Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Беларуская гісторыя падобная на беларускую зямлю:  капні глыбей – абавязкова знойдзеш асколак мінулай вайны.  Недакладныя спісы 1969 года
6:00 13 лiпеня 2015
29
Памер шрыфта

Здавалася б, чаго прасцей – стварыць у эпоху лічбавых тэхналогій электронную базу знішчаных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускіх вёсак. Тым больш што аснова для яе маецца: у 1966 годзе, як патлумачыў галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў СеляменеЎ, усе мясцовыя дзяржаўныя і партыйныя органы БССР па ўказанні Прэзідыума ЦК КПБ складалі спісы спаленых вёсак. Праўда, у адведзены для гэтага жорсткі тэрмін не ўклаліся – завяршылі працу толькі ў 1969 годзе. Тым не менш па яе выніках кожны райвыканкам прыняў спецыяльнае рашэнне, зафіксаваўшы праведзеныя падлікі. (Дарэчы, усе яны захоўваюцца ў Нацархіве і даступны для даследчыкаў.) Вячаслаў Дзмітрыевіч у якасці прыкладу зачытаў выніковыя дакументы двух райвыканкамаў. 

«Лагойскі райвыканкам …вырашыў лічыць устаноўленым, што ў раёне было цалкам знішчана 70 вёсак, часткова 95 вёсак. Апроч таго, у астатніх 170 населеных пунктах знішчаны 724 двары». «Мінскі райвыканкам 4 чэрвеня 1969 года… вырашыў лічыць устаноўленым, што ў раёне за гады Вялікай Айчыннай вайны цалкам знішчана 11 вёсак, часткова 75, у астатніх 334 населеных пунктах раёна знішчана 589 двароў».

Матэрыялы праведзенага ў тыя гады ўліку былі часткова апублікаваны ў 1984 годзе.

У іх названа лічба – 5295 знішчаных у вайну вёсак з насельніцтвам і часткай насельніцтва. А ў 1995 годзе выйшаў дапоўнены і выпраўлены варыянт дадзенага зборніка: і ў ім, як падкрэсліў Вячаслаў Дзмітрыевіч, значыліся ўжо 5454 сцёртыя з твару зямлі беларускія вёскі. Тым не менш, заўважыў галоўны архівіст, большасць журналістаў і даследчыкаў па-ранейшаму прыводзілі ў сваіх публікацыях лічбы 1984 года. Нават Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, робячы тэматычную экспазіцыю, выкарыстаў лічбу з першага зборніка.

Педантычныя архівісты старанна праверылі спісы прыве-дзеных у кнізе 5295 вёсак, пазначаных як  знішчаныя з жыхарамі альбо іх часткай, і сутыкнуліся з першай неспадзеўкай: больш 1000 з іх былі спалены без насельніцтва. 

На гэтым недакладнасці не скончыліся. У кнізе 1984 года прыведзена яшчэ адна знакавая лічба: 9200 – агульная колькасць знішчаных у Беларусі вёсак. «Лічба на слыху ў даследчыкаў, – канстатаваў Вячаслаў Селяменеў, – толькі чамусьці зніклі важныя словы, што суправаджалі яе ў першапачатковых партыйна-савецкіх дакументах, а менавіта:  “9200 цалкам і часткова спаленых вёсак».

З-за быццам бы нязначнай тэкставай купюры ў выніку атрымалася, што ў Беларусі за гады вайны было цалкам знішчана 9200 вёсак.

Падобная нацяжка – гэта ўжо скажэнне праўды! 

Калі б гэта была апошняя недакладнасць! «Пры далейшым выяўленні дакументаў аказалася, што некаторых вёсак няма ў спісах і ва ўліку райвыканкамаў. Сталі высвятляць, чаму. Аказваецца, спісы 1969 года былі складзены не на падставе архіўных дакументаў, а шляхам апытання жыхароў населеных пунктаў», – прывёў яшчэ адзін прыклад Вячаслаў Селяменеў.

Так што трагічны мартыралог «вогненных вёсак» Беларусі архівістам давялося рабіць практычна нанова, ад пачатку і да канца. Дзіўна, але сур’ёзных навуковых даследаванняў на гэтую тэму таксама не знай-шлося. Беларускія навукоўцы, якія зрабілі нямала дысертацый па ваеннай тэматыцы, абышлі трагічную і вельмі балючую старонку мінулага бокам.

Няма выразных крытэрыяў падліку

Архівістам з Нацыянальнага архіва, як падкрэсліваў і Вячаслаў Селяменеў, і дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Уладзімір Адамушка, вельмі дапамаглі ў аднаўленні дакладнай карціны мінулых падзей калегі з Цэнтральнага архіва КДБ рэспублікі – перадалі пратаколы допыту карнікаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі населеных пунктаў, у тым ліку спаленні Хатыні, а таксама дакументы з апытаннямі ацалелых сведак трагедый. Дзякуючы супольным намаганням (а добрага слова заслугоўвае таксама Наталля Кірылава, каардынатар Міжнароднага праекта «Падвышэнне статусу жыхароў спаленых беларускіх вёсак», у рамках якога стваралася электронная база) падрыхтаваны да публікацыі пяць зборнікаў матэрыялаў. На дадзены момант выйшлі тры: “Хатынь. Трагедыя і памяць”, “Хатынскі некропаль” і самы апошні – “Хатынскія  Дрэвы жыцця”. Тыраж кніг, праўда, зусім маленькі, 150 экэмпляраў кожнага выдання – наколькі хапіла спонсарскіх грошай, затое агучаныя дакументы і факты – вельмі важкія. 

Сёння ў базу ўключаны 9060 вялікіх і малых сельскіх населеных пунктаў – але гэта лічба, па меркаванні саміх даследчыкаў, яшчэ не канчатковая, таму што ёсць дакументы, якія патрабуюць далейшага вывучэння і ўдакладнення.

А самае галоўнае – неабходны выразныя крытэрыі, як весці падлікі. «Вывучыўшы дакументы 1969 года, мы так і не зразумелі, якімі метадычнымі ўказаннямі нам сёння кіравацца, – прызнаўся Вячаслаў Селяменеў. – Напрыклад,  што лічыць часткова спаленай вёскай. Праводзячы ўлік, тамтэйшыя мясцовыя ўлады паступалі па-рознаму. У некаторых раёнах у спісы ўключалі нават тыя вёскі, у якіх знішчаны 1–2 хаты з 70–200 забудоў. Калі б мы паступілі па тым жа прынцыпе, то выйшлі б сёння на лічбу ў 20 тысяч знішчаных вёсак. Мы вырашылі ў электронную базу ўключаць вёскі, у якіх знішчана 25% і больш жылога фонду ці 20 хат і больш. Такім чынам выйшлі на сённяшнюю лічбу ў 9060 вёсак”.

Не менш востра паўстала пытанне па ўліку вясковага насельніцтва. У 1969 годзе ўсе раёны складалі 4 віды спісаў: 1. вёскі, знішчаныя з насельніцтвам і не адноўленыя, 2. знішчаныя з насельніцтвам і адноўленыя, 3. знішчаныя з часткай насельніцтва і не адноўленыя, і, нарэшце, 4. вёскі, знішчаныя з часткай насельніцтва і адноўленыя. А як разумець, што такое насельніцтва і што – яго частка? Ад якіх лічбаў адштурхоўвацца?   Таксама няма выразнага крытэрыя.

«Мы прапануем лічыць знішчанай вёску з большай часткай насельніцтва, да 50%», – выказаў пункт погляду архівістаў Вячаслаў Селяменеў.

Складанасці ўзніклі нават па такім простым на першы погляд пытанні: якія населеныя пункты ўключаць у электронную базу? Бо пасля вайны некаторыя вёскі сталі  гарадскімі пасёлкамі і наадварот.

Шалаш з асакі: замест эпілогу

Кажуць, адзін загінуўшы, калі ён твой блізкі, – гэта трагедыя. А сотні, тысячы, мільёны загінуўшых – гэта ўжо статыстыка. Можа, і так – з пункту гледжання палітыкаў, якія бязлітасна распараджаюцца чужымі людскімі лёсамі. Для занятых стварэннем электроннай базы архівістаў зверка дакументальных крыніц са шматлікімі датамі, лічбамі і назвамі – таксама па вялікім рахунку сухая статыстыка. Але, як я з радасцю заўважыла шмат гадоў таму: давераныя захавальнікі таямніц мінулага любяць адушаўляць выяўленыя лічбы. Можа, таму, што вывучэнне мінулага занадта закранае сэрцы і дапамагае лепш разумець будучыню?.. Вось і на гэты раз архівісты запрасілі на свой «круглы стол» не толькі навукоўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэміі МУС, але і жывых сведак тых трагічных падзей мінулай вайны. З хваляваннем успамінала 80-гадовая Зінаіда Пятроўна Леванец сваю родную вёску Скірмунтава ў Дзяржынскім раёне, што паўтарыла лёс Хатыні і была спалена разам з жыхарамі 30 чэрвеня 1943 года. Маленькай Зіне тады пашанцавала: яна пабегла ў лес услед за маці, якая рашыла ўратаваць старэйшую дачку ад згону ў Нямеччыну. А Эдуард Цімафеевіч Федзька з Чашніцкага раёна не хаваў слёз, распавядаючы, як, вярнуўшыся з маці ў вёску Федзькі, дзе пражывала шматлікая радня, з-за чаго і назва ў сяла такая “фамільная”, знайшлі замест хаты адно папялішча. І тады маці набрала ў лесе асакі і збудавала шалаш, у якім і жылі нейкі час у чаканні Перамогі…

Сінтэз дакумента з жывым успамінам – самы красамоўны  аргумент гісторыі. 

Людміла СЯЛІЦКАЯ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.
17 снежня 2017

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).