Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 1 снежня 2016
18
Памер шрыфта

Знаных прафесараў прадстаўляць не трэба. Нягледзячы на сталы ўзрост, яны вядуць нязгасную барацьбу за выратаванне беларускай мовы. З гэтай мэтай звярнуліся і да нядаўна абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Аксакалы нацыянальнага адраджэння напісалі:

“Шаноўныя дэпутаты! Не дапусціце такога, каб Вы сталі маўклівымі, бяздзейнымі сведкамі этнічнага вымірання беларусаў,  паказвайце сваім выбаршчыкам, што вы самавітыя, годныя і здольныя спыніць культурную, духоўную дэградацыю беларусаў з-за ўпартага  навязвання ім чужых культурна-моўных стандартаў. Спыніце “мірную” спробу адабраць у беларусаў права на сваю нацыянальна-моўную культуру і дзяржаўны суверэнітэт”.

Кранаюць такія словы паважаных навукоўцаў:

“Хворыя на нацыянальны нігілізм людзі абыякавыя да ўсяго. Іх у аднолькавай ступені не цікавяць ні нацыянальная культура і мова, ні прыгажосць роднай прыроды, ні стан эканомікі краіны, яе экалогія і г.д. З хворай нацыянальнай свядомасцю чалавек без усялякага роздуму ідзе на здзяйсненне любога злачынства, бо ён не жыве інтарэсамі свайго народа. Усяго гэтага ніколі не дазволіць сабе чалавек, прасякнуты карэннымі нацыянальнымі інтарэсамі Бацькаўшчыны”.

Леанід Лыч і Мікола Савіцкі лічаць, што “сваёй заганнай нацыянальнай палітыкай улады, можна беспамылкова сцвярджаць, ужо прывялі беларускую мову на ГАЛГОФУ. Галоўнае, адметнае, самабытнае, самае дарагое багацце народа  Рэспублікі Беларусь, якое толькі і дае яму права называцца беларусамі, бязлітасна раскрыжавана”.

Яны спадзяюцца, што сярод дэпутатаў знойдуцца асобы, якія “не пабаяцца даць бой дзяржаўнай культурна-моўнай палітыцы, якая не адпавядае карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны, паказаць, што яна вядзе не толькі да  поўнага размывання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, але і да страты палітычнага суверэнітэту краіны”.

Аўтары звароту нагадалі некаторыя факты з гісторыі нашай шматпакутнай зямлі, маўляў, вы, сённяшнія дэпутаты, бярыце прыклад з тых палітыкаў-патрыётаў, якія гатовы былі прыняць нават смерць, каб толькі родны край не стаў жаданай здабычай для чужой дзяржавы. “Згадаем пра гераічны вычын пасла ад Наваградскага ваяводства Тадэвуша Рэйтана, які мужна супраціўляўся спробам вальнага Сойма Рэчы Паспалітай зацвердзіць здрадніцкі акт аб першым  падзеле Рэчы Паспалітай (1772 г.), у выніку якога значная частка беларускай зямлі перайшла  царскай Расіі. Дамагчыся такога жаданага выніку не ўдалося паслу-патрыёту. Тады ён, каб перашкодзіць сваім калегам пакінуць залу пасяджэнняў, лёг крыжам ля дзвярэй і на ўвесь голас закрычаў: “Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!” А меў жа ён тады трохі больш за 30 гадоў! А колькі сапраўдных беларускіх нацыянальных герояў, прычым высокаадукаваных для свайго часу, улілося і самаахвярна змагалася ў 1863–1864 гадах у шэрагах нацыянальна-вызвольнага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім! Сёння нам вельмі патрэбны такія нацыянальныя героі-патрыёты, без якіх нельга разлічваць на поспех нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, захаванне дзяржаўнага суверэнітэту яго Бацькаўшчыны”, – вось вытрымка са звароту прафесараў Л.Лыча і М.Савіцкага.

На іх думку, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў  неабходна:

а) аднавіць дзейнасць гістарычных законаў, прынятых да ўсталявання прэзідэнцкай сістэмы кіравання (Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі “Аб мовах у Беларускай ССР” (26 студзеня 1990 года), Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Беларускай ССР “Аб мовах у Беларускай ССР” (26 студзеня 1990 года) і Закон “Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР”(26 студзеня 1990 года);

б) альбо ў бліжэйшы час прыняць новы закон аб адзінай дзяржаўнай мове – беларускай. У Расійскай Федэрацыі, ва ўсіх створаных на постсавецкай прасторы краінах дзяржаўнай мовай з’яўляецца толькі мова карэннага этнасу;

в) праводзіць пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў на роднай беларускай мове – першай дзяржаўнай паводле дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

г) прыняць заканадаўчы акт аб стварэнні ўласнага тэлеканала Палаты прадстаўнікоў ці вызначыць хоць бы гадзіны для трансляцыі пасяджэнняў на існуючых тэлеканалах, каб павысіць аўтарытэт заканадаўчай улады, выхаваць у народа павагу да дэпутатаў, да палітычнай сістэмы ў цэлым.

Цікава, ці пачуюць шаноўных прафесараў Леаніда Лыча і Міколу Савіцкага парламентарыі? Ці ў чарговы раз іх палымяныя словы застануцца пустым гукам?

Аўтар: Тамара КУЖЭЛЬ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".