Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 20 чэрвеня 2017
35
Памер шрыфта

Гомельскага блогера Максіма Філіповіча зноў збіраюцца судзіць – гэтым разам за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ. Тамтэйшыя міліцыянты напісалі ў рапарце, што “з улікам росту папулярнасці свайго канала Філіповіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўныя СМІ, у тым ліку па фарміраванні грамадскай думкі сярод грамадзян Беларусі”.

Смеху варта, што дзеячы ў пагонах не ведаюць нашай жа Канстытуцыі, якая забараняе манапалізацыю СМІ і гарантуе кожнаму свабоду выказвання меркаванняў. Пэўна, у міліцыі перакананы, што ўплываць на грамадскую думку дазволена толькі казённым медыям ды прапагандыстам. Між тым у многіх замежных краінах увогуле няма дзяржаўнай прэсы, і там паліцыянты, дзякуй богу, займаюцца сваёй справай – ахоўваюць спакой грамадзян, а не падмяняюць ідэалагічных цэрбераў.

Ставячы ж асобна ўзятага блогера на адну роўніцу са СМІ, нядоўга дакаціцца да поўнага абсурду. Гэтак можна прысцябацца да любога абывацеля, што посціць коцікаў у сацыяльных сетках, калі гэтыя фоты збіраюць багата ўпадабанняў-лайкаў.

Але ж коцікі ўладу не чапляюць. А вось блогер Філіповіч (і не толькі ён) зачапіў сваім асвятленнем “дармаедскіх” пратэстаў у лютым–сакавіку. Ён ужо адседзеў некалькі разоў “на сутках”, і чарговая справа выглядае працягам помсты. Падобным чынам у сакавіку трапілі пад раздачу брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Дзмітрый Гарбуноў.

Зазначу, што сам артыкул КаАП пра незаконны выраб прадукцыі СМІ выглядае сумнеўным, бо паводле ратыфікаванага Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожнаму гарантуецца свабода “шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк або мастацкія формы выражэння, ці іншымі спосабамі на свой выбар”.

Але ж калі гаворка ідзе пра адлюстраванне гарачых палітычных падзей, то беларускім уладам начхаць і на міжнароднае права, і на айчынную Канстытуцыю. Пачынаецца вакханалія паліцэйскага гвалту. І тады ўжо не разбіраюць, блогер ты ці прафесійны журналіст, акрэдытаваны ці не. На працягу сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці, у тым ліку 94 затрыманні і 6 фактаў ужывання гвалту з боку міліцыі. Былі і штрафы, і ператрусы, і пасадкі на суткі.

І найперш хапалі тых, хто вёў анлайны з вулічных акцый пратэсту супраць дэкрэта №3, у тым ліку акрэдытаваных карэспандэнтаў замежных СМІ – напрыклад, Галіну Абакунчык з Радыё Свабода ў Оршы. Пазней міністр інфармацыі Лілія Ананіч зазначыла з нагоды тых інцыдэнтаў, што “ў журналіста няма права быць актыўным удзельнікам канфліктных сітуацый”, медыі не мусяць выступаць у такіх выпадках “каталізатарамі”.

Але ж выбачайце, спадарыня Ананіч, ёсць законы жанру! Вядоўца анлайну не можа стаяць як слуп. Натуральна, што ён бярэ інтэрв’ю, і людзі кажуць усё, што думаюць пра ўладу. Так, гэта не адфільтраваныя меркаванні, як на дзяржаўным тэлебачанні. Вось гэтая рэальная свабода слова – у жывым эфіры, у інтэрнэце, калі яе цяжка кантраляваць, цэнзураваць, – асабліва нервуе, чапляе сёння рознага кшталту цэрбераў. Для іх стаў выклікам тэхнічны прагрэс у галіне СМІ, калі журналісты і блогеры дэманструюць у рэжыме рэальнага часу нават уласныя затрыманні.

Заўважце: рэжым збольшага прыдушыў друкаваную прэсу. Сёння можна зрабіць нават нібыта шырокі жэст – вярнуць колькі там незалежных газет у сеткі распаўсюду, тым больш што гэта паабяцаў сам прэзідэнт падчас сустрэчы з галоўным рэдактарам “Народнай Волі”. Але ж за 11 гадоў пасля выкідання з распаўсюду частка тых газет сканала. Іншыя мусілі перайсці ў Сеціва. Так што цяпер улады з імпэтам узяліся за здушэнне сеціўнай свабоды слова, асабліва ў звязку з сацыяльна-палітычнымі хваляваннямі.

Дарэчы, гомельскія міліцыянты ў сваёй трывозе, што ўплыў дзяржаўных СМІ падточваецца, маюць рацыю. Вынікі апытання, праведзенага ў сакавіку-красавіку Беларускай аналітычнай майстэрняй, кіруемай вядомым сацыёлагам Вардамацкім і зарэгістраванай у Варшаве, засведчылі, што беларускія дзяржаўныя медыі сапраўды страчваюць давер грамадства пры росце даверу да недзяржаўнай прэсы (апошняй цалкам або часткова давярае 73% беларусаў). Мяркую, што гэта наўпрост звязана з асвятленнем пратэстаў “дармаедаў”, калі падначаленыя вертыкалі медыі адмоўчваліся ці палівалі брудам “пятую калону”, а незалежныя СМІ і тыя ж блогеры праўдзіва распавядалі пра хвалю абурэння недарэчным дэкрэтам і ўвогуле тупіковай палітыкай вярхоў.

На жаль, улады не маюць адказу на эканамічныя выклікі, і гэта яшчэ больш нервуе цэрбераў рознага калібру. А іх інструментарый вядомы – хапун, забароны. І потым яшчэ дзівяцца, што беларускі рэжым стабільна трапляе ў ворагі прэсы, інтэрнэту

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ – спецыяльна для “Народнай Волі” 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным