Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 16 снежня 2016
8
Памер шрыфта

У складзе польскай дэлегацыі – сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешэк Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч – сустаршыня польска-беларускай парламенцкай групы.  

Дзяліць нам няма чаго

Высокага госця запрасіў у нашу краіну ягоны калега – старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Ён сустракаў Карчэўскага ў Нацыянальным аэрапорце. А першая гутарка спікера польскага Сената была ўчора з Аляксандрам Лукашэнкам.

І літаральна на першых яе хвілінах было сказана пра намер самага актыўнага дыялогу Беларусі з Польшчай.

«Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, – вітаў Карчэўскага Лукашэнка. – Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. І паколькі часам узнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа быць, у нас у часткі насельніцтва ў дачыненні да нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрыты. Мы гатовы адказваць заўсёды на пытанні і запыты польскага боку».

 

ДАЛІКАТНЫЯ ТЭМЫ

Пасля Лукашэнкі – Някляеў, Статкевіч і іншыя

Графік візіту польскага госця ў Беларусь даволі насычаны – сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, студэнтамі і выкладчыкамі філфака БДУ, наведванне РНПЦ дзіцячай анкалогіі і г.д.

Візіт афіцыйны, але сёння Станіслаў Карчэўскі наведае Курапаты, да якіх ва ўлад своеасаблівае стаўленне, сустрэнецца з апазіцыйнымі палітыкамі, сярод якіх – Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Юрась Губарэвіч, Павел Севярынец і іншыя. Апошні, дарэчы, дадзены візіт назваў “здрадай ідэалам дэмакратыі”.

Праўда, першым пра тое, што бакі «не павінны абмінаць далікатныя тэмы», загаварыў Міхаіл Мясніковіч. І адну з іх акрэсліў так: карта паляка “не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны”. «Гэтае пытанне патрабуе сур’ёзнага вывучэння на ўзроўні экспертаў, – заявіў Мясніковіч. – Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі ў Польшчу”.

Сёння, паводле неафіцыйных дадзеных, уладальнікамі карты з’яўляюцца каля 10% насельніцтва Беларусі. Карта паляка дае шэраг правоў яе ўладальнікам – лягчэй уладкавацца на працу ў Польшчы, атрымаць від на жыхарства і г.д. Прычым дзяржчыноўнікам і дэпутатам усіх узроўняў забаронена атрымліваць гэты дакумент.

Што яшчэ да “далікатных тэм”, то польскі бок у сваю чаргу выказваў спадзяванне, што падчас візіту атрымаецца абмеркаваць  магчымасць завяршэння спрэчак вакол Саюза палякаў у Беларусі.

Ігар ЗАЛЕСКІ.

 

БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ

2016 год можна назваць годам прарыву ў беларуска-польскіх адносінах, якія доўгі час – пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і разгону Плошчы – былі даволі напружаныя.

Цяперашні візіт спікера польскага Сената Станіслава Карчэўскага – адно са звёнаў у ланцугу сустрэч і мерапрыемстваў на самым высокім узроўні, якія назіраюцца апошнім часам. У сакавіку Беларусь наведаў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. У кастрычніку ў сваю чаргу адбыўся  рабочы візіт у Варшаву міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Таксама ў кастрычніку прайшло яшчэ адно знакавае мерапрыемства – беларуска-польскі эканамічны форум “Добрасуседства-2016”, адкрываць які прыехаў намеснік прэм’ер-міністра Польшчы, міністр развіцця і фінансаў Матэвуш Маравецкі. Прычым спачатку Маравецкі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а потым паўдзельнічаў у працы форуму. Падчас адкрыцця форуму Міхаіл Мясніковіч уручыў букет кветак  амбасадару Польшчы Конраду Паўліку –  павіншаваў дыпламата з 40-годдзем.

І вось візіт спікера Станіслава Карчэўскага.

– Чым патлумачыць гэтае збліжэнне паміж Варшавай і Мінскам? Я думаю, галоўная прычына ў палітыцы Масквы, – выказвае сваё меркаванне эксперт па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Андрэй Фёдараў. – Пасля акупацыі Крыма, агрэсіі на ўсходзе Украіны Захад, і Польшча ў прыватнасці, пачалі хвалявацца наконт сваёй бяспекі і спрабуюць усялякімі мерамі супрацьстаяць Расіі. Адна з такіх мер – спроба ўтрымаць Беларусь ад вельмі цеснага саюза з Масквой.

У Мінску, зразумела, гучаць заявы, што дадзеныя кантакты – гэта найгоршае праяўленне real politic. Але, на мой погляд, даваць такія адназначныя ацэнкі не зусім правільна. Ёсць і ценявыя бакі гэтых кантактаў, ёсць і пазітыўныя. Вядома, хвалюе тое, што сустрэчы адбываюцца на фоне таго, што сітуацыя ў Беларусі і з правамі чалавека, і са свабодамі не вельмі змянілася. Думаю, што Захад таксама гэта выразна разумее. Але, з іншага боку, Еўропа лічыць няправільным падштурхоўваць Мінск у абдымкі Крамля і спрабуе выбіраць паміж дрэнным і вельмі дрэнным.

На мой погляд, на дадзеным этапе нельга выключаць і верагоднасць хуткай сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і Беларусі, пра што два гады таму нават і гаворкі не магло быць. Я не ўпэўнены наконт двухбаковых візітаў, але сустрэча ў рамках саміту, напрыклад, Усходняга партнёрства ў 2017-м у Бруселі – гэта цалкам рэальна.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ.

 

ШТРЫХ

Трэці партнёр

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са Станіславам Карчэўскім адзначыў, што Беларусі і Польшчы “неабходна ўзнімаць палітычныя адносіны на ўзровень эканамічных”.

Польшча сёння з’яўляецца трэцім партнёрам Беларусі па тавараабароце пасля Расіі і Украіны. І трэба адзначыць, што ў студзені–верасні тавараабарот паміж краінамі вырас яшчэ на 9,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – да 1,52 мільярда долараў.

У спісе краін-экспарцёраў Польшча займае шостую пазіцыю, а імпарту ў нашу краіну больш, чым з Польшчы, пастаўляецца толькі з Расіі і Кітая. З 2000 года беларускі экспарт у Польшчу вырас у 2,8 раза, імпарт з Польшчы – у 4,8 раза.

 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".