свой кабінет і застрэліўся.

Няма сумнення, што зрабіў ён гэта, каб пазбавіць сябе ад немінучых пакут і расправы ў турэмнай катоўні НКУС, у чым ён ужо быў упэўнены на ўсе сто. Усё ішло да гэтага – да паступовага, паэтапнага забойства Беларусі, беларускай нацыі з яе самабытнай культурай і мовай. Колькі дзён назад быў арыштаваны старшыня СНК Мікола Галадзед – самы блізкі паплечнік Чарвякова ў будаўніцтве беларускай Беларусі – савецкай, вядома, савецкай (!), але – беларускай. А перад гэтым… А перад гэтым ужо амаль дзесяць гадоў ішло фізічнае вынішчэнне найлепшых нацыянальных кадраў – палітыкаў і гаспадарнікаў, дзеячаў асветы, навукі, культуры і мастацтва, літаратуры. Літаратуры, можа быць, найперш…

У 1930-м не вытрымаў і рашыў развітацца з жыццём Янка Купала – зрабіў сабе “харакіры” (праўда, урачам удалося ўратаваць). На пачатку 1931-га застрэліўся прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі. Тады ж, на стыку 1920-х і 1930-х, былі арыштаваны і высланы (пазней многія расстраляны) акадэмікі Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, В.Ластоўскі, Г.Гарэцкі, выдатныя навукоўцы А.Смоліч, А.Цвікевіч, знакамітыя паэты У.Дубоўка, Я.Пушча, вялікі пісьменнік М.Гарэцкі і іншыя. А да 1938-га – ужо многія сотні лепшых сыноў Бацькаўшчыны былі рэпрэсаваны. Многія сотні!.. Мэта ў гвалтоўнікаў – галоўная мэта! – была адна: забіць у народзе сам дух беларушчыны, забіць у душах усё жывое, што можа расці і даць плады ў фарбах, колерах і з водарам роднай зямлі, у гуках роднае мовы.

Якая жахлівая трагедыя народа! Як удумаешся – дык сэрца ад болю сціскаецца і на вусны ўзбягае толькі адно: праклён! Праклён забойцам Беларусі! На вечныя векі праклён!..

2012.

Пачытайце і выдайце, панове! Выдайце!

Усім, хто баіцца “беларускага нацыяналізму”, хто, маючы ў жылах небеларускую кроў, інкрымінуе самаахвярным патрыётам Беларусі ксенафобію, я горача рэкамендую пачытаць публіцыстыку класіка беларускай літаратуры яўрэя Змітрака Бядулі 1917–1923 гадоў. Пачытайце, як змагаўся гэты “небеларус” за свабоду і незалежнасць дзяржавы Беларусь, за беларускую мову і культуру, за ажыццяўленне нацыянальных ідэалаў беларускага народа. Пачытайце! Вас ахопіць пачуццё гонару за гэтага “небеларуса”. І стане, прабачце, сорамна за сябе, за сваю грамадзянскую пазіцыю. Не толькі пачытайце, але і выдайце яго артыкулы пазначаных гадоў асобнай кнігай (а будзе не брашурка, а ёмкі том!). Выдайце накладам 100, а можа, і 300 тысяч паасобнікаў! Выдайце ў новай серыі “Настольная кніга для тых, хто хоча бачыць Беларусь шчаслівай”. (Дарэчы, была б папулярная серыя!) Выдайце! Вы валодаеце вялікімі грашыма, буйнымі грантамі, можаце нават раздаць яе чытачам бясплатна – у кожную сям’ю, хай чытаюць і хай ведаюць. Выдайце, спадары-панове, – калі хочаце рэальна дапамагчы народу Беларусі ўбачыць адзіны верны шлях, якім ён дойдзе да свабоды.

2004.

Радуйся, бацька…

У рэспубліканскіх газетах прамільгнула паведамленне, што ўрад дзяржавы “ўзнагародзіў таварыша Сухій”, начальніка абласнога маштабу, высокім ордэнам. Добра, хай цешыцца. Але – чаму “таварыша Сухій”? Чаму не “таварыша Сухога”? Нават прозвішча вялікага пралетарскага пісьменніка і па-руску, і па-беларуску скланяецца – Максіма Горкага. Чаму па-беларуску Сухій – з нескладовым “й” на канцы? Можа, трэба вымаўляць Сухій – з націскам на першым складзе? З Сухога зрабілі Сухія? Дык тады і пісаць трэба: “узнагародзілі таварыша Сухія”, а не “таварыша Сухій”. Адным словам, нешта перамудрыў гаспадар гэтага каларытнага, тыпова беларускага прозвішча. Пабаяўся, што Сухі – гучыць брыдка? Абразліва для высокага начальніка? Маўляў, гэта вясковы мужык можа быць Сухі, а ён…

Праяснілася справа вельмі хутка. Быў я ў гасцях у акадэміка Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага. І прыйшлі яшчэ госці – вельмі інтэлігентная пажылая пара. “Пазнаёмцеся, – сказаў Гаўрыла Іванавіч, – гэта сябра Максіма Гарэцкага з гадоў маладосці – Андрэй Мікалаевіч Сухі і яго Вера Фамінічна”. І дадаў: “Сухі з Максімам разам вучыліся ў каморніцкім… Сын Сухога працуе ў аблвыканкаме…”

Сухій – сын Сухога… Усё ясна. Радуйся, бацька.

1978.

Мы трацім сваё аблічча!

З прамовы на Першым (устаноўчым) з’ездзе Беларускага краязнаўчага таварыства.

Можна горка пашкадаваць, што мы толькі цяпер дадумаліся стварыць у рэспубліцы Краязнаўчае таварыства. Колькі ўпушчана, змарнавана дарагога часу! Цэлага, бадай, паўвека. Справа ў тым, што мы трацілі і ўжо ў вялікай, непапраўнай меры страцілі сваё нацыянальнае аблічча. Не толькі таму, што катастрафічна трацім мову. Трацяць сваё аблічча нашы гарады, нашы старажытныя, шматвекавыя паселішчы. І мы, гаспадары гэтай зямлі, робім выгляд, нібыта нічога не адбываецца. Ці, можа, мы ўжо не гаспадары?

Што ў нас на працягу апошняга паўстагоддзя было-адбывалася? Усё адметнае, усё жывое сваё забівала казёншчына. І праз гэта – гнятліва цяжка на душы і сэрцы. Што рабіць, як выпраўляць становішча? Трэба брацца за працу. Трэба вярнуць нашым гарадам і паселішчам іх уласнае аблічча – наколькі можна, канечне. Трэба развіваць мясцовы патрыятызм – у кожным рэгіёне, у кожным нашанскім беларускім краі. І не трэба баяцца перагібу ці перабору ў гэтым клопаце. Горш – калі наадварот, калі гэтага клопату замала. Як на маёй Лагойшчыне, у маім старажытным Лагойску. Лагойск мог бы быць адной з самых запаведных мясцін у Беларусі, адным з самых прывабных аб’ектаў для турыстаў усяго свету. Мог бы, але… але! Ад старажытнага Логожска сёння, можна сказаць, ні следу, ні знаку. А ў маіх руках кніжачка “Лагойскі раён”, выдадзеная ў 1928 годзе мясцовым таварыствам краязнаўцаў. Аказваецца, было такое. Да 1930 года было. Чытаю – і плакаць хочацца: як далёка мы ў будаўніцтве гэтак званай новай, “сацыялістычнай” культуры адышлі ад таго 1928 года! Я сказаў “культуры”, а на справе – у агрэсіўным наступе бескультур’я, дзікага, бяздумнага бескультур’я. Ну а дзе ж прычына прычын: чаму ўсё больш нарастае і запаноўвае ў нас дзікае, хамскае стаўленне да спадчыны, да свайго мінулага, да святых магіл дзядоў-прадзедаў нашых? Чаму? Ці не пара задумацца?..

27 снежня 1989 г.

Ёсць жа рэчы, сумневу непадлеглыя…

Напрыклад, людзі з неверагодна высокай ступенню інтэлектуальнай непісьменнасці не могуць быць дактарамі або кандыдатамі навукі.

Гэтаксама людзі, настолькі амаральныя, што фактычна адмаўляюць свайму народу ў праве на ўласныя мову і культуру, не могуць быць дактарамі або кандыдатамі навукі.

І яшчэ: людзі, якія з беспардонным, бессаромным нахабствам маніпулююць працамі геніяльных вучоных па нацыянальным пытанні, не могуць быць дактарамі навукі, бо гэта ў іх не памылковы погляд, гэта элементарна-грубае круцельства з палітычнай падасновай.

На маё перакананне, гэта рэчы, сумневу непадлеглыя.

1992.

Выдатныя педагогі
так і рабілі…

Вучні нашых гарадскіх школ авалодваюць беларускай лексікай і фразеалогіяй у такой меры, што могуць зразумець дыктараў тэлебачання, але без фундаментальнага тлумачальнага слоўніка пад рукой не зразумеюць беларускую літаратурную класіку і сапраўды таленавітых, г.зн. з багатай мовай, сучасных беларускіх пісьменнікаў. Для такіх абдзеленых доляй дзяцей усе вялікія птушкі нашай зямлі – вароны (хоць гэта быў крумкач, ці галка, ці грак, ці каня), усе лугавыя, палявыя і лясныя кветкі – “цветы вроде ромашек”, усе казюлькі – жучкі… А кожная ж наша кветачка мае сваю прыгожую, цікавую гучаннем і сэнсам назву, і кожная казюлька – таксама… О, як бы ўзбагацілася душа дзіцяці, калі б весці ў школе на належным узроўні выхаваўчую работу – не толькі ў класе, а і ў полі, у лузе, у лесе… Выдатныя педагогі так і рабілі калісьці. Калісьці…

1998.

Трагедыя паэта

Бачыць пагібель свайго народа – зверскую, іначай не назавеш, расправу над яго мовай і культурай, гэткае ж бязлітаснае – да самых глыбокіх каранёў – вынішчэнне яго гістарычнай памяці, вынішчэнне да астатку самога духу нацыі, – бачыць усё гэта і разумець сваю бездапаможнасць, сваю няздольнасць перайначыць яго лёс – страшнейшай за гэту трагедыі для паэта не бывае.

2006.

Такая прырода чалавека…

І зноў і зноў кажу: ну чаго ты, усеўшыся па іроніі лёсу на царскім троне, злуешся, нервуешся, пагражаеш, слухаючы галасы незадаволенасці, крыўды, а нават і абурэння законапаслухмяных грамадзян? Навошта злавацца і пагражаць? Дзеля чаго? Хіба злосць і пагрозы дапамогуць справе? Ці не лепей задумацца і, пакуль не позна, пакуль крытычная маса не выбухнула, знайсці ў сабе мужнасць і сумленна, цвяроза, самакрытычна прааналізаваць усю эканамічную і палітычную сітуацыю, акінуць спакойным, разважлівым вокам увесь стан рэчаў?

Але, як бачаць шаноўныя чытачы, я паўтараю тое, што ўжо тысячы разоў гаварылася – на працягу апошніх гадоў – і ў друку, і на радыёхвалях, і на сходах-з’ездах, і на мітынгах… Чаму ж я гэта кажу і кажу зноў? Такая, ці бачыце, прырода чалавека – ведае, што перад ім той выпадак, калі гаварыць дарэмна, няма сэнсу, і ўсё-такі ён гаворыць. Да чаго ж жывучая ў чалавеку патрэба верыць у дабро, у праўду, у справядлівасць, у надыход лепшага жыцця, лепшага часу! І што да гэтага лепшага можна дайсці без гвалту, без азвярэння, без крыві і ахвяр.

2010.

Спрэс геніі! Адны геніі!

Чытаю беларускі друк, у тым ліку артыкулы, успаміны, нататкі пра паэтаў. Чытаю, чытаю – і нечакана-неспадзявана раблю адкрыццё: як за апошні час згеніяльнілася наша літаратура! Колькі творчых асоб, што былі проста вядомымі, сталі знакамітымі, колькі яшчэ нядаўна проста таленавітых сталі геніяльнымі! Спрэс геніі! Адны геніі! Толькі і бачыш, толькі і чуеш: геній, геній, геній! А браточкі мае! Апупець можна!

2015.

Аўтар: Ніл ГІЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: КГБ пресек получение крупнейшей в истории Беларуси взятки в размере $5 млн.

В последние годы общими усилиями компетентных служб коррупцию удалось обуздать, однако о ликвидации негативных явлений еще говорить не приходится. Об этом Александр Лукашенко заявил 15 декабря на торж

Меркель и Макрон намерены реформировать еврозону

Германия и Франция намерены в 2018 году существенно продвинуться на пути реформирования еврозоны.

Анатоль Лябедзька аштрафаваны за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны, сведка-міліцыянер прыгразіў яшчэ адным судом

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 15 снежня аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова, якую супра