Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 1 снежня 2016
13
Памер шрыфта

Гісторыя праваабаронцы Тамары Сяргей, якую ў дзень інаўгурацыі А.Лукашэнкі 6 лістапада мінулага года затрымалі па лжывым абвінавачанні ў рабаванні, атрымала працяг.

Пра гэтую дзікую сітуацыю “Народная Воля” пісала неаднойчы і з усімі падрабязнасцямі. Сутнасць яе такая. Раніцай 6 лістапада 2015 года Тамара Сяргей і актывісты грамадскай ініцыятывы “Супраць беззаконнасці ў пракуратуры і судах” збіраліся з мінскага чыгуначнага вакзала ехаць да Палаца Незалежнасці, каб расцягнуць плакаты падчас з’яўлення там Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Тамару Сяргей затрымала на вакзале міліцыя. Падпалкоўнік Сяргей Гаркавы і старшы прапаршчык Сяргей Махнач патлумачылі праваабаронцы, што паступіла заява ад нейкай грамадзянкі Тарасавай, што Тамара адкрыта скрала ў яе 300 долараў каля абменнага пункта на трэцім паверсе вакзала. Сяргей на той паверх нават і не падымалася, але 4 гадзіны мусіла правесці ў пастарунку, дзе яе дапрасілі, абшукалі і, не складаючы ніякіх пратаколаў, адпусцілі.

Тамара Сяргей для сябе вырашыла гэтую сітуацыю проста так не пакідаць. Спачатку пачала пісаць скаргі аб незаконным затрыманні. Звярталася і да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, і да генпракурора Аляксандра Канюка. У рэшце рэшт займацца праверкай па яе лістах даручалі тым, хто яе затрымліваў. Не дзіва, што правяраючыя ў дзеяннях супрацоўнікаў унутраных спраў парушэнняў заканадаўства не знайшлі. Тады Сяргей запатрабавала правесці праверку і ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да грамадзянкі Тарасавай, якая, упэўнена праваабаронца, узвяла на яе паклёп і павінна за гэта адказваць па законе. І вось тут высветліліся цікавыя падрабязнасці.

Аказваецца, што ніхто пісьмовай заявы ад грамадзянкі Тарасавай не прымаў, пашпартных дадзеных не браў і яна, згодна з даведкай з адрасна-даведачнага бюро, у Рэспубліцы Беларусь не значыцца”. Далей–болей. У афіцыйных адказах праваахоўнікі пісалі, што грамадзянка, якая назвала сябе Тарасавай, магла добрасумленна памыляцца” і таму ў яе дзеяннях “адсутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт.400 КК Рэспублікі Беларусь (заведама лжывы данос)”.

Тое, што шукаць паклёпніцу ніхто не стаў, праваабаронцу не здзівіла. Тамара Сяргей звярнула ўвагу на іншую акалічнасць: “Мяне затрымліваў не зялёны юнак, а падпалкоўнік Сяргей Гаркавы. Чаму ён паверыў словам нейкай дзяўчыны, па выглядзе алкагалічкі? Чаму не запатрабаваў у яе пашпарт, не запісаў дадзеныя, у рэшце рэшт не высветліў, хто яна такая, дзе жыве, а ўзяў і адпусціў? – справядліва ставіла пытанні праваабаронца. – Паводле нашых законаў, заява прымаецца толькі ў пісьмовай форме і чалавека абавязкова папярэджваюць пра адказнасць за лжывы данос. Ананімныя звароты не прымаюцца да разгляду, і тым больш па ананімках, калі гэта не паведамленне аб выбуху або тэракце, не праводзяцца працэсуальныя дзеянні. Што гэта за міліцыя такая, якая не ведае законы?! Што за падпалкоўнікі такія непісьменныя?!”

Адным словам, адказ з ГУУС Мінгарвыканкама Тамару Сяргей не задаволіў, і яна звярнулася ў пракуратуру Мінска са скаргай, у якой прасіла “правесці праверку не толькі ў дачыненні да Тарасавай Т.Н., але і ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне затрымалі па заяве неўсталяванай асобы, а затым абшукалі і дагледзелі”.

І вось нядаўна Сяргей атрымала адказ з пракуратуры. Ранейшая пастанова, у якой сцвярджалася, што ў дзеяннях міліцыянераў Гаркавага і Махнача парушэнняў заканадаўства няма, адменена. Па заяве Сяргей пракуратурай горада дадзены ўказанні начальніку ГУУС Мінгарвыканкама правесці дадатковую праверку.

Я вельмі хацела б, каб былі пакараны супрацоўнікі міліцыі, – кажа Тамара Сяргей. –  Каб іншым не было панадна. І я буду гэтую сітуацыю даводзіць да лагічнага канца. А менавіта – дамагацца прыцягнення да адказнасці падпалкоўніка Гаркавага. Калі мяне затрымлівалі, я яму казала: «Я не проста грамадзянка, я юрыст, праваабаронца. Я – публічны чалавек. І вам усё тое беззаконне, што вы чыніце, проста так з рук не сыдзе». На што ён заўважыў: «Я заўсёды гатовы адказваць за свае дзеянні!» Вось хай і адказвае. Калі трэба будзе звяртацца ў суд, падам заяву і туды”.

Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў